палац-замак сярэдзіны 13 — пач. 14 ст. ў Іспаніі каля Гранады; узор познамаўрытанскай архітэктуры. Да 1492 рэзідэнцыя эміраў Гранады.
Ад горада Альгамбра аддзелена цяснінай р. Дара і абкружана мураванымі крапаснымі сценамі з вежамі. Залы (Абенсерахаў, Паслоў, Дзвюх сясцёр, Суда) групуюцца, як і інш. памяшканні Альгамбры, абапал двароў — Міртавага з вадаёмам і Львінага; аздоблены мармурам, глазурай, вытанчаным разьбяным і размаляваным арнаментам, мазаікай. У ансамбль Альгамбры ўваходзіць недабудаваны палац Карла V (пачаты ў 1526, арх. П.Мачука) — помнік ісп. рэнесансавага дойлідства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 6.5.1918, с. Манастырскае, Саратаўская вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). У 1968—90 гал. рэдактар час. «Москва». Падзеі Вял.Айч. вайны, армейскія будні адлюстраваны ў рамане «Салдаты» (1951—53), аповесцях «Наследнікі» (1957), «Дывізіёнка» (1959), зб-ках апавяданняў «Наш лейтэнант» (1955), «Жылі-былі два таварышы...» (1958), мінулае і сучаснае жыццё вёскі — у раманах і аповесцях «Вішнёвы вір» (1961), «Хлеб — імя назыўное» (1964; фільм пад назвай «Жураўлік»), «Каруха» (1968), «Вярба неплакучая» (кн. 1—2, 1971—75; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Задзіры» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАДО́ЎСКІ (Марк Канстанцінавіч) (18.12.1888, г. Іркуцк — 24.11.1954),
рус. фалькларыст, этнограф, літ.-знавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Даследаваў праблемы казказнаўства, асобныя жанры фальклору («Ленскія галашэнні», 1922; «Верхняленскія казкі», 1938), сувязь вуснай нар. творчасці і л-ры («Руская казка», т. 1—2, 1932; «Артыкулы па літаратуры і фальклоры», 1960, і інш.). Найб. значная праца «Гісторыя рускай фалькларыстыкі» (т. 1—2, 1958—63) змяшчае факты з гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. творчасці. Бел. фальклорны матэрыял выкарыстаў у каментарыях да складзенага ім зб. «Народныя казкі пра бога, святых і папоў: Рускія, беларускія і ўкраінскія» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),
мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, Ф.Бохвіц, Ю.Струміла, Я.Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.
В.Ф.Шматаў.
Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Зігмунт Іосіфавіч) (па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),
бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).
Літ.:
Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Марыян Станіслаў) (25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),
удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас.рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.
Літ.:
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАГА́ДРА ((Avogadro) Амедэо) (9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),
італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл.Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз.Авагадра пастаянная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́Н (Хачатур Авецікавіч) (14.4.1805, с. Канакер, каля г. Ерэван — 14.4.1848),
армянскі пісьменнік, асветнік-дэмакрат, заснавальнік новай арм. літаратуры і літ. мовы, педагог. Класік арм. л-ры. Выступаў за нац. культурнае і паліт. адраджэнне армян, супраць сярэдневяковых схаластычных метадаў, дагматызму і фармалізму ў школьным навучанні. Першы нац.гіст. раман «Раны Арменіі» (1841, выд. 1858) — пра вызв. барацьбу арм. народа ў перыяд руска-іранскай вайны 1826—28. Пед. погляды выказаў у кн. «Перадсцежжа» (1838), рамане «Гісторыя Тыграна, ці Маральнае настаўленне для армянскіх дзяцей» (выд. 1941). Аўтар навук.-маст. твораў «Адкрыццё Амерыкі» (выд. 1940), «Курды» (1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІ́ДЗЕНСКІЯ ЭМА́ЛІ,
бронзавыя ўпрыгожанні (падвескі-лунніцы, пацеркі) позняга этапу зарубінецкай культуры (2—5 ст.), аздобленыя выемчатымі эмалямі. Выраблялі, як мяркуюць, у ювелірнай майстэрні на паселішчы Адаменка (Быхаўскі р-н, урочышча Абідня). Трохвугольныя лунніцы (верхні вугал служыў вушкам) знізу завершаны круглымі гнёздамі для чырвонай эмалі (плаўленае рымскае шкло). Кожны вугал упрыгожваюць яшчэ тры выступы-дыскі. Пацеркі ў форме сплюшчаных выцягнутых паралелепіпедаў. Аналагічныя ўпрыгожанні знойдзены і на суседнім паселішчы Тайманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),
старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.