ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна І і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс.г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш. краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр.ч.тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.С.Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.М.Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
дадатная тэктанічная структура на ПдРускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр.ПдЗеўрап.ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗАршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і ПдПрыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэкгагенезу (гл. ў арт.Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮ́СЮ,
востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс.км2. Нас. 13,3 млн.чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унугр. Японскім м., на 3 — Усх.-Кітайскім м.Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На 3 і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон,
Афрыкана-Аравійская платформа, старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,
тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТЭ Сяргей Юльевіч
(29.6.1849, Тбілісі — 13.3.1915),
рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.—жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг.буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармаваць гандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп. вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.