АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.​Талстога, «Агонь і снег» І.​Шамякіна.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),

трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.​Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.​Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.​Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.

І.​Л.​Бурак.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,

працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖАНЬ,

доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),

рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст. тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш. Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),

навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.

Літ.:

Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;

Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ. М., 1977;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раманты́зм, -у, м.

1. Кірунак у літаратуры і мастацтве канца 18—1-й палавіны 19 ст., прыхільнікі якога выступалі супраць канонаў класіцызму і сцвярджалі неабходнасць стварэння вобразаў ідэальных герояў і пачуццяў, выкарыстоўваючы гістарычныя і народна-паэтычныя тэмы.

2. Мастацкі метад, у якім першаступеннае значэнне адводзіцца суб’ектыўнай пазіцыі мастака ў адносінах да з’яў жыцця і паказу высокага прызначэння чалавека.

3. Настрой думак, светаадчуванне, прасякнутыя ідэалізацыяй рэчаіснасці, летуценнай сузіральнасцю.

|| прым. раманты́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

катэго́рыя

(лац. categoria, ад гр. kategoria = выказванне, суджэнне)

1) навуковае паняцце, якое выражае найбольш агульныя і істотныя сувязі з’яў рэчаіснасці (напр. к. прычыннасці);

2) група з’яў, прадметаў або асоб, аб’яднаных агульнымі прыметамі (напр. узроставая к.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

адзі́нкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сустракаецца не групай, не ў мностве, а ў выглядзе паасобных адзінак. Адзінкавы выпадак.

2. у знач. наз. адзі́нкавае, ‑ага, н. Філасофская катэгорыя; працэс, з’ява або прадмет з яго ўласцівасцямі і асноўнымі адзнакамі, якія адрозніваюць яго ад іншых працэсаў, з’яў або прадметаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аказіяналі́зм, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Ідэалістычны погляд у еўрапейскай філасофіі 17 ст., які адмаўляў натуральную сувязь душы і цела, узаемадзеянне псіхічных і фізічных з’яў без непасрэднага ўмяшання бога.

2. ‑а. Слова, пабудаванае па законах дадзенай мовы, але ўжытае адзін раз, для дадзенага выпадку.

[Лац. occasionalis — выпадковы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)