падземныя штуршкі і ваганні зямной паверхні, выкліканыя пераважна тэктанічнымі працэсамі, хуткімі зрухамі і разрывамі ў зямной кары ці верхняй ч. мантыі і вызваленнем назапашанай энергіі. З. могуць быць вулканічнага паходжання, зрэдку яны выкліканы дзейнасцю чалавека (запаўненне буйных вадасховішчаў, напампоўванне вады ў глыбокія свідравіны, горныя работы і выбухі).
Тэктанічныя З. прымеркаваны да зон і абласцей сучасных рухаў пліт, на якія разбіта літасфера; каля 95% іх адбываецца па краях такіх пліт, 4—5% — уздоўж сярэднеакіянічных хрыбтоў або ўнутры пліт. Месца ўзнікнення штуршка ў глыбінях Зямлі наз.ачагом З., цэнтр ачага — гіпацэнтр, праекцыя яго на зямную паверхню — эпіцэнтр. Ад ачага З. ва ўсе бакі распаўсюджваюцца сейсмічныя хвалі, сярод іх адрозніваюць падоўжаныя і папярочныя. Па паверхні зямлі ад эпіцэнтра разыходзяцца паверхневыя хвалі. Ачагі З. найчасцей узнікаюць на глыб. да 20—30 км. Энергію З. ацэньваюць велічынёй магнітуды (М) або энергет. класа (К), паверхневы эфект — у балах шкалы інтэнсіўнасці. Паводле міжнар. сейсмічнай шкалы існуюць 12 градацый — балаў. У выніку сейсмічнага раянавання праводзіцца падзел тэрыторыі па ступенях сейсмічнай актыўнасці. Прагноз З. ажыццяўляюць на аснове іх прадвеснікаў. Колькасць З., якія штогод рэгіструюцца на Зямлі сейсмічнымі станцыямі, дасягае соцень тысяч, але толькі малая доля іх выклікае разбурэнні, у т. л. катастрафічныя (напр., у Сан-Францыска ў 1906, Токіо ў 1923, Ашгабадзе ў 1948, Ташкенце ў 1966, Мехіка ў 1985, Арменіі ў 1988). Вывучае З. сейсмалогія.
На тэр. Беларусі З. звязаны з мясц. ачагамі сейсмічнасці або з’яўляюцца адгалоскамі моцных (М да 7,4) З. у Карпатах (напр., у 1977, 1990). Інтэнсіўнасць найб. значных мясц. З. Барысаўскага (1887) і Астравецкага (1908) да 6—7 балаў, Салігорскага (1978) да 5 балаў. Рэгістраваннем З., вывучэннем сейсмічнага рэжыму на тэр. Беларусі, эталоннымі вымярэннямі геафіз. і гідрагеахім. прадвеснікаў З., сейсмічным раянаваннем з 1980 займаецца Доследна-метадычная партыя пры Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Рэгіструюць З. станцыі, сеткі сейсмічных назіранняў Нац.АН Беларусі — Мінск, Гомель, Нарач, Салігорск, Плешчаніцы.
Літ.:
Болт Б.А. Землетрясения: Общедоступный очерк: Пер. с англ.М., 1981;
Гир Дж.М., Шах Х.Ч. Зыбкая твердь: Что такое землетрясение и как к нему подготовиться: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, заснаваная на хім. перапрацоўцы драўніны. Да яе адносяцца: сухая перагонка драўніны, розныя віды каніфольна-шкіпінарных вытв-сцей (гл.Лесахімія), выпальванне вугалю. На Беларусі спецыялізавана па выпуску каніфолі, шкіпінару (тэрпенцінавага масла), хваёвай смалы, масла хваёвага флатацыйнага, дубільных экстрактаў.
У дарэв. Беларусі дзейнічалі дробныя саматужныя смолашкіпінарныя і дзягцярныя прадпрыемствы. У 1900 іх было 161, працавала каля 400 рабочых (без занятых нарыхтоўкай і падвозам); у 1912 давалі 18% агульнарасійскай прадукцыі Л.п. Першымі прадуктамі былі смала, драўняны вугаль, дзёгаць. У БССР каніфольна-шкіпінарная вытв-сць пачалася ў 1926 з прамысл. падсочкі жывіцы ў Старабарысаўскім і Крупскім лясніцтвах. У 1927 засн. каніфольны з-д у Навабеліцы (з 1976 Гомельскі папярова-лесахім. з-д), у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д (з 1971 у складзе папярова-лесахім. з-да). У 1940 здабыта 2903 т жывіцы, выраблена 2837 т каніфолі, 4269 т шкіпінару-сырцу і 3534 т ачышчанага шкіпінару.
У 1967 валавая прадукцыя Л.п. дасягнула найвышэйшага ўзроўню, у наступныя гады яе аб’ём скараціўся, што абумоўлена змяншэннем сыравіннай базы, заменай асобных відаў прадукцыі сінтэтычнымі. Нарыхтоўка асмолу і смолашкіпінарная вытв-сць метадам сухой перагонкі драўніны праводзілася ў вытв. лесанарыхтоўчых аб’яднаннях. Цяпер атрымліваюць пераважна вугаль і дзёгаць; перапрацоўку жывіцы вядзе акц.т-ва «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахім. з-д). У 1998 выраблена каніфолі хваёвай 7 тыс.т, шкіпінару жывічнага 1,4 т, прэпарата ВРП (рэчыва для наклейкі этыкет на пластыкавыя бутэлькі) 227 т, мальтаміну 20 т, клею-пасты 3002 т, аліфы 3567 т, сальвенту 1873 т, лаку па дрэве 103 т, тасолу 920 т, лаку бітумнага 1503 т, фарбы ВЭ 280 т, лакаў паркетнага ПФ-283—23 т, для фарбаў ПФ-060—288 т. Запланаваныя ў падсочку хваёвыя лясы дазваляюць забяспечыць аб’ём здабычы жывіцы да 15 тыс.т. Акц.т-ва «Лесахімік» штогод перапрацоўвае 10 тыс.т жывіцы. Патрэбнасць у жывіцы для вытв-сці неабходнай Беларусі каніфолі складае 20% ад агульнага аб’ёму яе здабычы.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесахімічная прамысловасць. Збор жывіцы ў леспрамгасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.
На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).
Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».
П.І.Рогач.
Да арт.Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш.дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў П.дз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.тштогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́К (Białystok),
горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц.Беластоцкага ваяводства. 275 тыс.ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.
Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст.наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн.руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач.яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел.паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦККПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.
Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).
У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-вабел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел.т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-рмуз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж.яўр.т-рБССР (1940).
У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац.т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм.т-р (1958, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),
Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.тштогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПУА—НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (Papua New Guinea),
Незалежная дзяржава Папуа—Новая Гвінея (Independent State of Papua New Guinea), дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае ўсх.ч. в-ва Новая Гвінея з суседнімі астравамі (агульная пл. каля 400 тыс.км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. а-вы Новая Брытанія (пл. 36,6 тыс.км²) і Новая Ірландыя (пл. 8,6 тыс.км²), паўн.ч. Саламонавых а-воў, у т. л.в-аўБугенвіль (пл. 10 тыс.км²). На в-ве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага ак.: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Пл. краіны 461,7 тыс.км². Нас. 4705,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Порт-Морсбі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. П.—Н.Г. — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканад. орган — аднапалатны Нац. парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нац. выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца ген.-губернатарам і падсправаздачны парламенту.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, дасягаюць 4508 м (г. Вільгельм). На Пд вострава нізіны і раўніны. Большасць інш. астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў, бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найб. значэнне мае медная руда (в-аў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на Пн) і субэкватарыяльны (на Пд). Сярэднія т-ры ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снеж.—крас., менш акрэслены на Пн) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найб. Флай і Сепік. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9% тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На выш. 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўд. букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на Пд участкі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нац. паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85% складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутр. частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14%). У гарадах невял. групы англа-аўстралійцаў. Вернікі пратэстанты (44%), католікі (22%), прыхільнікі мясц.рэліг. культаў (34%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на выш. 1200—2000 мшчыльн. дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16% насельніцтва. Найб. горад Порт-Морсбі (каля 200 тыс.ж.; 2000), каля 30—40 тыс.ж. у гарадах Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64% насельніцтва.
Гісторыя П. — Н.Г. заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс.г. назад. Каля 5 тыс.г. назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партуг. капітан Ж.Мінезіш. У 1545 ісп. капітан І.О.Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 брыт. мараплавец У.Дампір адкрыў паўн. ўзбярэжжа П. — Н.Г. і в-аў Новая Брытанія, які ў 18—19 ст. даследавалі брыт. і франц. мараплаўцы (Дж.Кук, Л.А.Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я г. сярод жыхароў паўн.-ўсх.ч. П. — Н.Г. жыў рус. вучоны-этнограф М.М.Міклуха-Маклай. У 1884 паўн.-ўсх.ч. Новай Гвінеі абвешчана герм. пратэктаратам Новая Гвінея, а паўд.-ўсх.ч. — брыт. пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усх.ч. вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — прав. Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У 1-ю сусв. вайну Аўстралія акупіравала герм.ч. Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У 2-ю сусв. вайну б.ч. П. — Н.Г. акупіравалі яп. войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліп. 1949 тэр. Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адм. адзінку «Тэр. Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 П. — Н.Г.). У 1951 створаны мясц.Заканад. савет, у 1964 — Тэр. асамблея. У 1973 атрымала ўнутр. самакіраванне.
16.9.1975 абвешчана незалежнасць П. — Н.Г. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Гал. мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, б.ч. насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць паліт. партыі: «Пангу парці», Нар.-дэмакр. рух, Нар.-прагрэс. партыя П. — Н.Г. — чл.ААН (з 1975), Садружнасці.
Гаспадарка. Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нац. прадукт (ВУП) на 1 чал. — каля 2,4 тыс.дол. за год. Гал. галіна — сельская гаспадарка. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца гарнарудная прам-сць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28% ВУП, у прам-сці (пераважна гарнаруднай) — 35%, у абслуговых галінах — 37%. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі пл. да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясц. насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс.га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс.га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс.т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясц. насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукр. трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, гал. галіна — свінагадоўля. У 1997 буйн. раг. жывёлы 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн. галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прам-сці гал. роля належыць здабычы меднай руды на в-ве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны в-ва Новая Гвінея, каля 15 тштогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (71% даюць цеплавыя электрастанцыі, 29% — ГЭС). Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: ф-кі па абагачэнні меднай руды, фанерныя з-ды, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць з-ды бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харч. прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапр. майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыц. лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, марскі. У краіне 19,6 тыс.км аўтадарог, з іх 0,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс.кмунутр. водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 экспарт склаў 2,2 млрд.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72% кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, спажывецкія і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і інш. Грашовая адзінка — кіна.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Папуа—Новай Гвінеі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Сталіца краіны г. Порт-Морсбі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Тыповая папуаская вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
rok, ~u
м. год;
rok szkolny — навучальны год;
rok bieżący — бягучы год;
rok budżetowy — бюджэтны год;
z ~u na rok — з года ў год;
w tym ~u — сёлета, у гэтым годзе;
w zeszłym ~u — летась, у мінулым годзе;
cały rok — цэлы (круглы) год;
rok w rok — штогод, з года ў год;
w rok po ... — у год пасля;
za rok — праз год
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
АМСТЭРДА́М (Amsterdam),
горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс.ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн.т марскіх і больш за 16 млн.т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал.гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны цераз р. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.Х.Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.П.Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.Л.Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.М.Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.
Ф.С.Фешчанка.
Амстэрдам. Плошча Дам.Цэнтральная частка Амстэрдама.