ЗАХО́ДНЯЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў 1917—18. Утворана паводле пастановы Усерас. нарады Саветаў (сак. 1917) на з’ездзе Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. у чэрв. 1917 як часовае аб’яднанне губерняў з мэтай цэнтралізаваць кіраўніцтва мясц. Саветамі. Цэнтр — г. Мінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 З.в. стала адм.-тэр. адзінкай у складзе Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У сувязі з акупацыяй большай ч. Беларусі ням. войскамі (люты 1918) цэнтр вобласці перанесены ў Смаленск. Паводле пастановы 2-га з’езда Саветаў Зах. вобласці (10—14.4.1918) у склад З.в. ўключана і Смаленская губ. У вер. 1918 перайменавана ў Заходнюю камуну.
т. 7, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕНКА (Уладзімір Якаўлевіч) (15.7.1924, в. Губіншчына Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.5.1996),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант К. 28.2.1944 каля в. Янава Быхаўскага р-на знішчыў кулямёт і каля 20 гітлераўцаў, паранены, працягваў бой; у ліп. 1944 у баі на тэр. Смалявіцкага р-на прабраўся з разлікам у тыл праціўніка, агнём пасеяў паніку, што дапамагло сав. падраздзяленням прарваць варожыя пазіцыі; у студз. 1945 на тэр. Польшчы ўдзельнічаў у адбіцці 5 варожых контратак. У 1945—79 на сав. рабоце на Магілёўшчыне.
т. 8, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. і ў Польскім каралеўстве ў 16—18 ст. Утворана ў 1471 замест Кіеўскага княства. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 К.в. далучана да Польшчы, за выключэннем Мазырскага павета, які ўвайшоў у склад Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле Збораўскага дагавора 1649 некат. тэрыторыі К.в. аддадзены ў кіраванне гетмана Б.Хмяльніцкага, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 у К.в. засталіся толькі правабярэжныя паветы (без Кіева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомір. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кіеўскага і Валынскага намесніцтваў Рас. імперыі.
т. 8, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСУ́Р,
дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).
т. 9, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАТЭ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э. — пач. 2 ст. н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.
т. 11, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЧА́НЕ,
частка ўсх.-слав. групы крывічоў, якія ў 9 ст. насялялі тэр. сучаснай Віцебскай і Пн Мінскай абласцей. Межавалі на Пд з дрыгавічамі, на ПдУ са смаленскімі крывічамі, на Пн і У з ізборскімі крывічамі і наўгародскімі славенамі, на З і ПнЗ з лета-літоўскімі плямёнамі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», П. — славяне, якія атрымалі назву ад р. Палата (прыток Зах. Дзвіны). Стварылі адно з ранніх тэр.-паліт. аб’яднанняў, племянное «княжанне», якое дало пачатак Полацкаму княству. Самыя стараж. археал. помнікі — могільнікі культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі, паселішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Свіла, Дзіўная і інш.
Г.В.Штыхаў.
т. 11, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К (Адам Пятровіч) (н. 11.7.1939, в. Асташкавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных н. (1975), праф. (1994). Скончыў Усесаюзны завочны політэхн. ін-т (1970). З 1977 у Гомельскім дзярж. ун-це (у 1979—87 і 1990—98 дэкан, у 1984—98 заг. кафедры). Навук. працы па ацэнцы ўплыву геал. будовы і гідрагеал. рэжыму Прыпяцкага прагіну на структуру геатэрмічных палёў, ролі тэхнагенных палёў у фарміраванні геаэкалагічных умоў тэр. Гомельскай агламерацыі. Удзельнічаў у геал. картаграфаванні тэр. Беларусі магнітна-тэлурычным метадам.
Тв.:
Физика Земли. Гомель, 1994;
Геофизические методы исследований: Гидрогеотермия. Гомель, 1994.
т. 12, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,
частка тэр. Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн. тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас. р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІ́НЦЫЯ (лац provincia),
1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).
3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).
4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)