ГЕМАТАЛО́ГІЯ (ад гемата... + ...логія),

навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.

Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.​Вірхаў у 1845, Э.​Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.​Адысан (1855) і ням. А.​Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.​І.​Арынкін, А.​А.​Максімаў і А.​М.​Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.​М.​Чарнігаўскі, М.​А.​Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.

На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРАЛО́ГІЯ (ад грэч. nephros нырка + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае будову і функцыі нырак, прычыны ўзнікнення і механізмы развіцця іх захворванняў; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з агульнай тэрапіяй, кардыялогіяй, уралогіяй, эндакрыналогіяй. Асн. праблемы сучаснай Н.: вострая і хранічная гламерулярныя і тубулярныя працэсы (першасныя і другасныя гламеруланефрыты, інтэрстыцыяльныя нефрыты; вострая і хранічная нырачная недастатковасць, яе лячэнне метадамі гема- і перытанеальнага дыялізу і трансплантацыяй нырак; захворванні нырачнага трансплантата, сімптаматычныя артэрыяльныя гіпертэнзіі). Для дыягностыкі ў Н. выкарыстоўваюць біяхім., рэнтгеналагічныя, радыеізатопныя, марфал., ультрагукавыя і інш. метады даследавання. У самаст. раздзел медыцыны Н. вылучана ў 1950-х.г.

На Беларусі праблемамі Н. займаюцца ў рэсп. нефралагічным цэнтры (4-я бальніца Мінска, Бел. НДІ кардыялогіі), мінскім гар. і абл. нефралагічных цэнтрах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Мінскім мед. ін-це. Вывучаюцца пытанні дыягностыкі і лячэння гламеруланефрытаў, хранічных захворванняў нырак у дзяцей, вострай нырачнай недастатковасці і інш. Вядучыя вучоныя ў галіне Н.: І.І.Канус, В.С.Пілатовіч, А.В.Сукала, А.С.Чыж і інш. Працуюць 18 аддзяленняў Н., 19 аддзяленняў (лабараторый) гемадыялізу, аддзяленне перасадкі ныркі, кабінеты і кансультатыўныя нефралагічныя прыёмы.

Літ.:

Нефрология в терапевтической практике. Мн., 1988;

Стецюк Е.А., Лебедев С.В. Классический гемодиализ. М., 1997;

Пилотович В.С., Соклаков В.И. Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1993.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛО́ГІЯ (ад грэч. petros камень + ...логія),

навука, якая вывучае горныя пароды, іх мінералагічны і хім. саставы, структуры і тэкстуры, умовы залягання, заканамернасці пашырэння, паходжання і пераўтварэння ў зямной кары і на паверхні. Займаецца таксама пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод. Паводле тыпу парод адрозніваюць П._ магматычных, метамарфічных, асадкавых (літалогія), метасаматычных горных парод, метэарытаў, тэхн. каменю. Паводле характару ўласцівасцей горных парод і метадаў іх вывучэння П. падзяляецца на петраграфію, петрахімію, петрафізіку, петратэктоніку і П. эксперыментальную, тэхнічную, касмічную. Звязана з мінералогіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, тэктонікай і інш.

Даследаванні праводзяцца крышталеаптычнымі і рэнтгенаскапічнымі метадамі, спектральным, рэнтгенаўскім мікрааналітычным, хім. і ізатопным аналізамі, фотаэлектроннай спектраскапіяй, фіз. і матэм. метадамі. Паводле петралагічных даных вывучаецца эвалюцыя зямной кары, устаноўлена неабарачальнасць магматычных працэсаў і іх зменлівасць у прасторы і часе. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры геал. карціраванні, пошуках карысных выкапняў і інш.

На Беларусі петралагічныя даследаванні вядуцца па вывучэнні горных парод у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, у арганізацыях ВА «Белгеалогія» (у т. л. ў Бел. геолагаразведачным НДІ), у Цэнтр. лабараторыі.

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы литологии. 3 изд. Л., 1961;

Петрография. Ч. 1—3. М., 1976—86;

Мейсон Р. Петрология метаморфических пород: Пер. с англ. М., 1981;

Пап А.М. Кристаллический фундамент Белоруссии М., 1977.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бальнеало́гія

(ад лац. balneum = лазня, купанне + -логія)

раздзел медыцыны, які вывучае хімічны склад і лячэбнае ўздзеянне мінеральных водаў і гразяў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гельмінтало́гія

(ад гельмінты + -логія)

навука аб чарвях-паразітах (гельмінтах) і хваробах (гельмінтозах), якія яны выклікаюць у чалавека, жывёл і раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нутрыцыяло́гія

(ад п.-лац. nutritio = харчаванне + -логія)

навука аб харчаванні чалавека і жывёл, якая вывучае фізіялогію, біяхімію і гігіену харчавання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палемало́гія

(ад гр. polémos = вайна + -логія)

навука аб вайне як сацыяльнай з’яве, аб яе прычынах і выніках ва ўсіх аспектах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

саматало́гія

(ад гр. soma, -atos = цела + -логія)

раздзел антрапалогіі, які вывучае варыяцыі памераў і прапорцый чалавечага цела і яго частак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

уфало́гія

(ад англ. UFO < Unkown Fryling Object = неапазнаны лятаючы аб’ект + -логія)

збор, сістэматызацыя і аналіз матэрыялаў аб неапазнаных лятаючых аб’ектах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

харало́гія

(ад гр. choros = месца + -логія)

раздзел біялогіі, які вывучае арэалы распаўсюджання асобных відаў, родаў і сямействаў жывёл і раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)