Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».
Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.Габрыелі, Дж.Фрэскабальдзі, Ф.Куперэн, І.Пахельбель, І.С.Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.Ліст, М.Рэгер, П.Хіндэміт, А.Месіян, у Расіі С.Танееў, Ф. і А.Гедыке, Р.Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арган ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.Янчанка, К.Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.Залётнеў, А.Навахрост, Л.Шлег і інш.
І.Дз.Назіма.
Арган у зале Беларускай філармоніі.Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАГДА,
горад у Расіі, цэнтр Валагодскай вобл. 293 тыс.ж. (1994). Прыстань на р. Волагда. Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (тралёвачныя машыны, станкабудаванне, вытв-сць аптычна-мех. сістэм, падшыпнікаў, электраапаратуры і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўніна дзелавая, дамы з дрэва; вытв-сць фанеры, кардону, мэблі), хім. (каніфоль, фарбы), паліўная (торфапрадукты), лёгкая (вытв-сць ільновалакна; швейная, трыкат., абутковая, футравая), харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя зборныя канструкцыі, цэгла сілікатная і керамічная). Здабыча нафты. 3 ВНУ. 2 т-ры. 5 музеяў. Традыцыйнае пляценне карункаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1147. Засн. наўгародцамі на волаку, які злучыў басейны рэк Сухана і Шэксна. Да канца 14 ст. ўладанне Ноўгарада, потым у Маскоўскім вял. княстве, гандл. і рамесны цэнтр Расіі. У 1565 пачата буд-ва цаглянага крамля (не завершана). У 1612 Волагда моцна разбурана ў час польска-швед. інтэрвенцыі. З 1708 у складзе Архангельскай губ., з 1719 цэнтр правінцыі, з 1780 Валагодскага намесніцтва, з 1796 губерні. У 1820-я г.засн. промысел карункапляцення. У канцы 19 — пач. 20 ст. праз Волагду пракладзена чыгунка, якая злучыла горад з Масквой, Архангельскам, Пецярбургам і Вяткай. З 1937 цэнтр Валагодскай вобл. У царскія і сав. часы месца паліт. ссылкі.
На тэр. старога цэнтра Волагды — Архірэйскага двара, абкружанага мураванымі сценамі і вежамі (1671—75), размешчаны Сафійскі сабор (1568—70, размалёўкі 1686—88), 8-гранная званіца (1654—59, перабуд. ў 19 ст.), 2-павярховыя палаты Казённага прыказа (1659), 3-павярховыя палаты Іосіфа Залатога (1764—69), Васкрасенскі сабор (1772—76; цяпер карцінная галерэя). Шматлікія цэрквы ў стылі «ўзорачнай» (Канстанціна-Яленінская царква, каля 1690) і «нарышкінскай» (царква Стрэчання на набярэжнай, 1731—35, і інш.) архітэктуры. На ўскраіне горада Спаса-Прылуцкі манастыр (16—17 ст.). З 1781 Волагда забудоўвалася паводле рэгулярнага плана невял. асабнякамі (пераважна ў стылі класіцызму) і драўлянымі дамамі, багата ўпрыгожанымі разьбой.
Літ.:
Вздорнов Г.И. Вологда. 2 изд. Л., 1978;
Сокровища земли вологодской: Фотоальбом. М., 1986.
Да арт.Волагда. Жылы дом. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Волагда. Сафійскі сабор са званіцай.
1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам.Чорны.//Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.
2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны.Колас.// Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.
3.перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога.Карпюк.
4.Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь.Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Падаючы належны выгляд, засунуць, укласці край, канцы чаго‑н. куды‑н. [Ганна Васільеўна] заправіла пад хустку пасму сівых валасоў, і твар яе стаў суровым.Няхай.Увёў Аўдолевіч каня ў аглоблі, заправіў дугу і давай засупоньваць хамут.Брыль.// Заслаць, прыбраць. Заправіць ложак.
2.чым. Пакласці ў страву прыправу, закрасу. Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай.Колас.// Унесці ў глебу ўгнаенні. У калгасе ўсё дэталёва прадугледзелі, усё паставілі на службу ўраджаю: загадзя падабралі ўчасткі, багата запрасілі іх угнаеннямі, паклапаціліся пра насенне высокаўраджайных, перспектыўных сартоў.«Звязда».
3.чым і без дап. Падрыхтаваць для карыстання (машыну, прыбор і пад.), заліўшы або заклаўшы неабходнае рэчыва. Заправіць сіфон. Заправіць бак бензінам. Заправіць машыну.// Уставіць патрэбную дэталь у якую‑н. прыладу, механізм, рыхтуючы іх да работы. Заправіць бабіну ў прадзільную машыну.// Змясціць, паглыбіць што‑н. у што‑н. Заправіць насенне ў глебу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло.Ваданосаў.Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час.Колас.// Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно.Грамовіч.Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці.Шамякін.
2.безас.зінф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй.Гартны.
•••
Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.
Трапіцца на вочыкаму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.
Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пло́йма, плы́йма, плу́йма, плэйма ’мноства (аб жывых істотах)’, ’безліч, вялікая колькасць, зборышча чаго-н., кампанія’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Шат., Клім., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Растарг., Жд. 1, Жд. 3; Варл.; бялын., Янк. Мат., Янк. 3.: мсцісл., Янк. 2; мсцісл., Юрч. СНЛ; Сцяшк. МГ; барыс., драг., Сл. Брэс.; паўн.-усх., КЭС), ’стада кароў, табун коней, статак авечак’ (карм., ЛА, 1), плоймаю ’кучай’ (калінк., З нар. сл.), плуймо ’многа’ (круп., ЛА, 5), ’дзятва, дзеці’ (Бяльк.), ’сваякі’ (Юрч. СНЛ), плойма ’гультай’ (лях., Сл. ПЗБ), укр.палес.пли́йма ’безліч, мноства’. Варбот (Этимология–1986–1987, 62–63) суадносіць бел. лексему з серб.-харв.plȏjba ’шмат вады на столі, падлозе пры кепскім даху’, якое Скок (2, 687) выводзіць у якасці далматараманскага рэлікта, вульг.-лац.*plǫvia < лац.pluvia ’дождж, дажджавая вада’. Варбот (там жа) уключае лексему *plojьma ў этымалагічнае гняздо і.-е.*pel‑ ’ліць, цячы, напаўняць’, ’нараджаць’, якая разглядаецца як вытворная ад асновы з коранем у нулявой агаласоўцы і пашырэннем яе на ‑i‑; да гэтага гнязда належыць прасл.*pьlnъ(jь), *plodъ, *plemę, *plęgti ’пладзіцца, вырастаць’. Параўн. таксама Люканен, 1, 172 (плойма < *plodma ад *ploditi). Магчыма, да плыць (гл.), як рус.вой ад выть, гл. аплавітна ’багата’. Значэнне ’вялікая колькасць вады’ — адлюстраванне першаснай семантыкі і.-е.*pel‑ ’ліць, цячы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
нага́, -і́, ДМ назе́, мн. но́гі і (з ліч. 2, 3, 4) нагі́, ног, Д нага́м, ж.
1. Адна з дзвюх ніжніх канечнасцей чалавека, а таксама адна з канечнасцей птушак і жывёл.
Доўгія ногі.
Пераступіць з нагі на нагу.
Левая нага.
2. Апора, ніжняя частка мэблі, пабудовы, механізма.
Стол на чатырох нагах.
◊
Адной нагой у магіле — быць блізкім да смерці.
Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, што ёсць моцы.
Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму-н.
Быць на роўнай назез кім — быць у добрых сяброўскіх адносінах.
Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.
Ледзь вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца.
Ледзь ногі носяць — аб вялікай стомленасці, старасці.
Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).
Нага ў нагу — нароўні з кім-н., у адпаведнасці з кім-, чым-н.
На шырокую нагу (разм.) — вельмі багата, раскошна.
Ні нагойкуды, да каго — не бываць дзе-н.
Ног не чуць пад сабой —
а) вельмі хутка;
б) вельмі стаміцца.
Падняцца на ногі — стаць дарослым, самастойным.
Падняць на ногі — усхваляваць, прымусіць трыво́жыцца.
Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што-н.
Паставіць на ногі — вылечыць, выгадаваць да самастойнага жыцця.
Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.
Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі.
|| памянш.-ласк.но́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.
|| прым.нажны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
КАЛУ́МБІЯ (Colombia),
Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́МА,
збудаванне пераважна яруснай кампазіцыі з каменю ці дрэва, з гал. уваходам або праездам у замак, горад, сядзібу ці інш. замкнёны комплекс пабудоў. Звычайна была звязана з абарончымі сценамі або агароджай гарадоў, замкаў і асобных комплексаў.
У еўрап. архітэктуры найб. пашыраны ў 14—17 ст. Першапачаткова мелі абарончы характар (брама «Субач» у Вільні), з 16 ст. набылі складаныя дэкар. формы і багатае вонкавае аздабленне (у архітэктуры рэнесансу і барока). Своеасаблівы тып брамы — арка трыумфальная. Будаваліся з каменю, цэглы, дрэва, часам мелі мяшаную канструкцыю («прускі мур»).
На тэр. Беларусі ўзніклі ў жал. веку як збудаванні, якія ахоўвалі ўезд на гарадзішча, пашырыліся ў стараж.-рус. крапасным буд-ве. У 14—18 ст. існавалі брамы гарадскія (іх ставілі на ўездах у горад, былі часткай сістэмы вонкавых абарончых умацаванняў), замкавыя (праезныя брамы-вежы), сядзібныя, палацавыя, кляштарныя, манастырскія і інш. З’яўляліся самаст. збудаваннямі або часткай арх. комплексу. У гар. брамах былі абарончыя памяшканні, мытня, кардэгарда, капліца і інш., іх будавалі ў выглядзе вежападобных і ярусных кампазіцый (гл.Нясвіжская Слуцкая брама, Нясвіжская замкавая вежа). Замкавыя брамы мелі пад’ёмныя масты, барбаканы і інш. У ніжнім ярусе і скляпах размяшчаліся памяшканні для варты, склады, турма, наверсе — баявыя, жылыя памяшканні, капліца (гл. ў арт.Мірскі замкава-паркавы комплекс, Кобрынскія замкі, Радашковіцкі замак). З 16 ст. замкавыя брамы паступова страчвалі абарончыя рысы, у замкава-палацавых комплексах 17—18 ст. ператварыліся ў багата дэкарыраваныя парадныя ўезды рэнесансавых і барочных палацавых рэзідэнцый і падкрэслівалі вось кампазіцыі ансамбля (уязная брама палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы). У 18 ст. брамы набылі пышнае дэкар. афармленне картушамі і інш. дэталямі, некат. ярусныя вежы ўпрыгожаны атыкамі, складанымі франтонамі (Ружанскі палацавы комплекс). У 19 ст. ўвайшлі ў палацава-паркавыя ансамблі, мелі рысы класіцызму і несапраўднай готыкі. У драўляным сядзібным дойлідстве брамы будавалі ў 1—3 ярусы. Асаблівы тып брамы — брама-званіца ў манастырах або пры цэрквах; мела звычайна 2 ярусы: унізе праход, гасп. і жылыя памяшканні, наверсе — званіца. Брамы адыгрывалі таксама маст. ролю ў кампазіцыі грамадскіх будынкаў: ратуш, гандл. радоў, аўстэрый, гасціных двароў. У выглядзе брамы вырашаюцца некаторыя вароты ў нар. жыллі 19—20 ст.
Уязная брама ў Ружанскім палацавым комплексе (Пружанскі раён Брэсцкай вобл.).Уязная брама ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе (Мінская вобл.).Брама-вежа Мірскага замка (Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬ, Версай (Versailles),
горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Адм. ц. дэпартамента Івелін. 91 тыс.ж. (1990). Харч. і маш.-буд.прам-сць. Версаль — былая каралеўская рэзідэнцыя. Палацава-паркавы ансамбль. Турызм. Месца заключэння шэрагу міжнар. пагадненняў, у т. л.Версальскага мірнага дагавора 1919.
Палацава-паркавы ансамбль Версаля ўзнік з паляўнічага замка Людовіка XIII (1624, перабудаваны ў 1631—34, арх. Ф.Леруа), які ў выніку некалькіх перабудоў (1661—68, арх. Л.Лево; 1670—74, арх. Ф. д’Арбэ; 1678—89, арх. Ж.Ардуэн-Мансар) ператварыўся ў вял палац (даўж. фасада 576,2 м) з багата аздобленымі параднымі і жылымі інтэр’ерамі і паркам. У аснове планіроўкі 3 дарогі, якія веерам ідуць ад палаца да Парыжа, каралеўскіх палацаў Сен-Клу і Со. Гал. алея з басейнамі Латоны і Апалона і з Вял. каналам (даўж. 1520 м) утварае вось сіметрыі рэгулярнага парку (1660-я г., арх. А.Ленотр) з багатымі павільёнамі, фантанамі, дэкар. скульптурай (Ф.Жырардон, А.Куазевокс і інш.). Фасад палаца, звернуты да Парыжа, утвараюць Мармуровы двор (1662, арх. Лево), Двор прынцаў (правае крыло, пазней наз. «Крыло Габрыэля», 1734—74; каралеўская капэла, 1689—1710, арх. Ардуэн-Мансар; левае крыло — «Крыло Дзюфура», 1814—29) і Двор міністраў (1671—81, арх. Ардуэн-Мансар). Фасад палаца з боку парку складаюць карпусы: цэнтральны (з 1668. арх. Лево, завершаны арх. Ардуэн-Мансарам), паўд. (1682) і паўн. (1685, абодва арх. Ардуэн-Мансар); Оперны т-р (1748—70, арх. Ж.А.Габрыэль, скульптар А.Пажу). Інтэр’еры аформлены ў 17—18 ст. (арх. Ардуэн-Мансар, Лево, жывапіс Ш.Лебрэна і інш.). На Пн ад Вял. канала палацы Вял. Трыянон (1670—72, арх. д’Арбэ па планах арх. Лево, 1687, арх. Ардуэн-Мансар) і Малы Трыянон (1762—64, арх. Габрыэль), да якога прылягае пейзажны парк (1774, арх. А.Рышар) з Бельведэрам (1777), храмам Кахання (1778), Малым т-рам (1780, усе арх. Р.Мік) і «вёскай» Марыі Антуанеты (1783—86, арх. Мік, маст. Ю.Рабер). У 1830 ансамблі ператвораны ў Нац. музей Версаля і Трыянонаў. Версаль уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Алпатов М.В. Архитектура ансамбля Версаля. М., 1940;
Benoist L. Histoire de Versaille. Paris, 1973.
Да арт.Версаль. Зала вайны.Да арт.Версаль. Цэнтральны корпус палаца.Да арт.Версаль. Люстэркавая галерэя.