навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),
зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.
2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз.акамадацыяй.
3) У біялогіі тое, што анабалізм.
4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЧЭ́НКА (Барыс Дзмітрыевіч) (9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),
украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл.зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.
Літ.:
Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст. галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл.мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц.нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш.чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.
Літ.:
Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел.мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,
галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.
Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.Боп і дацкі вучоны Р.К.Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.
Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.Шпехт, Ю.Покарны, В.Пізані, Дж.Дэвота, В.Порцыг, В.У.Іванаў і інш.).
Літ.:
Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;
Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),
закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл.Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч.мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.
К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў. Афіц. мова Кітая, адна з афіц. моў ААН. Пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, В’етнаме, М’янме, Малайзіі, Тайландзе, Сінгапуры і інш. дзяржавах Паўд.-Усх. Азіі. Існуе ў 2 формах — пісьмовай і вуснай, якія не маюць адпаведнасцей. У пісьмовай К.м. выкарыстоўваюцца іерогліфы, якія забяспечваюць цэласнасць арэала распаўсюджання К.м. і часта з’яўляюцца адзіным сродкам міждыялектных зносін. Вылучаюць 7 асн. дыялектных груп: паўн., у, сян, гань, хакка, юэ, мінь. Літ. мова абапіраецца на паўн. дыялекты, у аснову літ. вымаўлення пакладзена пекінская гаворка. Галосныя і зычныя вуснай К.м. арганізаваны ў таніраваныя склады; усяго ў К.м. 4 тоны (узыходны, сыходны, высокі і нізкі). У безнаціскным становішчы тон страчваецца. У К.м. адсутнічае словазмяненне; у словаўтварэнні дамінуе коранескладанне. Часціны мовы прадстаўлены 2 вял. класамі слоў, якія абазначаюць прадмет або яго прыкмету. Сінтаксіс характарызуецца жорсткім парадкам членаў сказа.
Стараж.-кіт. мова (гувэнь) узнікла ў 1-м тыс. да н. э. У 4—3 ст. да н. э. склалася яе літ. норма (вэньянь), якая са зменамі выкарыстоўвалася як пісьмовая літ. норма да 20 ст. У 1-й пал. 20 ст. незразумелы на слых вэньянь быў выцеснены ў пісьмовых зносінах «агульназразумелай мовай» (путунхуа), якая стала нац.літ. мовай. К.м. карыстаецца кітайскім пісьмом. Стараж.літ. помнікі датуюцца 1-й пал. 1-га тыс. да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЧАНКА (Міхась) (Міхаіл Рыгоравіч; 14.11.1907, в. Хварасцяны Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.7.1981),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1956), праф. (1957). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1932). У 1935—41 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, з 1943 у БДУ (у 1944—52 і 1955—71 дэкан філал. ф-та). Друкаваўся з 1930. Даследаваў станаўленне рэалізму ў бел. л-ры 19 — пач. 20 ст. («На шляхах да рэалізму», 1958; «Па шляху рэалізму», 1959), узаемасувязі бел. л-ры з л-рамі славян («Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.», 1958; «Славянская супольнасць», 1963; «Яднанне братніх літаратур», 1974), стараж.бел. л-ру і фальклор, творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Ядвігіна Ш., М.Танка, П.Панчанкі, А.Куляшова, М.Горкага, М.Гогаля, М.Някрасава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ («Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры», 1956; «Беларуская вусна-паэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Беларуская народна-паэтычная творчасць», 1979).
Тв.:
А.М.Горкі і беларуская літаратура. Мн., 1951;
Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры. Мн., 1952;