жу́дасны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху, чаго‑н. непрыемнага, пакутлівага, жахлівага. Злыя хутарскія сабакі пераклікаліся заядлым брэхам, жудасным і трывожным. Колас. Трэба было думаць аб начлезе. Наперадзе — васемнаццаць гадзін ночы, марознай, жудаснай. Шамякін.

2. перан. Надзвычайна вялікі, вельмі моцны. У тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

1. Цякучая сумесь вадкіх і цвёрдых рэчываў. Гнаявая жыжка. □ Да раніцы ад прыгожай белі не засталося і следу — усё было пакрыта брудна-шэрай жыжкай з гразі і снегу. Васілёнак.

2. Вадкая частка стравы. Джвучка боўтаецца лыжкай у халадніку — ловіць агуркі; сёрбае праз зубы жыжку. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мнагасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які выказвае або ў якім выказаны думкі празмерная колькасцю слоў. Мнагаслоўная справаздача. Мнагаслоўны артыкул. □ Дзядзька.. пісаў жонцы такія ласкавыя і мнагаслоўныя пісьмы, па якіх можна было падумаць, што ён вялікі гаварун. Сіпакоў. // Які многа гаворыць. Звычайна маўклівая, .. [гаспадыня] зрабілася надта мнагаслоўнай і ўсё гаварыла пра свае няшчасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мястэ́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

Уст. Вялікае сяло з некаторымі прыкметамі горада; пасёлак гарадскога тыпу. З высокага берага, па якім стаіць наша мястэчка, відаць было ўсё залітае вадой наваколле. Ермаловіч. Аляксей адразу ўспомніў невялікае мястэчка. Асабліва выразна чамусьці прыгадалася брукаваная плошча з новым будынкам.. школы і паўразбураным касцёлам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да накрапаць.

2. Падаць рэдкімі кроплямі (пра дождж). А дождж то сціхне, то накрапвае, То сыпане, як з поўнай жмені. Хведаровіч. / у безас. ужыв. Ціха, амаль непрыкметна, пачало накрапваць, але шуму дажджу не было чуваць, бо яго глушыў няўціхны гул рачных хваль. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.

1. Набыць шляхам абмену нейкую колькасць чаго‑н. Намяняць марак. □ З хаты памянялі на яду ўсё, што можна было памяняць. Цяпер трэба рабіць нейкі абарот.. Ніна прыкідвае, колькі яна можа намяняць за тое, што ў торбе. Арабей.

2. Разменьваючы, набыць якую‑н. колькасць дробных грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́льніцтва, ‑а, ж.

Сукупнасць жыхароў на ўсёй Зямлі, на кантыненце, у краіне, горадзе і пад. Насельніцтва Беларусі. Шчыльнасць насельніцтва. Гарадское насельніцтва. // Разм. Людзі, якія жывуць у адным якім‑н. месцы. Насельніцтва двара пана Тарбецкага было вельмі разнастайнае. Колас. // перан. Пра жывёл, птушак, рыб, якія жывуць у адным месцы. Насельніцтва лесу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неаба́члівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае неразважліва, не думае аб выніках. Аўтар часам бывае неабачлівы, калі.. раптам адмаўляецца ад катэгарычнасці ранейшых сцвярджэнняў. «Полымя». // Пазбаўлены абачлівасці; неасцярожны, неабдуманы. Неабачлівы ўчынак. □ Лёгка было аступіцца, паляцець у бездань. Але нешта ўсё-такі ўтрымала хлопца ад неабачлівага кроку. Сабаленка.

2. Няўважлівы, нячулы. Неабачлівыя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нестраявы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны з нясеннем ваеннай службы не ў страі. Нестраявая часць. □ Было відно, што падпалкоўнік нестраявы камандзір і не свой чалавек тут, а госць. Шамякін.

2. у знач. наз. нестраявы́, ‑ога, м. Тое, што і нестраявік.

нестраявы́ 2, ‑ая, ‑ое.

У выразе: нестраявы лес гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нецярпі́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што нельга цярпець; недапушчальны. Нецярпімае становішча.

2. Які не можа па сваёй натуры мірыцца з кім‑, чым‑н., прызнаваць, цярпець каго‑, што‑н. Асабліва нецярпімы да моўнай неахайнасці быў К. Чорны. Пшыркоў. // Які вызначаецца нецярпімасцю. З Барбосам зладу не было, — Задзёрысты ён быў і нецярпімы. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)