со́кат, ‑у, М ‑кане, м.
1. Крык некаторых птушак. Сокат курыцы. □ Сокат птушак замёр, Як бы поўнач была, Адно свісне тапор Ды зазвоне піла. Купала.
2. Рэзкія кароткія і частыя гукі, якія нагадваюць крык некаторых птушак (пра машыны, механізмы і пад.). Сокат камбайна. Сокат аўтамата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы, ж.
Разм.
1. Пост перад спасам, царкоўным святам, якое адзначалася ў жніўні. [Бародзіч:] — Некаторага году ў спасаўку выйшлі грыбоў паглядзець. Чорны.
2. Сорт груш, якія паспяваюць к спасу. А ноччу скокні цераз падаконнік — і збірай у садзе спелыя салодкія спасаўкі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́лец, ‑льца, м.
Разм. Умелы працаўнік, майстар. Знаходкі сведчылі, што ў горадзе ўжо ў той час былі высока развіты рамёствы, горад славіўся сваімі ўмельцамі-майстрамі. Хадкевіч. [Сярмяжка] працуе з той увішнасцю, з той віртуознасцю сапраўднага ўмельца, якія нават старонняга назіральніка не могуць не скарыць. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
філье́ра, ‑ы, ж.
1. Спец. Прыстасаванне ў прадзільнай машыне ў выглядзе каўпачка або дыска з адтулінамі для атрымання штучных нітак. З чырвона-белых ад гарачыні фільераў бясконца плыло тонкае бліскучае павуцінне. Савіцкі.
2. Металічная пласцінка з калібраванымі адтулінамі, праз якія цягнецца і шліфуецца дрот.
[Фр. filiere ад fil — валакно, нітка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фундамента́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Трывалы, моцны, вялікі. Фундаментальнае збудаванне. // перан. Грунтоўны, глыбокі па зместу. Фундаментальны твор. □ «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» .. задумана як фундаментальная абагульняючая праца. «Полымя».
2. Асноўны, галоўны. Фундаментальная бібліятэка.
•••
Фундаментальныя даследаванні — тэарэтычныя працы, якія вывучаюць глыбінныя заканамернасці развіцця прыроды, грамадства і мыслення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хааты́чны, ‑ая, ‑ае.
Бязладны, пазбаўлены парадку, паслядоўнасці, арганізаванасці. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. Колас. На гэты раз на экране ўзніклі хаатычныя хвалі, якія, здавалася, вось-вось набудуць нейкі пэўны выгляд. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эфемеры́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Крылатае насякомае, якое жыве толькі адзін ці два дні; аднадзёнка. // перан. Пра што‑н. недаўгавечнае, нетрывалае, што існуе непрацяглы час.
2. толькі мн. (эфемеры́ды, ‑аў). Астранамічныя табліцы, якія паказваюць становішча нябесных цел на пэўныя дні месяца і года.
[Ад грэч. ephēmeris, ephēmerídos — дзённік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БІЯПА́ЛІВА, біялагічнае паліва,
1) біямаса, здольная пры згаранні даваць энергію (драўніна, торф, водарасці і інш.).
2) Арганічныя адкіды (гной, смецце, памёт, драўнянае пілавінне і інш.), якія выдзяляюць у працэсе распаду цяпло. Біяпаліва шырока выкарыстоўваюць для абагравання цяпліц, парнікоў і ахаванага грунту. Пры распаданні біяпаліва вылучаюцца вуглякіслы газ, аміяк і вада, якія спрыяюць росту і развіццю раслін.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРМЕ́НТЫ (ад анты... + ферменты),
спецыфічныя бялкі з групы антыметабалітаў, якія затрымліваюць або блакіруюць дзеянне ферментаў праз утварэнне з імі неактыўных комплексаў. Наяўнасць антыферментаў у органах і тканках ахоўвае іх ад разбуральнага ўздзеяння пэўных ферментаў (напр., сценкі страўніка і кішэчніка ад уздзеяння стрававальных ферментаў). Штучна сінтэзаваны лек. прэпараты, якія маюць уласцівасці антыферментаў, напр. эзерын, празерын, факурыт (дыякарб), трасілол і інш.
т. 1, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІСТЭ́МА, геаграфічная сістэма,
цэласнае мноства ўзаемазвязаных, узаемадзейных і ўзаемазалежных кампанентаў геаграфічнай абалонкі. Тэрмін увёў сав. вучоны В.Б.Сачава ў 1960-я г. Паняцце «геасістэма» выкарыстоўваецца для вызначэння складаных геагр. утварэнняў, якія ўключаюць прыродныя, гасп., дэмаграфічныя, сац.-эканам. і тэхнагенныя элементы, а таксама ўсіх аб’ектаў галін ведаў і навук, якія займаюцца вывучэннем Зямлі.
В.С.Аношка.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)