ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,

бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял. Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччу асн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),

сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.​У.​Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,

бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бе́гчы, бягу́, бяжы́ш, бяжы́ць; бяжы́м, бежыце́, бягу́ць; бег, -гла; бяжы́; незак.

1. Хутка рухацца, перамяшчацца, рэзка адштурхоўваючыся ад зямлі нагамі.

Б. па вуліцы.

Б. трушком.

2. перан. Імкліва перамяшчацца ў якім-н. напрамку, несупынна цячы патокам.

Кроў бяжыць па жылах.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час, жыццё).

Бягуць гады.

4. Ратавацца ўцёкамі.

Б. з палону.

5. Пашырацца, даносіцца, далятаць, распаўсюджвацца (пра чуткі, звесткі).

Добрая вестка ляжыць, а дрэнная па дарозе бяжыць (прыказка).

Бегма (бягом) бегчы (разм.) — вельмі спяшацца; не ісці, а бегчы.

Бегчы без аглядкі (разм.) — вельмі хутка бегчы.

Бегчы (ісці) куды вочы глядзяць (разм.) — без пэўнага кірунку, не выбіраючы шляху.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раз’е́хацца, -е́дуся, -е́дзешся, -е́дзецца; -е́дзься; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць месца знаходжання, ад’язджаючы ў розныя месцы.

Госці раз’ехаліся па хатах.

2. Перастаць жыць разам (разм.).

3. Праязджаючы па адным шляху насустрач адзін аднаму, размінуцца.

4. Не зачапіць, аб’ехаць адзін аднаго пры сустрэчы.

Машынам цяжка р. на вузкай дарозе.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Слізгаючы па гладкай, коўзкай паверхні, рассунуцца ў розныя бакі.

Ногі раз’ехаліся на лёдзе.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разваліцца ад доўгага ўжытку (разм.).

Табурэтка раз’ехалася.

|| незак. раз’язджа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. раз’е́зд, -у, М -дзе, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адрэ́зак, ‑зка, м.

1. Невялікі адрэзаны кавалак чаго‑н. [Васіль] адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Мележ.

2. Абмежаваная частка чаго‑н. Адрэзак часу. Адрэзак шляху. □ Застава лейтэнанта Усава ў няроўнай барацьбе.. трымала давераны ёй адрэзак граніцы. Брыль.

3. пераважна мн. (адрэ́зкі, ‑аў). Землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў у часе рэформы 1861 г. ў Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вако́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны наўкола. Вакольныя нівы. □ Адсюль добра відны вакольныя вёскі, зялёныя палі з лугамі, лес за сялом. Каваль.

2. Які ляжыць у баку ад самага кароткага шляху, кружны. Ехаць вакольнай дарогай. □ [Мужчыны] выйшлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусціцца на Лог. Гартны.

3. у знач. наз. вако́льнае, ‑ага, н. Навакольнае асяроддзе. У некаторых апавяданнях наглядаецца чулае, індывідуальнае ўспрыманне ўсяго вакольнага. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́ва, прысл.

1. У левы бок; проціл. направа. Паглядзець налева. □ Сава, доўга не думаючы, звярнуў налева і, як птушка, знік на шляху. Пестрак. // На левым баку, з левага боку. Налева пры сцяне відзён быў рог ложка. Чорны. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Налева ад парога стаяў доўгі стол. Пестрак.

2. перан. Разм. Не па прамому назначэнню, незаконна.

•••

Направа і налева гл. направа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.​Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.​Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел. дзярж. музей гісторыі Вял. Айч. Вайны).

Г.​А.​Фатыхава.

Б.Аракчэеў. Хлеб. 1969.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,

групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.​Ганчарова, К.​Малевіч, А.​Маргуноў, В.​Татлін, А.​Фанвізін, М Шагал, А.​Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.

Літ.:

«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)