ДЗЮФІ́ ((Dufy) Рауль) (3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),

французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.

Р.Дзюфі. Прыстань. 1908.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БІЯШ ((Dobiáš) Вацлаў) (22.9.1909, Радчыцы, каля г. Семілі, Чэхія — 1978),

чэшскі кампазітар, муз. дзеяч. Нар. арт. ЧССР (1976). Вучыўся ў кансерваторыі (1932—37) і ў Школе вышэйшага майстэрства (1937—39) у Празе. Праф. пражскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (з 1950). Старшыня Саюза кампазітараў ЧССР (1955—63). Старшыня Камітэта муз. фестывалю «Пражская вясна» (да 1978). Сярод асн. твораў: 3 кантаты, у т. л. «Будуй Радзіму — умацуеш мір» (3-я рэд. 1950, Залаты медаль Міру Сусв. Савета Міру); 3 сімфоніі (1943, 1957, камерная 1939), 4 стр. квартэты, санет «Аб роднай краіне» і інш., фп. п’есы, санаты, вак. цыклы, масавыя песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія ЧССР 1952.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРО́ (Алена Генрыхаўна) (30.5.1877, С.-Пецярбург — 6.5.1913),

руская пісьменніца і мастак. З 1890 вучылася ў школе Т-ва падтрымкі мастацтваў у Пецярбургу. У друку дэбютавала ў 1905 ілюстрацыямі да «Бабуліных казак» Ж.​Санд і апавяданнем «Ранняя вясна». Прымыкала да літ. групы куба-футурыстаў. Першы зб. апавяданняў, вершаў і п’ес «Шарманка» (1909). Кніга «Асенні сон» (1912) напісана пад уплывам паэтаў-сімвалістаў. Самая значная кніга — «Нябесныя вярблюдзяняты» (1914). Творчасць Гуро адлюстроўвае пераходную стадыю ад імпрэсіянізму і сімвалізму да футурызму.

Тв.:

Selected prose and poetry. Stockholm, 1988 (дзённік, вершы і проза, «Бедны рыцар»).

Літ.:

Ковтун Е. Гуро, поэт и художник // Памятники культуры, 1976. М., 1977.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЙМЭ́Н, Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Франц. нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).

Р.Гіймен.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 1.2.1955, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў (1986). З 1986 артыст т-ра муз. камедыі ў Растове-на-Доне, з 1991 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод партый у бел. т-ры; містэр Ікс, Эдвін, Тасіла («Прынцэса цырка», «Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Барынкай, князь Арлоўскі («Цыганскі барон», «Лятучая мыш» І.​Штрауса), Мікіта Батурын («Халопка» М.​Стрэльнікава). У яго канцэртным рэпертуары вак. творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. бел. (І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага), кампазітараў, рус. нар. песні.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСМАГІ́ЛАЎ (Загір Гарыпавіч) (н. 8.1.1917, с. Серменева Беларэцкага р-на, Башкортастан),

башкірскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). З 1968 рэктар (з 1978 праф.) Ін-та мастацтваў ва Уфе. З юнацтва спяваў старадаўнія нар. песні, выступаў як кураіст-імправізатар. Сярод твораў: оперы «Салават Юлаеў» (паст. 1955), «Шаура» (паст. 1963), «Гюльзіфа» (1967), «Хвалі Агідэлі» (1972), «Паслы Урала» (1982), «Акмула» (1988); муз. камедыя «Сваячка» (1959); араторыя «Мы пераможцы» (1985); кантата «Я — расіянін»; вак.-сімф. паэма «Бессмяротнасць» (1975); творы для сімф. арк.; інстр. п’есы, цыкл хароў «Слова маці» (1972); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Башкортастана 1967, Дзярж. прэмія Расіі 1973.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл

[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],

амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.​Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў Германіі, муніцыпальны ун-т г. Кёльн. Засн. ў 1388 на ўзор Парыжскага ун-та. У 1593 у дадатак да багаслоўскага адкрыты ф-ты: юрыд., мед. і «свабодных мастацтваў». З заснаваннем у 1777 акадэміі, ун-та ў Боне (1786) значэнне К.у. паменшылася і ў 1798 ён зачынены. У 1919 адноўлены, у ім вучылася каля 7,5 тыс. студэнтаў. У 1971 ф-ты: эканам. і сац. навук, юрыд., мед., філас., прыродазнаўча-матэм. У 1991 каля 57 тыс. студэнтаў. У складзе ун-та ін-ты, клінікі, б-ка (з 1920). Яму падпарадкаваны ін-ты эканомікі, энергетыкі, гандлю, эканам. палітыкі.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Кім Сен) Нічыпар Сцяпанавіч

(н. 28.11.1936, с. Цінкан Прыморскага краю, Расія),

расійскі тэатр. дзеяч, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1997). Скончыў Ташкенцкі ін-т мастацтваў (1960). У 1960—63 рэжысёр і акцёр Карэйскага т-ра ў г. Кзыл-Арда (Казахстан). У 1970—89 выкладаў у Ташкенцкім ін-це культуры. Даследуе вытокі і формы нар. тэатр. мастацтва сярэднеазіяцкага рэгіёна, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Наладжвае творчыя сувязі дзеячаў культуры краін СНД. З 1991 прэзідэнт Саюза міжнар. кар. асацыяцый дружбы і супрацоўніцтва (Масква).

Тв.:

Народное художественное творчество Советского Востока. М., 1985.

Літ.:

Пашкоў Г.П. Дарога да акіяна // Пашкоў Г.П. Палескія вандроўнікі. Мн., 1998.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НЕЦ ((Kranjec) Мішка) (15.9.1908, Веліка-Плана, Сербія — 7.6.1983),

славенскі пісьменнік. Правадз. чл. Славенскай АН і мастацтваў (1953). Друкаваўся з 1930. Аповесцям і раманам («Парабкі», 1932; «Прадмесце», 1933; «Вось жыцця», 1935; «Залессе абуджаецца», 1936; «Да апошніх межаў», 1940; і інш.) уласціва глыбіня сац.-псіхал. аналізу. Барацьба народаў Югаславіі супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэма зб. апавяд. «Нацюрморты і пейзажы» (1945), тэтралогіі «За светлымі даляглядамі» (1960—63). Аўтар трылогіі «Аповесці аб уладзе» (1950—56), раманаў-успамінаў «Маладосць на балоце» (1962), «Радня мне расказвала» (1975). На бел. мову апавяданне «Дзеці, чые вы?» пераклала Г.​Шаранговіч.

Тв.:

Рус. пер. — Я их любил. М., 1965.

Г.​П.​Тварановіч.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)