1) у оптыцы — прыстасаванне для выяўлення характару палярызацыі святла. Лінейныя аналізатары служаць для выяўлення лінейна (плоска) палярызаванага святла і вызначэння становішча яго плоскасці палярызацыі, ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла. Як аналізатары выкарыстоўваюць палярызацыйныя прызмы, паляроіды, пласцінкі турмаліну і інш. Аналізатар для святла з кругавой і эліптычнай палярызацыяй звычайна складаюцца з аптычнага кампенсатара і лінейнага аналізатара. Гл. таксама Палярызатар.
2) У прамысловасці — прылада ці вымяральнае прыстасаванне хім. саставу газаў, вадкасцяў, цвёрдых і сыпкіх рэчываў. Паводле метаду аналізу бываюць цеплавыя, магн., мех., хім., электрахім., аптычныя, радыеізатопныя і інш.
Да арт.Аналізатар. Аптычная схема цукрамера: S — крыніца святла; D1, D2 — дыяфрагмы; O1 — аб’ектыў; 1 — палярызатар; 2 — трубка з растворам цукру; 3 — кампенсатар; 4 — аналізатар; O2 + OR — зрокавая труба; 5 — шкала; O3 — акуляр шкалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯў матэматыцы,
1) у праектыўнай геаметрыі — узаемна адназначнае пераўтварэнне праектыўнай плоскасці ў сябе, якое пакідае нерухомымі ўсе пункты некат. прамой (вось гамалогіі) і мае дакладна адзін нерухомы пункт (цэнтр гамалогіі). Гамалогія з уласным (канечным) цэнтрам і няўласнай (бясконца аддаленай) воссю наз.гаматэтыя. Любое праектыўнае пераўтварэнне ёсць вынік паслядоўнага здабытку 2 пераўтварэнняў: гамалогіі і руху.
2) У тапалогіі — фармалізацыя інтуітыўных уяўленняў аб абмежаванасці мностваў. Напр., крывая 1 на паверхні тора абмяжоўвае частку S гэтай паверхні і наз. гомалагічнай нулю. Крывая λ не гомалагічная нулю, таму што яна не абмяжоўвае ніякай паверхні (пры разразанні ўздоўж яе з тора не выпадзе якога-н. кавалка).
Да арт.Гамалогія: L — крывая, гомалагічная нулю (абмяжоўвае паверхню s); λ — крывая, не гомалагічная нулю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПАБУДАВА́ННІ,
рашэнне некаторых геаметрычных задач з выкарыстаннем дапаможных інструментаў (цыркуля, лінейкі і інш.), якія мяркуюцца абсалютна дакладнымі.
Падзяляецца на геаметрычныя пабудаванні на плоскасці і ў прасторы. Геаметрычнае пабудаванне лічыцца выкананым, калі па зададзеных элементах выяўлены (пабудаваны) шуканыя элементы: пункты, прамыя, акружнасці і інш. У даследаваннях па геаметрычных пабудаваннях выяўляецца шэраг задач, якія можна вырашаць дадзенымі сродкамі, і спосабы рашэння гэтых задач. Напр., з дапамогай цыркуля і лінейкі (аднабаковай, без дзяленняў) можна рашаць задачы, у якіх каардынаты шуканага пункта могуць быць запісаны выразам з канечным лікам складанняў, множанняў, дзяленняў і здабыванняў квадратнага кораня з каардынат зададзеных пунктаў. Напр., цыркулем і лінейкай можна пабудаваць агульную датычную прамую да 2 акружнасцей, але немагчыма рашаць стараж. задачы пра трысекцыю вугла, квадратуру круга, падваенне куба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯў матэматыцы,
1) у геаметрыі, пунктавае пераўтварэнне плоскасці адносна зададзенай акружнасці радыуса R. Кожнаму пункту A, адрознаму ад цэнтра акружнасці O (цэнтр, ці полюс І.), ставіцца ў адпаведнасць такі пункт A праменя OA, што OA′ = R2/OA, дзе R2 — ступень І. Падобна гэтаму вызначаецца І. ў прасторы адносна сферы. Мае дастасаванні ў геаметрыі (інтэрпрэтацыя геаметрыі Лабачэўскага, тэорыя геам. пабудаванняў), тэорыі механізмаў (гл.Інверсар).
2) У камбінаторыцы — парушэнне нармальнага парадку элементаў у перастаноўцы. Напр., у перастаноўцы cbad элементы c і b, c і a, b і a утвараюць І., калі лічыць іх нармальным парадкам abcd.
Геаметрычная інверсія адносна акружнасці радыуса R: здабытак адлегласцей PC∙PM=R2, пункт P — полюс інверсіі; адрэзкі AM і BM — датычныя да акружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.
Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.
Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл.Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАў матэматыцы,
лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.
Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл.Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
палярыза́цыя
(фр. polarisation, ад с.-лац. polaris = палярны)
1) уласцівасць светлавых і электрамагнітных ваганняў адбывацца ў адной пэўнай плоскасці;
2) адкладанне на электродах розных рэчываў, якія паслабляюць сілу току.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
шчыто́к, ‑тка, м.
1.Памянш.-ласк.да шчыт; невялікі шчыт (у 2, 3 і 4 знач.). Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык.Дадзіёмаў.І што ні двор — пад паветкай і пад сценамі пад самы шчыток — вялікія запасы сухіх дроў.Машара.Галя падскочыла да шчытка, паціснула кнопку.Грахоўскі.
2. У спорце — прыстасаванне, якое ахоўвае асобныя ўчасткі цела іграка ад удараў.
3. У заалогіі — цвёрдая пласцінка ля асновы крыл жука.
4. У батаніцы — суквецце, у якім усе кветкі, размешчаны на адной плоскасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)