спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.
2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́злы, ‑ая, ‑ае.
1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.
2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад драць.
2. у знач. прым. Разадраны на кавалкі. [Шпалеры] звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. М. Стральцоў.
3. у знач. прым. Зношаны да дзірак, падраны. Дранае адзенне. □ Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Быкаў.
4. у знач. прым. Здробнены на тарцы. Курловіч еў .. [бліны] з лоем і хваліў за смак, прызнаваўся, што надта любіць увосень бліны з дранай неляжалай бульбы і пшанічнай мукі. Дуброўскі. / Пра стравы. Драныя аладкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. забраў, ‑ла, ‑ло; зак.
Разм.
1. Брыдучы, зайсці далёка. [Тварыцкі] не даглядзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. — Добрую сухастоіну знайсці нялёгка: аж пад Пугачову грыву забрылі. М. Стральцоў.
2. Брыдучы, зайсці куды‑н. выпадкова, мімаходам. Ніхто не заглядвае, мабыць, сюды, Не кратае хмызу, зарослых дарожак, Хіба забрыдзе калі лось малады, Зашоргае лісцем асыпаным вожык. Ляпёшкін. З хаты Тарэнта бачыць увесь свой хутар, кожнага чалавека, які забрыдзе на яго зямлю. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набу́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. пр. ад набухнуць.
2. у знач. прым. Які стаў гатовым да таго, каб распусціцца, прарасці. Набухлыя пупышкі. Набухлае насенне.
3. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. На стук з сянец .. [Валька], не пытаючыся, адкінула кручок і штурханула плячом набухлыя дзверы. Б. Стральцоў.
4. у знач. прым. Які павялічыўся ад прыліву крыві, малака. Моцныя, чырвоныя, з набухлымі венамі рукі... [Карчава], сплёўшыся пальцамі, важна ляжалі на стале перад ім. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыкры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Не пакрыты зверху. На лузе заўсёды з калгаснікамі медфельчар — загадчык медпункта. У яго аптэчка, бінты, ён часам пакрыквае на тых, хто працуе з непрыкрытай галавою. Лупсякоў.
2. Які не абараняецца, пакінуты без прыкрыцця. Непрыкрытыя рубяжы.
3. перан. Які адразу адчуваецца, якога відаць; яўны, відавочны. Непрыкрытая беднасць. Непрыкрытая эксплуатацыя. □ У .. [ветры] было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы густыя .. і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паршы́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Хворы на паршу; шалудзівы. Паршывы кот.
2. перан. Разм. Вельмі дрэнны. — Натура мая, — тут Лапкоў голас загучаў злосцю: — паршывая натура! Але я зламлю яе!.. Колас. Які недаступны калісьці быў лес пры панах! Колькі збожжа ці грошай трэба было аддаць за кубаметр сасны або вазок паршывых дроў!.. Брыль. // Груб. Агідны, нікчэмны, не варты ўвагі. Усю вайну ў пяхоце — і ніводнай драпіны, а тут нейкі паршывы прыстрэлачны снарад — і па ім, па Андрэю Лялюгу. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца рудым, рудзейшым. У Беларусі больш за месяц нясцерпна паліла сонца; вялі кветкі, рудзелі ў парках на ліпах лісты. М. Стральцоў. У полі, каля тэлеграфных слупоў, з кожным днём усё больш і больш рудзела трава. Кулакоўскі.
2. Вылучацца сваім рудым колерам, віднецца (аб чым‑н. рудым). На пагорку ледзь рудзее пакручастая дарожка, як баразёнка, узораная плыўкімі палазамі. Колас. Палі прыцерушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страві́ць 1, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.
1. Зрабіць патраву. Стравіць пасевы. □ Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны.
2. Перавесці, не па-гаспадарску скарміць. — Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося, — паведаміў Ладымер. Чарнышэвіч. [Дзед:] — Малака не дасць: запусцілася, якое ўжо там малако. Сена страўлю, а хто яго мне верне?.. М. Стральцоў.
страві́ць 2, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.
Засвоіць у працэсе стрававання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)