МЕНТАВА́Й (Mentawai),

група астравоў у Індыйскім ак., каля паўд.-зах. ўзбярэжжа Суматры. Тэр. Інданезіі. Каля 70 астравоў агульнай пл. 6,1 тыс. км² (найб. в-аў Сіберут). Рэльеф узгорысты (выш. да 406 км), каля паўн.-ўсх. берагоў каралавыя рыфы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў 3—4 тыс. мм за год. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі каўчуканосаў, какосавай пальмы. Рыбалоўства.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТО́НА (Menton),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі, адзін з буйнейшых курортаў Рыўеры. На У ад г. Ніца, на ўзбярэжжы Міжземнага м. (Блакітны бераг). Развіваецца з 19 ст., мае міжнар. значэнне. Клімат міжземнаморскага тыпу, спрыяльны для лячэння хвароб абмену рэчываў, органаў дыхання, функц. расстройстваў нерв. сістэмы. Буйны цэнтр міжнар. турызму. Атэлі, лячэбніцы, пансіянаты і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛАРБАР (Nullarbor Plain літар. бязлесная раўніна),

раўніна на Пд Аўстраліі, на Пд ад пустыні Вікторыя. Даўж. ўздоўж узбярэжжа Вял. Аўстралійскага заліва амаль 600 км. Складзена з вапнякоў. Паверхня плоская з карставымі варонкамі да 1,5 км у папярочніку і невял. карамі. Клімат субтрапічны, паўпустынны. Пераважаюць паўсукулентныя галафітныя хмызнякі, трапляюцца рэдкалессі эўкаліптаў і акацыевых. Рэзерват Вял. пустыня Вікторыя.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю, на Пн ад Токіо, у даліне р. Дая. Клімат марскі, вільготны, мусонны. На схілах г. Насу — гарачыя (да 65 °C) крыніцы гідракарбанатна-сульфатна-кальцыевых вод, якія выкарыстоўваюць для ваннаў пры захворваннях органаў апоры і руху, скуры. Размешчаны ў аднайменным нац. парку. Цэнтр турызму.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-РЭ́МА (San Remo),

прыморскі кліматычны курорт у Італіі. Размешчаны на беразе Лігурыйскага м., каля падножжа Прыморскіх Альпаў. Клімат мяккі міжземнаморскі, багатая субтрапічная расліннасць. З 2-й пал. 19 ст. міжнар. цэнтр турызму. Лячэнне захворванняў лёгкіх, функцыян. расстройстваў, нерв. сістэмы і інш. Шматлікія атэлі, пансіянаты, санаторыі. Вядомы як цэнтр кветкаводства, штогадовых міжнар. фестываляў італьян. песні (з 1951).

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

кліматабальнеалагічны курорт на Беларусі. За 25 км ад г. Рэчыца, на беразе Дняпра. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой. Крыніца мінер. водаў з вял. колькасцю ёду. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (у т. л. дубровамі), частку займае маляўнічая пойма ў лукавіне Дняпра. Умовы спрыяльныя для псіхал. разгрузкі, лячэння агульнасаматычных хвароб. Базы для каротка- і доўгатэрміновага адпачынку.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РАВЕЦ,

горнакліматычны курорт у Балгарыі. На ПдЗ ад Сафіі на паўн. схілах гор Рыла. Адзін са старэйшых і папулярных у Балгарыі, развіваецца з 19 ст. (у мінулым месца адпачынку вяльможаў, летняя рэзідэнцыя царскай сям’і). Сярэднягорны клімат з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам спрыяльны пры лячэнні неспецыфічных хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Каля 200 відаў, атэлі, кемпінг, дамы адпачынку.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА АСТРАВЫ́ (Admiralty Islands),

група вулканічных і каралавых астравоў на З Ціхага ак., у Бісмарка архіпелагу. Уваходзіць у склад Папуа—Новая Гвінея. Пл. 2072 км². Нас. 33,3 тыс. чал. (1978), папуасы. Выш. да 719 м. Найб. значны в-аў Манус (1,6 тыс. км²). Клімат трапічны, вільготны. Плантацыі какосавых пальмаў. Рыбалоўства. Гал. горад — Ларэнгау. Адкрыты ў 1527—29 ісп. мараплаўцам А.​Сааведра.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́ХУ (Oahu),

востраў у Ціхім ак., у складзе Гавайскіх астравоў. Тэр. ЗША. Пл. 1574 км². Нас. 836,2 тыс. Чал. (1990). Паверхня гарыстая (выш. да 1228 м), складзена з лавы. Клімат пасатны. Найб. населены і эканам. развіты востраў архіпелага. Важны трансп. вузел. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Турызм. Гал. горад і адм. ц. штата Гаваі—Ганалулу. На востраве ваенна-марская база ЗША Пёрл-Харбар.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЛАНД (Gotland),

самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)