ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
т. 4, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ЛЫ [ад геа... + ...філ(ы)],
(, арганізмы, частка цыкла развіцця якіх, найчасцей адна з фаз, абавязкова праходзіць у глебе, глеі, зрэдку ў больш шчыльных пародах. Да іх належыць большасць насякомых: саранчовыя, шмат жукоў, камары-даўганожкі, лічынкі якіх развіваюцца ў глебе, а ў дарослым стане — тыповыя наземныя насельнікі. Да геафілаў належаць і насякомыя, якія знаходзяцца ў глебе ў фазе кукалкі, дажджавыя чэрві, некат. малюскі і інш.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАМЕТРЫ́ЧНЫ СКЛАД ГЛЕ́БЫ, механічны склад глебы,
колькасць у глебе элементарных (неагрэгаваных) часцінак розных памераў. Выражаецца ў працэнтах ад масы абсалютна сухой глебы. У залежнасці ад суадносін фіз. гліны (часцінак, драбнейшых за 0,01 мм) і фіз. пяску (больш за 0,01 мм) глебы па грануламетрычным складзе падзяляюць на пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Грануламетрычны склад глебы ў значнай ступені вызначае ўрадлівасць глебы.
т. 5, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЛЕ́НГА»,
прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.
А.К.Цітоў.
т. 6, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’АРБІНЬІ́ ((D’Orbigny) Альсід Дэсалін) (6.9.1802, г. Куэрон, Францыя — 30.6.1857),
французскі палеантолаг, вучань Ж.Кюўе. У 1826—33 падарожнічаў па Паўд. Амерыцы 3 1853 праф. палеанталогіі Музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Апісаў больш за 100 тыс. выкапнёвых рэшткаў (малюскаў, ігласкурых і інш.). Развіваў катастроф тэорыю і сцвярджаў, што распаўсюджанне тых самых ці блізкіх формаў арганізмаў у розных па ўзросце геал. ярусах немагчыма. Прытрымліваўся ідэй крэацыянізму.
т. 6, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца (выцякае з возера), за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,21 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 220 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. У возера ўпадаюць ручаі з азёр Астроўна і Мелкае.
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ХЕНЛОХ (Drachenloch),
пячора ва ўсх. ч. Швейц. Альп, на Пд ад Бодэнскага воз. (Швейцарыя). Размешчана на выш. 2445 м. У мусцьерскую эпоху была месцам пражывання паляўнічых-неандэртальцаў (больш за 50 тыс. г. таму назад). У Д. выяўлены рэшткі вогнішча, каменныя і касцяныя прылады, шматлікія косці пячорнага мядзведзя і складзеныя з вапняковых пліт «скрыні», у якіх, верагодна, захоўвалі найб. каштоўныя часткі мядзведжых туш.
т. 6, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́НДА (Gironde),
эстуарый рэк Гарона і Дардонь у Францыі, адкрываецца ў Біскайскі заліў. Даўж. 75 км, шыр. да 10 км, у ніжняй ч. глыб. да 35 м, у верхняй, больш вузкай, шмат пясчаных меляў і астравоў. Найменшая глыб. на фарватэры 8 м. Прылівы паўсутачныя, выш. да 5,2 м. У вусці Ж. — порт Ле-Вердон-сюр-Мер і марскі курорт Руаян.
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́РЦЫ,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута, за 42 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м (на З і Пд да 13 м), пераважна разараныя. Востраў пл. 0,5 га.
т. 6, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТО́К,
1) суквецце, у якім спіральна закручана больш маладая частка з нераспушчанымі кветкамі. У З. ад гал. восі (галінкі), якая нясе адну кветку, ніжэй адыходзіць другая аднакветкавая вось, ад яе ў гэты ж бок — вось 3-га парадку і г.д. З. характэрны для сям. бурачнікавых (святаяннік, шчамяліца, жывакост).
2) Абароты спіралі ракавіны ў некат. беспазваночных жывёл (напр., у бруханогіх малюскаў).
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)