род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІЗБЕ́НЫ (Amphisbaenia),
падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).
Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,
заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц.назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫСТРА́НКА (Alburnoides bipunctatus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас.Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (A. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.
Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРЫКЛАДНЫ́Я ВІ́ДЫ СПО́РТУ,
агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЎКАВЫСКЦЭМЕНТНАШЫФЕР»,
арэнднае прадпрыемства ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Створана ў 1914 як Краснасельскі цэментны з-д, які быў адным з буйнейшых у Расіі. У сав. час рэканструяваны, з 1973 Ваўкавыскі цэментны з-д «Перамога» — галаўное прадпрыемства ВА «Ваўкавыскцэментнашыфер». З 1990 сучасная назва. Уключае з-д азбестацэментавых вырабаў (працуе з 1972), вапнавы з-д (з 1973), «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987) і кар’ераўпраўленне (з 1988). Працуе на мясц. цэментных глінах і меле, азбест пастаўляюць прадпрыемствы Расіі. Асн. прадукцыя (1996): партландцэмент розных марак, шлакапартландцэмент, вапна для буд-ва, азбестацэментавыя лісты (шыфер) і трубы, грануляваны кармавы мел і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛД, Фелд,
назва плато ў Паўд. Афрыцы, укрытых ксерафітнай злакавай і хмызняковай расліннасцю. Вылучаюць: Высокі Велд (выш. 1200—2000 м) — паміж рэкамі Аранжавая і Вааль; Сярэдні Велд (выш. 1000—1500 м) — паміж вусцем р. Вааль і вярхоўямі р. Оліфанто; Хмызняковы Велд (выш. каля 900 м) — на Пн ад Прэторыі; Нізкі Велд (выш. 300—800 м) — паміж Хмызняковым Велдам і р. Лімпопа. Зніжаюцца плато на У ступенямі (ад 1800 да 300 м) ад плато Басута ў Драконавых гарах да ўпадзіны Калахары. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, крышт. парод. Клімат трапічны пустынны. Участкі саваннаў. Радовішчы алмазаў, золата, урану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯВО́ЛЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняга неаліту, якія ў сярэдзіне 5-га — апошняй чвэрці 4-га тыс. да н.э. жылі ў Волга-Окскім міжрэччы. Назва ад месца адкрыцця культуры ў вярхоўях р. Волга. Насельніцтва жыло на стаянках па берагах рэк і азёр у буданападобных жытлах, займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Вырабляла гаршкі з вострым і закругленым, кубкі — з пляскатым донцам. Знойдзены гліняныя дыскі, на адным з якіх выява галавы аленя. Шэрагам рысаў кераміка Верхняволжскай культуры блізкая да найб. ранняга посуду бабінавіцкага тыпу помнікаў (Віцебшчына), помнікаў у вярхоўях Друці і на З Смаленшчыны. Магчыма, была асновай узнікнення льялаўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ МАГО́ЛЫ,
дынастыя правіцеляў у Індыі ў 1526—1858. Засн.Бабурам
[1526—30],
які паходзіў з Магалістана (адсюль назва «Маголы», Вялікімі Маголамі іх называлі еўрап. падарожнікі 17 ст.) і ўтварыў дзяржаву Магольская імперыя. Найб. значныя прадстаўнікі: Акбар [1556—1605], Джахангір [1605—27], Шах-Джахан [1627—58], Аўрангзеб [1658—1707]. Дзяржава Вялікіх Маголаў была цэнтралізаванай феад. манархіяй. У 17 ст. займала б.ч. Індыі і Паўд.-Усх. Афганістан. Пасля смерці Аўрангзеба (1707) распалася на шэраг асобных дзяржаў, і Вялікія Маголы валодалі фактычна толькі г. Дэлі і суседнімі раёнамі. У 1803 Дэлі захапілі англічане. Фармальна Вялікімі Маголамі лічыліся правіцелямі Індыі да скасавання дынастыі ў 1858 англ. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ЛІ,
зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.
Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.