НЯВА́,

рака ў Ленінградскай вобл. Расіі. Даўж. 74 км, пл. басейна 281 тыс. км². Выцякае з Ладажскага воз., упадае ў Фінскі зал. У нізоўях падзяляецца на рукавы (асн.: Вял. і Малая Н., Вял. і Малая Неўка), утварае дэльту, на 42 астравах якой і Прынеўскай нізіне размешчаны С.-Пецярбург. Сярэдні расход вады каля в. Новасаратаўка 2520 м³/с. Паўд.-зах. і зах. вятры наганяюць ваду з Фінскага зал., у выніку чаго падымаецца ўзровень вады, часам у С.-Пецярбургу бываюць навадненні (самыя высокія падняцці вады 410 см у 1824 і 369 см у 1924). Ледастаў з пач. снежня да канца крас. — пач. мая. Н. ўваходзіць у склад Беламорска-Балтыйскага і Волга-Балтыйскага водных шляхоў. На Н. (у вытоку) г. Шлісельбург.

Рака Нява ў Санкт-Пецярбургу.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ ХЛАРЫ́ДЫ,

злучэнні ртуці з хлорам: хларыд Hg2Cl2 (каламель) і дыхларыд ртуці HgCl2 (сулема). Бясколерныя крышт. рэчывы.

Каламель мае tпл 525 °C, шчыльн. 7150 кг/м³ (25 °C). Маларастваральная ў вадзе; не раствараецца ў этаноле, ацэтоне, дыэтылавым эфіры. Пры 400 °C, а таксама на святле раскладаецца на HgCl2 і ртуць. Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў параўнання ў электрахіміі, як каталізатар у арган. сінтэзе, антысептык, Сулема мае tпл 280 °C, шчыльн. 5450 кг/м³. Раствараецца у вадзе (у растворы малекулы практычна не дысацыіруюць), этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле. На святле і ў паветры ў разбаўленых водных растворах раскладаецца з утварэннем Hg2Cl2 і хлорыстага вадароду. Выкарыстоўваюць для пратручвання насення, як моцны антысептык, каталізатар ў арган. сінтэзе, для сінтэзу ртуцьарган. злучэнняў і інш. Моцны яд.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кало́трыкс

(н.-лац. calothrix)

ніткаватая сіне-зялёная водарасць сям. рывулярыевых, якая трапляецца на водных раслінах, на ракавінах малюскаў, на камянях у прыбярэжнай зоне, часам у планктоне прэсных і марскіх вадаёмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ласт 1 ’хвост у бабра’ (Інстр. 2), рус. арханг. ласт ’невялікая драўляная лапатка, якой бяруць цеста з дзежкі’. Да прасл. lapstъ, якое з’яўляецца роднасным да лат. lâpsla ’лапата’, lãpa ’лапа’, літ. lópa ’тс’ (Фасмер, 2, 462–463). Сучаснае літаратурнае ласт ’відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл і птушак’ (ТСБМ) — з рус. ласт ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72) таксама, як і ласты ’прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой’ (ТСБМ).

Ласт 2 ’застаронак’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ласт ’дранка, рэйкі, якімі прашываюць пазы ў лодках, суднах’, лост ’тс’, лостить ’абшалёўваць корпус судна, лодкі’. З фін., алан. lasta ’дранка, планка’ (Фасмер, 2, 463). Параўн. таксама вепс. лаst ’расколатае палена для лучыны’, лastęńik ’палукаш у простыя сані’, і рус. ла́сти ’памост з бярвення для праезду, праходу праз балота, гаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гідратэ́хніка

(ад гідра- + тэхніка)

навука аб выкарыстанні водных рэсурсаў у гаспадарцы і барацьбе са шкодным дзеяннем воднай стыхіі, а таксама галіна тэхнікі, якая займаецца ўзвядзеннем плацін, дамбаў, каналаў, вадасховішчаў і г.д.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

се́йшы

(фр. seiches)

стаячыя хвалі ў закрытых водных басейнах (азёрах, унутраных морах), калі адбываецца вагальны рух усёй масы вады, а паверхня вадаёма набывае ўхіл то ў адзін, то ў другі бок.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл. Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).

Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт. Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт. Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДЫ СУ́ШЫ,

воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн. км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн. км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн. км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн. км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн. км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн. км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)