«НАБА́Т»,

газета, орган выканкома Савета рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Аршанскага пав. Выдавалася з сак. 1918 да мая 1920 у Оршы на рус. мове. Да кастр. 1918 наз. «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». Змяшчала дэкрэты, пастановы і інш. афіц. матэрыялы сав. ўрада і мясц. органаў улады. У рубрыках «Рабочае жыццё», «Жыццё вёскі», «Па павеце», «З жыцця чырвонаармейцаў», «Старонка юнага пралетарыя» і інш. шырока асвятляла мясц. жыццё. Апошні вядомы нумар 107 ад 23.5.1920.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пісьмо́ ’ўменне пісаць і само пісанне’, ’сістэма графічных знакаў’, ’ліст’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’вучонасць, пісьменнасць’ (Варл.), укр. письмо́, рус. письмо: польск. pismo ’ліст, карэспандэнцыя’, ’пісьмовы дакумент’, ’газета’, н.-луж. pismo ’ліст’, ’дакумент’, в.-луж. pismo ’шрыфт’, ’почырк’, ’рукапіс’, ’афіцыйны дакумент’, чэш. písmo ’шрыфт, літары’, славац. písmo ’тс’, ’сістэма знакаў’, ’почырк’, ’папера, дакумент’, славен. písmo ’ліст’, ’узор’, písme ’літара’, серб.-харв. писмо ’ліст’, ’дакумент, пасведчанне’, харв. pȋsmo ’почырк’, макед. пи́смо ’ліст’, ’дакумент’, балг. пасма ’ліст’. Прасл. *pisьmo, роднаснае літ. piešìmas ’маляванне, мазня’ < piēšti ’рысаваць, пісаць вугалем’ (Зубаты, SF, 2, 86; Буга, РФВ, 73, 335; Траўтман, 211; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 41–42). Да піса́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«АСВА́»,

часопіс гумару і сатыры. Выдавалася з 25.3 да 25.8.1934 у Вільні на бел. мове студэнтам Віленскага ун-та П.​Радзюком па заданні ЦК КПЗБ. Працягвала традыцыі забароненых польскімі ўладамі час. «Маланка», газет «Беларуская газета» і «Літаратурная старонка». Выражала інтарэсы дэмакр. пластоў насельніцтва Зах. Беларусі. Апрача сатыр. малюнкаў змяшчала публіцыст. вершы, дэкларацыі, лісты працоўных. Закранала балючыя праблемы крызісу, паўперызацыі вёскі, выступала супраць фашызму ў Германіі, польскага шавінізму і інш. На 6-м нумары забаронена ўладамі, рэдактар-выдавец зняволены на 6 гадоў.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК КОМИТЕ́ТА ЗАПАДНОГО ФРО́НТА ВСЕРОССИ́ЙСКОГО ЗЕ́МСКОГО СОЮ́ЗА»,

штодзённая газета. Выдавалася з 1916 да 10(23).1.1918 у Мінску на рус. мове. Узнімала праблемы забеспячэння франтавікоў харчаваннем, прадметамі штодзённага карыстання, мед. дапамогай. Выступала за беспартыйнасць у працы па абслугоўванні фронту, процістаяла намаганням ператварыць газету ў інструмент паліт. барацьбы. У сувязі з рэарганізацыяй к-та Земсаюза з 17(30).11.1917 называлася «Известия комитета объединенных работников Земсоюза и Западного фронта», з 19.12.1917 (1.1.1918) — «Известия комитета объединенных работников и временного управления Земсоюза Западного фронта».

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана на тэр. б. Віленскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Вілейка. Уключала 7 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Маладзечанскі, Пастаўскі, Свянцянскі. Пл. 20,7 тыс. км², нас. 938,3 тыс. Чал. (1941). 15.1.1940 паветы скасаваны, вобласць падзелена на 22 раёны [Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Гадуцішкаўскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі (Мёрскі), Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Свянцянскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі]; уключала 9 гарадоў (Ашмяны, Вілейка, Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Маладзечна, Паставы, Свянцяны, Смаргонь), 4 гар. пасёлкі (Браслаў, Відзы, Дунілавічы, Радашковічы). Абл. газ. «Сялянская газета». 20.9.1944 Вілейская вобласць перайменавана ў Маладзечанскую вобласць.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ РА́ДА»,

вайскова-грамадская і літ. газета. Выдавалася з 25.11(8.12).1917 да 5.2.1918 у Мінску на рус. мове, некаторыя матэрыялы друкавала па-беларуску. Адлюстроўвала нац.-кансалідацыйныя працэсы на Беларусі і за яе межамі, асабліва сярод беларусаў у вайск. фарміраваннях б. царскай Расіі, імкненне бел. народа да нац.-дзярж. самавызначэння з уласным войскам, прапагандавала свабодныя, раўнапраўныя адносіны на падставе федэратыўнага саюзу з інш. народамі сав. Расіі. Пашырала ідэю дзяржаўнасці бел. мовы, падкрэслівала сав.-адраджэнскую ролю нац. інтэлігенцыі.

А.​К.​Каўка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛУНАН ((Alunāns) Юрыс Андрэевіч) (13.5.1832, маёнтак Яўнкалснава, Латвія — 18.4.1864),

латышскі паэт і грамадскі дзеяч; заснавальнік нац. пісьмовай паэзіі. Скончыў Тартускі ун-т (1861). З 1862 рэдактар першай лат. газеты «Peterburgas avïzes» («Пецярбургская газета»). Аўтар зб. «Песенькі» (1856, пераклады класікаў сусв. паэзіі), эпіграм. Складальнік зб-ка навук.-папулярных артыкулаў «Двор, прырода і сусвет» (т. 1—3, 1859—61), у якім змешчаны матэрыялы па геаграфіі, гісторыі Расіі, мовазнаўстве. У вершах выступаў супраць самадзяржаўя, клерыкалізму, абуджаў нац. самасвядомасць лат. народа, удасканальваў нац. лат. мову.

М.​Абала.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.​Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,

газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах. абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав. войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм. войск.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)