ПЕТУШКО́Ў (Аляксей Свірыдавіч) (18.10.1913, г. Лісічанск Луганскай вобл., Украіна — 27.7.1991),
Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Сталінградскую ваен. авіяшколу (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра авіяпалка далёкага дзеяння падпалк. П. да крас. 1944 зрабіў 250 баявых вылетаў на бамбардзіроўку варожых аб’ектаў у Варонежы, Курску, Арле, Харкаве, Кіеве, Мінску, Таліне, Нарве, Пскове, Оршы. Удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Бухарэста, Данцыга, Будапешта, Берліна. Да 1959 у Сав. Арміі, да 1977 на адм. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧКО́ВАЯ ЗБРО́Я,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
інжыні́рынг
(англ. engineering = інжынерная справа)
сфера дзейнасці па распрацоўцы аб’ектаў прамысловасці, іх інфраструктуры і інш., перш за ўсё ў форме прадастаўлення аказання на камерцыйнай аснове розных інжынерна-кансультацыйных паслуг.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.
У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),
філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш.Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.
Літ.:
Энгельс Ф.Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);
Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІЧЫНЯ́ў матэматыцы,
колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́КА (франц. attaque),
найбольш адказны перыяд наступальнага бою сухапутных войскаў, авіяцыі і ВМФ. Бывае пяхотная, конная, танкавая, паветраная, тарпедная (у марскім баі), ракетная і інш.; па часе правядзення — дзённая і начная, па напрамках — франтальная, флангавая, з тылу. Сухап. войскі звычайна атакуюць праціўніка пасля агнявых удараў усімі сродкамі зброі па яго пазіцыях і аб’ектах. Мотастралковыя падраздзяленні могуць атакаваць і на бронетранспарцёрах, не спешваючыся з машын. Паветраная атака — імклівы налёт самалётаў для абстрэлу і бамбардзіроўкі пазіцый і аб’ектаў праціўніка. У марскім баі атака ажыццяўляецца ўсімі родамі ВМФ, у т. л. авіяцыяй, падводнымі лодкамі і скораснымі надводнымі караблямі.