лугаві́на, ‑ы, ж.

1. Невялікі луг, палоска лугу сярод чаго‑н. Бялела на лугавінах разасланая льнотраста, побач чарнелі квадраты ўзаранага ржышча. Хадкевіч. На лугавіне ў алешніку пачуліся галасы. С. Александровіч.

2. Разм. Тое, што і луг ​1. Коні пасвіліся на лугавіне ля ракі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маге́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Круглая высокая мужчынская шапка з лямцу, якую насілі раней сяляне; род капелюша. Адзеты [малады селянін] ў вышываную сарочку, на плячах — світка з саматканага сукна, падперазаная поясам, на нагах — лапці з аборамі да каленяў, на галаве — магерка. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настраёвасць, ‑і, ж.

Кніжн. Пэўная накіраванасць думак, пачуццяў, душэўны стан; настрой. У адпаведнасці з.. асноўнай настраёвасцю паэта рытм яго верша шырокі і паўпаводны, фарбы светлыя і ясныя. Глебка. Найбольш падабаліся хлопчыку жніўныя песні, у якіх было нейкае асаблівае прывабнае хараство і настраёвасць. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паджга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго-што. Пакусаць, параніць джалам, хабатком усіх, многіх. Авадні паджгалі коней.

2. Хутка пайсці, пабегчы; паімчацца. Паджгаць у лес. □ Пасля Бяларуч Янка выйшаў на стары гасцінец і паджгаў далей. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пладзі́цца, плодзіцца; незак.

1. Размнажацца, разводзіцца. У паўночнай частцы Ладажскага возера плодзіцца чорны сіг. «Маладосць». // Разм. Нараджаць вялікае патомства. — Жаніся, брат, пладзіся, напаўняй пінскія балоты, валодай імі, — гаварыў Лабановіч. Колас.

2. перан. З’яўляцца ў вялікай колькасці. Вокам кіну, вокам гляну, — Думкі роем плодзяцца. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. разгарнуцца (у 5, 6 знач.); свабода дзеянняў, размах. [Сенька:] — Матрос з мяне — харошы матрос. Але не век жа мне шураваць вяслом.. Ніякага вялікага разгарнення чалавеку. Лынькоў. У кожнага былі свае думкі, якія не давалі разгарнення агульнай размове. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэпрэ́сія, ‑і, ж.

Карная мера, пакаранне з боку дзяржаўных органаў. Мы яшчэ не ведаем, як сустрэнуць нас незнаёмыя людзі. Можа пасля лютых рэпрэсій немцаў у іх ад страху застыла кроў, і яны не стануць з намі гаварыць, пабаяцца пусціць нас на свой парог. С. Александровіч.

[Лац. repressio — стрымліванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрут, ‑а, М спруце, м.

Марская жывёла класа галаваногіх малюскаў з мешкападобным целам і васьмю шчупальцамі; васьміног. Тут жа чарнелі карчы-вываратні з фантастычнымі карэннямі, падобныя да страшных спрутаў. Бядуля. / у перан. ужыв. На Захад, таварыш! На логава спрутаў! Фашысцкая пала мяжа. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спу́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Звязаць ногі путам, пазбавіўшы свабоды рухаў. [Селянін:] — Спутаў гэта я каня, а сам прылёг і, не пры вас кажучы, трохі даў храпака. С. Александровіч. З вераўчаным путам у руцэ павёў [Васіль] каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухасто́й, ‑ю, м., зб.

Засохлыя на корані дрэвы. Назаўтра .. [Катлубовіч] .. устаў нацямочку і да падвячорка спускаў сухастой у лесе. Чорны. Карэнне ў глебе бомбы пакрамсалі. Усюды — буралом ды сухастой. Аўрамчык. // Тое, што і сухастоіна. Натрапіўшы на выварат ці сухастой,.. [Антон] шкадаваў дрэва, як нябожчыка. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)