АНТА́РЫО

(Ontario),

правінцыя на Пд Канады. Пл. 1068,6 тыс. км², нас. 10,085 млн. чал. (1991), каля 35% насельніцтва краіны. Адм. цэнтр — г. Таронта [635,4 тыс. чал., у агламерацыі Вял. Таронта 3,9 млн. чал. (1991)]; на тэр. Антарыо знаходзіцца сталіца Канады г. Атава. Буйныя гарады: Гамільтан, Уінсар, Кітчэнер з Ватэрлоо, Лондан. Найб. урбанізаваная правінцыя, гар. насельніцтва каля 82%. На б. ч. тэр. Лаўрэнційскае ўзвышша (выш. да 646 м), на Пн — нізіны Гудзонава заліва, на Пдч. Цэнтральных раўнін. Клімат умераны, т-ра студз. ад -4 да -14 °C, ліп. 15—23 °C, ападкаў 370—1000 мм за год. Рачная сетка густая, на Пд Вял. азёры, на Пн Гудзонаў заліў. Антарыо дае каля 50% прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны і каля 25% горназдабыўной. Асн. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, аўтамабілебудаванне, нафтахім. і нафтаперапр., электратэхн., цэлюлозна-папяровая, харч. і харчасмакавая; расшыраецца прам-сць высокіх тэхналогій. Здабываюць нікель (1-е месца ў краіне), уран, жал. руды, цынк, медзь, золата, серабро і інш. Антарыо — вядучая правінцыя па вытв-сці электраэнергіі: каля 35% даюць АЭС, 34% — ГЭС, 30% — ЦЭС. Інтэнсіўная сельская гаспадарка з малочнай жывёлагадоўляй, свінагадоўляй і агародніцтвам, вырошчваюць сою, кукурузу, тытунь, садавіну і вінаград. На Пд Антарыо — самая густая ў краіне трансп. сетка, міжнар. аэрапорты.

З.М.Шуканава.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ, Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State),

правінцыя ў цэнтр. ч. Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс. км², нас. 1,8 млн. чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц.г. Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.

Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦТЭ́КІ

(саманазва астэка),

самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн. чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкащ, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн. чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.Картэсам.

Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст. Асн. манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв. каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў 1802—1924 на тэр. сучасных Беларусі, Расіі, Латвіі. Утворана 11.3.1802 у выніку скасавання Беларускай губерні і падзелу яе тэр. на Магілёўскую губерню і Віцебскую губерню. Цэнтр — г. Віцебск. Увайшла ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Падзялялася на 12 паветаў: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі (скасаваны ў 1866). Паводле перапісу 1897 пл. 386,5 тыс. кв. вёрст, нас. 1489,2 тыс. чал., у т. л. 788 599 чал. беларусаў. Паводле веравызнання: праваслаўных 825 524, католікаў 356 939, іудзеяў 175 586 чал., старавераў 82 968, лютэран 46 139. З 7.11.1917 Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці РСФСР, у студз.лют. 1919 у БССР, потым у РСФСР. У сувязі з утварэннем Гомельскай губерні (крас. 1919) у Віцебскую губерню перададзены Сенненскі пав. Магілёўскай губ. (ліп. 1919) і Аршанскі пав. Гомельскай губ. (ліст. 1920). Паводле мірнага дагавора РСФСР з Латвіяй ад 11.8.1920 Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі пав. адышлі да Латвіі. У лют. 1923 у сувязі з узбуйненнем паветаў скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав.; Лепельскі пав. перайменаваны ў Бачэйкаўскі. 10.3.1924 у сувязі з узбуйненнем БССР Віцебская губерня скасавана. Аршанскі, Бачэйкаўскі, Віцебскі, Полацкі пав. ўвайшлі ў БССР, а Веліжскі, Невельскі, Себежскі пав. — у Пскоўскую губ. РСФСР.

А.М.Філатава.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБ

(Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (С. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (С. caroliniana), каўказскі (С. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (С. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Або́йма ’аб’ём, ахват’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., КТС), рус. обойма ’тс’, укр. обійми ’абдыманні’ да ob‑jęti, ob(о)‑imǫ. Гл. мець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адпачы́нак, ст.-бел. отпочинок (1557) (Нас. гіст.) < польск. odpoczynek. (Суфікс ‑ынак пад польскім уплывам — гл. Карскі 2-3, 36) (Мартынаў, SlW, 68).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ажна́ ’нават, так што’ (Бяльк.), ажно (БРС, Гарэц., Нас., КЭС, Бяльк., Мал.) да а‑же‑но: Карскі 2-3, 97. Гл. аж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Алья́с (БРС), альясавы, аліос ’тс’ (Нас.), ст.-бел. алое, алоес (кан. XV ст.) (Булыка, Запазыч.) < польск. aloes < с.-лац. aloes. Гл. алівэс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргама́ка ’гультай, п’яніца’, аргама́чыць ’буяніць, п’янстваваць’ (Нас.). Рус. аргамак ’няўклюда’. Пераноснае ўжыванне — ад аргамак ’конь’ (гл.) падобнае да пераноснага огір, вогір, жарабец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)