ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ВЫЛІЧА́ЛЬНЫ ЦЭНТР,
установа ці яе арганізацыйнае падраздзяленне для збору, назапашвання, апрацоўкі, захавання, пошуку і перадачы інфармацыі, забяспечанае тэлекамунікацыямі і ЭВМ. Выкарыстоўваецца ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання, вытв-сці, навуцы, медыцыне, транспарце і інш.
І.-в.ц. маюць супер-, міні- і мікраЭВМ, аб’яднаныя ў лакальныя камп’ютэрныя сеткі, а таксама сродкі і метады для апрацоўкі вял. масіваў даных, доступу да розных інфарм. сістэм і рэгіянальных (тэрытарыяльных) і глабальных сетак (напр., да Інтэрнета). Адрозніваюцца складам абсталявання. характарам вырашальных задач, узроўнем аўтаматызацыі і інш.
На Беларусі распрацоўку і ўкараненне інфарм. тэхналогій і інфарм. забеспячэнне ўстаноў Нац.АН праводзіць навук.-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» ў складзе н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» Нац.АН. Гл. таксама Вылічальная сістэма, Вылічальны цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕНКА (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 15.12.1928, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1974). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у 1964—92 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю першабытнаабшчыннага ладу, гідраніміку. Адкрыў на тэр.Бел. Палесся больш за 300, даследаваў 14 стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997). З 1993 займаецца вывучэннем гісторыі Вял.Айч. вайны на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЦКІЯ СЯЛЯ́НЕ, «гарадскія» сяляне,
катэгорыя сельскага феад.-залежнага насельніцтва, прыпісанага да маёнткаў, што належалі гарадам; існавала ў 15—19 ст. пераважна ў зах. частцы Беларусі. Гарадское землеўладанне склалася ў 15—16 ст. шляхам куплі магістратамі маёнткаў у прыватных асоб, што пацвярджалася прывілеямі вял.кн.ВКЛ. Такія правы атрымалі Брэст (1408), Гродна (1502 і 1506) і інш. У 1611 сейм Рэчы Паспалітай забараніў гарадам набываць маёнткі, М.с. атрымлівалі ў карыстанне зямлю і адбывалі за гэта паншчыну ці плацілі аброк. У 19 ст. некаторыя гар. думы прыцягвалі іх да выканання грамадскіх павіннасцей па прыбіранні вуліц, рамонце мастоў і інш. Пасля 6-й рэвізіі (1811) сяляне гар. вёсак абкладаліся падушным падаткам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
адзін з метадаў дэфектаскапіі, заснаваны на рэгістрацыі магнітных палёў рассеяння на дэфектах або на выяўленні магн. уласцівасцей вырабаў, якія даследуюцца. Ажыццяўляецца з дапамогай магн.дэфектаскопаў, што ствараюць магн. палі вял. напружанасці і маюць прыстасаванні для размагнічвання вырабаў. Выкарыстоўваецца ў розных галінах прам-сці.
У зонах дэфектаў (трэшчын, немагн. уключэнняў і інш.) рэзка змяняюцца параметры магн. поля рассеяння, што фіксуецца рознымі метадамі: магнітна-парашковым (часцінкі магн. парашку або суспензіі асядаюць на краях дэфекту), магнітна-люмінесцэнтным (часцінкі парашку з люмінафорамі свецяцца пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў), феразондавым (магнітна адчувальнымі феразондамі вымяраюць слабыя магн. палі або іх градыенты), магнітаграфічным (прыкладзеная да вырабу магн. стужка намагнічваецца ў рознай ступені ў дэфектных і бездэфектных зонах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗГАВЫ́Я АБАЛО́НКІ,
злучальнатканкавыя плевачныя мембраны, якія пакрываюць галаўны мозг і спінны мозг у пазваночных жывёл і чалавека. Аднаслойную першасную М.а. маюць рыбы. У наземных пазваночных М.а. дыферэнцыруецца на цвёрдую (вонкавую) і мяккую (унутр.); мяккая падзяляецца на павуцінную і сасудзістую. Цвёрдая М.а. высцілае ўнутр. паверхню чэрапа і пазваночнага канала, утварае вянозныя сінусы, якія служаць для адцёку вянознай крыві ад галаўнога мозга. Павуцінная М.а. ў поласці чэрапа прылягае да паверхні звілін кары вял. паўшар’яў. Сасудзістая М.а. непасрэдна пакрывае паверхню галаўнога і спіннога мозга, шчыльна злучана з ёю, багатая крывяноснымі сасудамі, якія забяспечваюць мозг і служаць для ўсмоктвання спіннамазгавой вадкасці (ліквара). Разам з павуціннай абалонкай утварае сасудзістыя спляценні жалудачкаў мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1948, адкрыты ў 1949 у г. Мазыр Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 273,2 м², каля 23 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў жаночыя ўпрыгожанні бронзавага веку, амфара 12 ст., кафля і посуд 16—18 ст. з археал. помнікаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, пра дзейнасць падполля і партыз. руху на Мазыршчыне ў Вял.Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза М.У.Барысава, М.П.Катлаўца, М.В.Мураўёва, пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, гасп. і культ. жыццё ў пасляваен. час. Аб’ядноўвае музеі дэкар.-прыкладнога мастацтва кераміста М.М.Пушкара, прыроды і археалогіі і «Палеская веда», цэнтр рамёстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЦЫ́ (Ceratopogonidae),
сямейства даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных і тундравых зон. М.-крывасмокі, што жывуць у тайзе, — адзін з кампанентаў гнюсу. Часовыя эктапаразіты і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (анхацэркозаў, тулярэміі, філярыятозаў, гемаспарыдыёзу, японскага энцэфаліту і інш.). Расліннаедныя М. — апыляльнікі раслін. На Беларусі 28 відаў М.-крывасмокаў з роду Culicoides. Найб. трапляюцца М. аперанакрылы (C. fascipennis), М. звычайны (C. obsoletus), М. пякучы (C. pulicaris). Жывуць у забалочаных мясцінах і вільготных лясах.
Даўж. цела да 4 мм. Крылы плямістыя або бясколерныя. Вочы вял., вусікі 13—14-членікавыя. Ротавыя органы ў выглядзе колючага хабатка. Самцы кормяцца нектарам, самкі найчасцей крывасмокі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ШКІН (Сяргей Іванавіч) (15.7. 1888, в. Хамякова Данкоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 22.6.1988),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1905. Зб-кам вершаў «Мускулы» (1918) і «Мяцяжы» (1920) уласцівы публіцыстычнасць, навізна рытмаў. Раманы і аповесці «Запісы Ананія Жмуркіна» (1927), «Дзве вайны і два міры» (кн. 1, 1927), «Сачыненне Яўлампія Завалішына пра народнага камісара і наш час» (1928) і інш. вострасюжэтныя, ахопліваюць жыццё розных слаёў рус. грамадства. Аўтар раманаў пра грамадз. і Вял.Айч. войны: «Дзяўчаты» (1956), «Крылом па зямлі» (1963), «Петраград» (1968), «На поўдзень ад Масквы» (1975), зб.ваен. апавяданняў «Два бронецягнікі» (1958) і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1988;
В поисках юности: (Москва. 1905—1906 гг.): Зап. очевидца. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці цел у розных агрэгатных станах на аснове ўліку іх малекулярнай будовы.
Вывучае мех. (напр., вязкасць, пругкасць) і цеплавыя (напр., цеплаёмістасць, цеплаправоднасць) уласцівасці цел, а таксама фазавыя пераходы і паверхневыя з’явы. Падзяляецца на фізіку газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; цесна звязана са статыстычнай фізікай, фізікай цвёрдага цела і фіз. хіміяй. У развіццё і станаўленне М.ф. вял. ўклад зрабілі А.Авагадра, М.В.Ламаносаў, П.Лаплас, Дж.К.Максвел, М.Смалухоўскі і інш. М.ф. дала пачатак самастойным раздзелам фізікі: фізіцы металаў, фізіцы палімераў, фізіцы плазмы, тэорыі цепла- і масапераносу, фіз.-хім. механіцы. Заканамернасці М.ф. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы тэхнал. працэсаў для атрымання матэрыялаў з зададзенымі фіз. ўласцівасцямі.