ЗРУХ у тэктоніцы,
перамяшчэнне блокаў горных парод адносна адзін аднаго па разломе ў гарыз. напрамку. Паводле структуры змяшчальных парод вылучаюць З. левыя, правыя, згодныя, нязгодныя, папярочныя, падоўжныя і косыя. Даўж. ад некалькіх метраў да многіх соцень кіламетраў, амплітуда ад некалькіх сантыметраў да многіх соцень кіламетраў (напр., З. Сан-Андрэас у Каліфорніі цягнецца на 1000 км, з амплітудай больш за 100 км).
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗУМРУ́Д, смарагд,
мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.
т. 7, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ЛАНДША́ФТАЎ,
размеркаванне ландшафтаў па вышыні, якое не адпавядае закону вышыннай пояснасці. Найб. характэрна для раёнаў з перасечаным рэльефам тыпу нізка- і сярэднягор’яў. Можа быць выклікана інверсіяй тэмпературы, ападкаў, мясц. зменамі воднага рэжыму. У выпадку І.л. уверх па схіле фарміруюцца больш цеплалюбівыя ландшафты. Напр., у Прыамур’і ахоцкая тайга з падзолістымі глебамі змяняецца з вышынёй хвойна-шыракалістымі лясамі маньчжурскага тыпу на бурых лясных глебах.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІ́ЦЫЯ (лац. coalitio ад coalitus аб’яднаны),
1) саюз, аб’яднанне для дасягнення агульнай мэты.
2) Палітычны і ваен. саюз дзвюх і больш дзяржаў супраць агульнага праціўніка (напр., антыгітлераўская К. дзяржаў у 2-й сусв. вайне).
3) Пагадненне, выпрацаванае некалькімі партыямі, рухамі або грамадскімі дзеячамі, для ажыццяўлення сумесных дзеянняў, напр., з мэтай стварэння т.зв. кааліцыйнага ўрада, які складаецца з прадстаўнікоў гэтых партый.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДЦЫ,
народы Канады. Падзяляюцца на англа-канадцаў (у Канадзе 10,8 млн. чал., агульная колькасць 11,67 млн. чал., 1992, гавораць на канадскім варыянце англійскай мовы; вернікі пераважна пратэстанты, частка — католікі) і франка-канадцаў (у Канадзе — прав. Квебек, часткова Антарыо і Нью-Брансуік — 7,2 млн. чал., 1992; жывуць таксама ў ЗША. больш за 2 млн. чал.; гавораць на канадскім варыянце французскай мовы, вернікі пераважна католікі).
т. 7, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЙКА (Serinus canaria),
дэкаратыўная птушка сям. ўюрковых (Fringillidae), атр. вераб’інападобных (Passeriformes). У дзікім стане пашырана на Канарскіх а-вах (адсюль назва). З’яўляецца родапачынальніцай пакаёвай К. У Еўропу завезена ў канцы 15 ст. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр’ерам.
Даўж 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх К. зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Гл. таксама Уюрок канарэечны.
т. 7, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАБУДО́ВЫ, каралавыя рыфы,
падводныя і надводныя вапняковыя грады ў трапічных морах. Фарміруюцца звычайна на глыбіні ад 30—50 м да 1—2 м пры нармальнай салёнасці і празрыстасці вады з т-рай больш за 20 °C. Складаюцца пераважна з вапняковых шкілетаў каралаў, вапняковых водарасцей, імшанак і ракавін малюскаў. Да К.п. адносяцца атолы, бар’ерныя рыфы, берагавыя і ўнутрылагунныя рыфы. Гл. таксама Арганагенныя пабудовы.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЕ́Ч (польск. kartecza ад італьян. cartoccio літар. скрутак, патрон),
1) артылерыйскі снарад для паражэння жывой сілы праціўніка на адлегласці да 300 м. У 14—16 ст. запаўняўся дробнымі камянямі і кавалкамі жалеза, у 17—19 ст. — сферычнымі чыгуннымі або свінцовымі кулямі, укладзенымі ў жалезны ці кардонны корпус. Выцеснена шрапнеллю.
2) Буйны (дыяметрам больш за 5 мм) шрот для паляўнічага ружжа.
т. 8, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСПА́С—САРСА́Т»,
спадарожнікавая сістэма для вызначэння ў аварыйных сітуацыях каардынат радыёбуёў, устаноўленых на суднах і самалётах. «Каспас» — сав., а потым рас. частка сістэмы, «Сарсат» — частка сістэмы, якая стваралася ЗША, Канадай, Францыяй. Уводзілася паэтапна з сярэдзіны 1980-х г. Складаецца з ШСЗ на каляпалярных кругавых арбітах, аварыйных радыёбуёў, пунктаў прыёму інфармацыі. У зоне бачнасці ШСЗ вызначаюцца каардынаты 20 і больш радыёбуёў, якія працуюць адначасова.
т. 8, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛАЎЭ́А (Kilauea),
бесперапынна дзеючы вулкан на в-ве Гаваі, у Ціхім ак. Тэр. ЗША (штат Гаваі). Выш. 1247 м. Шчытападобны конус з вял. кальдэрай (дыям. 4,5 км, глыб. больш за 230 м), у якой возера, перакрытае слоем лавы. Апошняе значнае вывяржэнне адбылося ў 1983—85. К. ўваходзіць у склад Гавайскага вулканічнага нац. парку, уключанага ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны. Вулканалагічная станцыя.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)