ПУСТАВА́ЛАЎ (Леанід Васілевіч) (8.8.1902, Масква —15.9.1970),

расійскі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (з 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1934—62 праф. Маск. ін-та нафтахім. і газавай прам-сці, адначасова ў 1943—53 у Ін-це геал. навук АН СССР. У 1953—60 нам. старшыні Савета па вывучэнні вытв. сіл АН СССР і кіраўнік шэрагу комплексных экспедыцый. Навук. працы па петраграфіі і геахіміі асадкавых утварэнняў. Прапанаваў класіфікацыю асадкавых парод. Распрацаваў вучэнне аб геахім. фацыях асадкавай тоўшчы. Абгрунтаваў палажэнне аб дыферэнцыяцыі рэчыва ў зоне асадканамнажэння і палажэнне аб перыядычнасці ва ўтварэнні асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭКЧЭ́,

адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач. н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст. тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЦЕ́ХІН (Сяргей Іванавіч) (н. 21.7.1949, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1967), у 1972—78 і з 1993 выкладае ў ім. З 1967 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1987—92 працаваў у спарт. дзіцячай юнацкай школе алімп. рэзерву. П. вылучаюць выразная пластыка, добрыя сцэнічныя даныя. Сярод партый: Драсельмеер («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Эспада («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Іван, Князь, Вялікі інквізітар («Альпійская балада», «Курган», «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Абат («Карміна Бурана» К.​Орфа), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Э.​Грыга).

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Георгій Мікалаевіч) (28.8.1888, Масква — 17.7.1960),

бел. піяніст, хормайстар, дырыжор і педагог. Засл. арт. Казахстана (1942). Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1910). Працаваў педагогам у муз. вучылішчах і кансерваторыях Адэсы, Таганрога, Екацярынаслава, Алма-Аты. З 1923 канцэртмайстар хору ў Гомелі, з 1927 выкладчык Мінскага муз. тэхнікума. З 1932 выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1948 дацэнт). Адзін з арганізатараў і педагогаў Бел. студыі оперы і балета (1930—33). У 1933—37, 1945—50, 1959—60 гал. хормайстар і дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Кіраваў пастаноўкай балетаў «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1933), «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1946) і інш.

В.​П.​Пракапцова.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (14.12.1876, С.-Пецярбург — 2.3.1964),

расійскі вучоны ў галіне анкахірургіі, адзін з заснавальнікаў сав. анкалогіі. Чл.-кар. АН СССР (1939). Акад. АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Ваен.-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1899). У 1913—58 у Ін-це ўдасканалення ўрачоў у Пецярбургу (заг. кафедры), адначасова ў 1921—25 у 1-м Ленінградскім мед. ін-це. У 1926 заснаваў і ўзначаліў Ленінградскі анкалагічны ін-т. Навук. працы па тэарэт., эксперым. і клінічнай анкалогіі, ваенна-палявой хірургіі, транспланталогіі, дэанталогіі, хірург. лячэнні туберкулёзу, язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1963.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Іван Георгіевіч) (19.1.1901, г. Сеўск Бранскай вобл., Расія — 15.1.1973),

расійскі матэматык, стваральнік навук. школы па агульнай тэорыі сістэм дыферэнцыяльных ураўненняў. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. з 1943). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927), дзе і працаваў з 1929 (з 1951 рэктар). У 1947—51 акад.-сакратар Аддз. фіз.-матэм. навук АН СССР. Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі, тэорыі імавернасцей, алг. геаметрыі, тапалогіі, матэм. фізіцы і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952.

Тв.:

Избр. труды: Системы уравнений с частными производными. Алгебраическая геометрия. М., 1986;

Избр. труды: Дифференциальные уравнения. Теория вероятностей. М., 1987.

Літ.:

И.​Г.​Петровский. М., 1957.

І.Г.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́М (Мамед) (сапр. Гусейнаў Мамед Рагім Абас аглы; 28.4.1907, Баку — 6.5.1977),

азербайджанскі паэт. Нар. паэт. Азербайджана (1964). Скончыў Азерб. пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «Мроі» (1930), «Другая кніга» (1933), «Любоў да Радзімы» (1942), «Вясна кахання» (1957) і інш., паэт. трылогіі (паэмы «Над Ленінградам», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «На Апшэронскай зямлі», 1950; «Над Каспіем», 1958), драмы ў вершах «Хагані» (1955). Значнае месца ў яго творах займаюць тэмы гераізму і барацьбы за мір. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў У.​Шахавец.

Тв.:

Рус. пер. — Ветер странствий. М., 1964;

Надежда. М., 1967;

Азербайджанская кантата. М., 1972.

М.Рагім.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́НСКІ (Сіман Залманавіч) (25.3.1900, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1970),

расійскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1922). У 1923—28 у Днепрапятроўскім горным ін-це, з 1930 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1961 у Ін-це хім. фізікі АН СССР (заг. лабараторыі), адначасова ў 1943—52 заг. кафедры Маскоўскага ін-та хім. машынабудавання. Навук. працы па гетэрагенным каталізе. Устанавіў сувязь паміж каталітычнымі і паўправадніковымі ўласцівасцямі цвёрдых цел (1938—40), што стала асновай паўправадніковых тэорый каталізу. Прапанаваў мікрахім. тэорыю актыўнай паверхні, тэорыю мадыфікавання каталізатараў (1950). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁНАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (28.10.1878, Масква — 7.2.1954),

расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці ў СССР. Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Дрэздэнскі політэхн. ін-т (1901) і Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). З 1920 праф. Маскоўскіх ун-та, тэкст. ін-та (з 1935), хіміка-тэхнал. ін-та (з 1943). Навук. працы па хіміі алкалоідаў, фарбавальнікаў, духмяных рэчываў і фармацэўтычных прэпаратаў. Адкрыў метад сінтэзу β-амінакіслот кандэнсацыяй альдэгідаў з малонавай к-той і аміякам у растворы этанолу (рэакцыя Р.; 1926). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.

Тв.:

Избр. тр. М., 1958.

Літ.:

В.​М.​Родионов. М.; Л., 1948.

У.М.Радыёнаў.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТА (Сяргей) (сапр. Законнікаў Сяргей Васілевіч; 15.10.1909, в. Ліцвінава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 23.3.1942),

бел. паэт. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску. З 1929 працаваў у гомельскай газ. «Палеская праўда», з 1930 кіраўнік Гомельскай філіі БелАппа, з 1933 у Мінску ў рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення ў лагерах. Працаваў на лесасплаве ў Горкаўскай вобл., загінуў на лесапавале. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Аўтар кн. вершаў «Альбо-альбо» (увайшла ў калектыўны зб. «Разгон», 1930), «Я агітую за пяцігодку» (1934). Паэзіі Р. ўласцівы агітацыйнасць і дэкларатыўнасць.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)