ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуброўнік часночны.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАМЧУ́ЖЫН»,

рачны манітор Дняпроўскага атрада Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях летам 1941. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Меў на ўзбраенні 7 гармат і 3 кулямёты, экіпаж 72 чал. З 27.11.1936 у складзе Дняпроўскай ваен. флатыліі, удзельнічаў у паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). З 8.7.1940 у Дунайскай ваен. флатыліі. У пач. Вял. Айч. вайны абараняў вусце Дуная. У канцы ліп. 1941 пераведзены на Дняпро. Прыкрываў пераправы і адыход сав. войск на левы бераг Дняпра на Пд ад Кіева, каля гарадоў Ржышчаў і Канеў. Узарваны экіпажам 12.8.1941 пасля няўдалай спробы прарыву з Чаркасаў да Краменчуга.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎРУ́К Алесь (сапр. Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),

бел. паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.​Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1987.

А.Жаўрук.

т. 6, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВА́,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ Ян Уладзіслаў (26.6.1640—23.5.1703),

вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.—ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.

Тв.:

Бел. пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІСА́,

рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Дзмітрый Іванавіч (26.7.1901, в. Клімава Кастрамской вобл., Расія — 17.3.1975),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-лейт. (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Вызначыўся ў 1944 у баях на Магілёўшчыне: стралк. корпус на чале з ген.-маёрам С. 24 чэрв. фарсіраваў р. Проня, вызваліў г. Чавусы, з баямі прайшоў 50 км на З, фарсіраваў Дняпро, прычыніў праціўніку значныя страты ў тэхніцы і жывой сіле. 28 чэрв. ўдзельнічаў у вызваленні Магілёва, захапіў у палон больш за 3 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ША,

рака ў Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 354 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Рагі Клічаўскага р-на, вусце за 700 м на Пд ад в. Ваевічы Клічаўскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, на вял. працягу праз лясныя масівы. Даліна слабавыразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай р. Ольса, шыр. ад 500 м да 1 км. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, месцамі забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу 7,5 км каналізаванае, ніжэй свабодна меандруе, моцназвілістае, шыр. 5—7 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)