КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),
механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл.Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт.Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДАР (Карл Іванавіч) (17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРКЗах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРКЗах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНКЗах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж.кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл.ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЭ́НЗІЯ (ад лац. licentia свабода, права),
1) дазвол на выкарыстанне абароненых патэнтам вынаходстваў, карысных мадэляў і інш.тэхн. дасягненняў. Даецца патэнтаўладальнікам (ліцэнзіярам) юрыд. або фіз. асобам (ліцэнзіяту) на пэўны тэрмін за пэўнае ўзнагароджанне; афармляецца ліцэнзійным дагаворам. Адрозніваюць Л. патэнтную (даецца на запатэнтаванае вынаходства) і беспатэнтную (даецца на незапатэнтаванае вынаходства). Асн. віды патэнтнай Л.: невыключная (дазваляе ліцэнзіяру самому выкарыстоўваць вынаходствы або даваць Л. інш. асобам), выключная (ліцэнзіяр адмаўляецца ад выдачы Л. інш. асобам і ад самастойнага выкарыстання вынаходства ў вызначаных дагаворам межах), поўная (прадугледжвае поўнае адмаўленне ліцэнзіяра ад самастойнага выкарыстання вынаходства), прымусовая (даецца ў выпадку невыкарыстання або недастатковага выкарыстання вынаходства з прычыны нязгоды патэнтаўладальніка даваць Л.; пытанне аб выдачы прымусовай Л. вырашаецца ў судзе).
2) Дазвол на вядзенне некаторых відаў дзейнасці, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам належаць ліцэнзаванню (напр., прыватныя медыцынская, банкаўская дзейнасць).
3) Дазвол на ажыццяўленне экспартна-імпартных аперацый, увоз, вываз або транзіт пэўнай колькасці тавараў, свабодны ўвоз, вываз або транзіт якіх не дапускаецца; выдаецца дзярж. органамі з мэтай кантролю экспарту, імпарту, руху валюты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУТ «БЕЛРАД».
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. навукова-тэхн. цэнтра «Радыяметр» (утвораны ў 1990 на базе Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі). У ін-це (2000): аддзел радыяцыйнага маніторынгу прадуктаў харчавання, лабараторыя спектраметрыі чалавека і радыяцыйнай аховы насельніцтва, доследная вытв-сць са спецыялізаванымі лабараторыямі радыяцыйных вымярэнняў і распрацоўкі радыеметрычных прылад.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: стварэнне і рэалізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу харч. прадуктаў на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі; распрацоўка новых методык кантролю забруджанасці радыенуклідамі прадуктаў харчавання і с.-г. прадукцыі; распрацоўка, выраб і ўкараненне радыеметрычных прылад; абследаванне жыхароў Чарнобыльскай зоны па вызначэнні ўзроўню назапашвання радыенуклідаў у арганізме і распрацоўка рэкамендацый па радыяцыйнай ахове насельніцтва; даследаванне эфектыўнасці энтэрасарбентаў розных тыпаў, у т. л. пекцінзмяшчальных прэпаратаў, для выдалення радыенуклідаў з арганізма. Ін-т мае спектрометры выпрамянення чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў перасоўных радыелагічных лабараторыях для вызначэння колькасці цэзію-137 у арганізме людзей; у 1996—2000 абследавана больш за 95 тыс.бел. дзяцей. З 2000 выпускаецца пекцінавая харч. дабаўка «Вітапект». У Ін-це працуе чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.Б.Несцярэнка (дырэктар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л.с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж.к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл.Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус.правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял.Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролюБеларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТО́Н ((Breton) Андрэ) (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),
французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл.Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;
У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;
Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЗМ,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Антон) (н. 26.6.1909, Мінск),
гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл.Цэнтр. рады Бел.нар. самапомачы, прэзідыума Бел.навук.т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ РУХАВІ́К,
цеплавы або электрычны рухавік для аўтамабіляў. Найб. пашыраныя поршневыя рухавікі ўнутранага згарання складаюцца з корпуса (картэр з паддонам і блок цыліндраў з галоўкай), крывашыпна-шатуннага і газаразмеркавальнага механізма, сістэм сілкавання палівам, выпуску адпрацаваных газаў, ахаладжэння і інш. Маюць 2- ці 4-тактавы рабочы працэс, ад 2 да 12 цыліндраў, размешчаных вертыкальна, V-падобна ці гарызантальна. Працуюць на вадкім і газавым паліве, маюць знешняе ці ўнутранае сумесеўтварэнне, іскравое запальванне ці ўзгаранне ад сціскання (дызелі). Выкарыстоўваюцца таксама ротарна-поршневыя, газатурбінныя рухавікі, электрарухавікі. Развіццё аўтамабільных рухавікоў ідзе ў кірунку павышэння эканамічнасці і рэсурсу работы, выкарыстання новых трывалых матэрыялаў (кераміка, кампазіты і інш.), электронных сістэм кантролю і кіравання рабочым працэсам, зніжэння шкодных выкідаў, памяншэння масы і габарытаў. На Беларусі вытворчасць аўтамабільных рухавікоў пачата ў 1992 на Мінскім маторным з-дзе, дзе зроблены дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 з гарыз. размяшчэннем цыліндраў магутнасцю 155 кВт (210 к.с.) пры 2100 абаротах за мінуту. Прызначаны для гарадскіх аўтобусаў.
Літ.:
Двигатели внутреннего сгорання: Устройстве и работа поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1990;
Автомобильные двигатели. 2 изд. М., 1977.
В.А.Сяргеенка.
Дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 Мінскага маторнага завода.