драпежная млекакормячая жывёла сям. каціных. Пашыраны ў Афрыцы (няма толькі ў Сахары), у Малой, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жыве ў глухіх трапічных, субтрапічных і мяшаных лясах, на горных схілах і раўнінах, у саваннах, зарасніках па берагах рэк.
Даўж. цела да 180 см, хваста да 110 см, маса звычайна 32—40, зрэдку да 100 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела выцягнутае, ногі кароткія. Поўсць густая, пушыстая. Афарбоўка жоўтая або рыжая з чорнымі плямамі. Нараджае 1—3 дзіцянят. Корміцца пераважна капытнымі, а таксама птушкамі і грызунамі. Ахоўваецца. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЎНЫ́Я ДУ́ГІ,
дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́Н (Gratiola),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,
устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл.Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗОЛЬТЭРАПІ́Я,
метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні прыродных і штучных аэразоляў, у склад якіх уваходзяць рэчывы з лек. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры лячэнні органаў дыхання, мясцова — пры захворваннях скуры, поласці рота, гінекалагічных і інш. хваробах. Прыродныя аэразолі эфектыўныя на прыморскіх курортах, дзе ў паветры павялічаная колькасць ёду, брому, марскіх соляў; у мясцовасцях, дзе паветра насычана фітанцыдамі, прыроднымі араматычнымі злучэннямі і інш. выдзяленнямі хвойных, эўкаліптавых і інш. раслін, а таксама ў падземных салявых выпрацоўках. У штучных умовах аснову аэразольтэрапіі складае ўдыханне распыленых у паветры настояў (гл.Інгаляцыя) або інш. спосаб выкарыстання траў, антыбіётыкаў, гармонаў і інш.лек. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТО́ (Агнія Львоўна) (17.2.1906, Масква — 1.4.1981),
руская пісьменніца. Пісала пераважна для дзяцей. Зб. вершаў «Браткі» (1928), «Хлопчык наадварот» (1934), «Лялькі» (1936), «Снягір» (1939), «Вершы дзецям» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Я расту» (1968), «За кветкамі ў зімовы лес» (1970; Ленінская прэмія 1972) і інш. Яе вершы адметныя мяккім гумарам, яснасцю мовы. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Падкідыш» (1939), «Алёша Пціцын выпрацоўвае характар» (1958), празаічных твораў «Знайсці чалавека» (1969, пра пошукі сем’яў дзяцей, што згубіліся ў Вял.Айч. вайну), «Запіскі дзіцячага паэта» (1976). На бел. мову вершы Барто перакладалі Э.Агняцвет, В.Вітка, А.Вольскі, К.Шавель і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл.пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Брэсцкім раёне, у бас. Серадовай Рэчкі, за 30 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,5 км², даўж. 1,03 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 21,5 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 140 км².
Схілы катлавіны невысокія, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, з паўн. боку сплавінныя. Дно да глыб. 2 м складзена з заглееных пяскоў, глыбей — сапрапелістае. Слаба зарастае, пераважна ў паўн. і паўд.-ўсх. частках; шыр. паласы расліннасці 5—10 м. Каналамі злучана з азёрамі Рагазнянскае і Чорнае. Каля возера зона адпачынку, курорт і турбаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ТНІК»,
газета. Выдавалася з чэрв. 1943 да ліст. 1944 у Берліне на бел. мове пад кантролем герм. улад. Была разлічана на беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова вывезены на работы ў Германію. Газету курыравалі Беларускае прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газ.«Раніца». Распаўсюджвалася пераважна ў тых рэгіёнах, дзе былі значныя кантынгенты выхадцаў з Беларусі. Асноўны змест: агляды міжнар. жыцця, сусветная хроніка, матэрыялы навук.-папулярнага характару, вершы і проза бел. аўтараў, артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі і інш. Частку матэрыялаў запазычвала з інш.бел.акупац. газет. Выйшаў не менш як 41 нумар.