маніфе́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Урачыстая адозва вярхоўнай улады да народа з выпадку якіх‑н. надзвычайна важных падзей. Маніфест часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі аб утварэнні БССР абнародаваны 1 студзеня 1919 г.

2. Палітычная адозва праграмнага характару. Маніфест Камуністычнай партыі.

3. Пералік прынцыпаў якой‑н. літаратурнай або мастацкай групы ці напрамку. Маніфест футурыстаў.

[Ад лац. manifēstus — яўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаво́р ​1, ‑у, м.

Тайнае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць каго‑, чаго‑н. для дасягнення пэўных мэт, часцей палітычных. Загавор супраць царскай улады. Загавор мяцежнікаў.

загаво́р ​2, ‑у, м.

Тое, што і замова. Паставіла [карову] да сонца галавой І загавор чыніла ад заразы. Купала. — Слабы ты загавор ад зубоў ведаеш, — сумным голасам прамовіў Гешка. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе непасрэднае кіраванне краінай. Савецкі ўрад. Буржуазны ўрад. Рэвалюцыйны ўрад. □ Толькі дзякуючы Саветам удалося ў Расіі тое, што не ўдавалася ні ў адной з еўрапейскіх рэвалюцый, народ вылучыў і даў апору сапраўднаму народнаму ўраду. Ленін. // Члены такога органа. Урад пайшоў у адстаўку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ндэсштат

(ням. Landesstaat)

сістэма саслоўных устаноў дваранства ў Прыбалтыцы ў 17 — пач. 20 ст., якая прадугледжвала аўтаномію памешчыкаў у адносінах да цэнтральнай улады.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ана́рха-сіндыкалі́зм

(ад анархізм + сіндыкалізм)

плынь у рабочым руху, якая адмаўляе неабходнасць дзяржаўнай улады і палітычнай барацьбы, лічыць вышэйшай формай арганізацыі працоўных прафсаюзы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«ВЕСНАХО́Д»,

арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.​Пестрака (Звястун), А.​Салагуба, А.​Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,

вайсковая газета. Выдавалася ў крас. — снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВЫЯ САЦЫЯЛІ́СТЫ,

агульная назва сацыял-дэмакр. і сацыяліст. плыней, партый і груп, кіраўніцтва якіх адмаўляе рэв. прынцыпы марксізму і марксізму-ленінізму (рэв. захоп улады, дыктатуру пралетарыяту, скасаванне прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і інш.) і праводзіць палітыку сац. партнёрства паміж наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі. Гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм, Рэфармізм, Сацыял-дэмакратыя, Сацыялістычны Інтэрнацыянал.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРНА́Ч,

ударная халодная зброя, разнавіднасць булавы. Уяўляў сабой сярэбраную або пазалочаную паліцу ў форме жазла (даўж. да 0,5 м) з пазалочанай галоўкай і ажурнымі гранямі або кольцамі (пярсцёнкамі або пёрамі; адсюль назва). Быў таксама атрыбутам улады военачальнікаў у некат. краінах, у т. л. ў ВКЛ у 15—18 ст.

Суцэльнаметалічны пярнач. Заходняя Еўропа. 16 ст.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перавы́сіць, -вы́шу, -вы́сіш, -вы́сіць; -вы́шаны; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Быць большым па колькасці, памеры, вазе і пад.

Вага спартсмена перавысіла 100 кг.

2. што. Перавыканаць норму, план і пад.

П. норму выпрацоўкі.

3. што. Выйсці за межы дазволенага.

П. свае паўнамоцтвы.

П. хуткасць руху.

4. каго (што). Аказацца лепш за каго-, што-н. у якіх-н. адносінах.

П. усіх сваёй спрытнасцю.

|| незак. перавыша́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. перавышэ́нне, -я, н.

План выкананы з перавышэннем.

П. улады.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)