ЛЯЎКО́НІЯ, мацыёла (Matthiola),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 55 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Афрыцы. Расце на сухіх схілах. У культуры з 16 ст. Л. сівая (M. incana). У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Л. двухрогая (M. bicornis) і Л. сівая.

Адна- і шматгадовыя травы, радзей паўкусты. Сцёблы прамастойныя, густагалінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, падоўжанае. Кветкі простыя ці махрыстыя, рознакаляровыя, пахучыя, у гронках. Плод — стручок. Дэкар. расліны.

Ляўконія двухрогая.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́КІЯ (Maackia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 6 відаў. Пашырана ва Усх. Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. амурская, або акатнік (M. amurensis).

Лістападныя дрэвы выш. да 20 м. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, даўж. да 30 см. Кветкі шматлікія, у густых гронках, часам разгаліноўваюцца каля асновы. Плод — струк. Драўніна ўстойлівая да гніення, ідзе на выраб фанеры, паркету, гнутай мэблі. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для замацавання схілаў і яроў.

Маакія амурская: парастак з пладамі.

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДОМ САВЕ́ТАЎ,

помнік грамадз. архітэктуры 1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1937—39 (арх. І.Лангбард). Уваходзіць у арх. ансамбль пл. Леніна і з’яўляецца яго дамінантай. Цэнтр кампазіцыі — 8-павярховы аб’ём, фланкіраваны 7-павярховымі прамавугольнымі ў плане часткамі, якія пераходзяць у паўкруг 5-павярховымі крыламі.

Верт. чляненні (лапаткі), размешчаныя па перыметры будынак, надаюць яму стройнасць і выразнасць. Гал. ўваход — у цэнтры будынка, кожны корпус мае асобныя ўваходы.

А.А.Воінаў.

Магілёўскі Дом Саветаў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ДУРАЙ, Мадура,

горад на Пд Індыі, на р. Вайгаі, у штаце Тамілнад. Вядомы з 2 ст. Каля 1,2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. чыг. сувязь з Шры-Ланкой. Аэрапорт. Адзін з буйнейшых тэкст. (баваўняная, шаўковая) цэнтраў краіны. Развіты металаапр., харч. (цукровая, тытунёвая, рысаачышчальная), цэм. прам-сць. Стараж. саматужнае ткацтва, разьбярства па дрэве. Ун-т. Грандыёзны комплекс храмаў Шывы (12—17 ст.) і інш. арх. помнікі. Цэнтр турызму.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́ЙСК,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Маскоўскай вобл., у верхнім цячэнні р. Масква. Вядомы з 1231. 30,7 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы швейнай і харч. прам-сці, паліграф. камбінат, медыка-інструментальны з-д. Арх. помнікі: Нікольскі сабор (1802—14), цэрквы Петрапаўлаўская (1849—52) і Іаакіма і Ганны (18 ст.), ансамбль Лужэцкага манастыра (засн. ў 1408). Каля М. ў в. Барадзіно Ваенна-гіст. музей-запаведнік «Барадзіно» ў памяць аб Барадзінскай бітве 1812.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬКАВІЧЫ,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Цна, каля аўтадарогі Ганцавічы — Лунінец; чыг. станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Ганцавічы, 268 км ад Брэста. 1599 ж., 615 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—13 ст.).

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ХЕЛЕН, Малін (флам. Mechelen, франц. Malines),

горад на Пн Бельгіі. Каля 80 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Дыль. Прам-сць: тэкст. (стараж. вытв-сць дываноў, габеленаў, карункаў і інш.), мэблевая, маш.- буд. (вытв. трансп. сродкаў). Гарадскі музей. Арх. помнікі 13—17 ст., у т. л. гатычны сабор Сінт-Рамбаўтскерк (13—16 ст.), сусветна вядомы сваім звонавым перазвонам (т.зв. малінавы перазвон). Міжнар. школа званароў. Рэліг. цэнтр краіны (рэзідэнцыя прымаса Бельгіі).

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-КА́РЛА (Monte Carlo),

горад у Манака. Каля 12 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Кліматычны курорт. Буйны цэнтр міжнар. турызму і банкаўскіх аперацый. Сусветна вядомае казіно, пабудаванае ў 1878 (дае каля 4% нац. гадавога прыбытку). Суднарамонт. Адна з самых магутных у Еўропе радыёстанцый. Оперны т-р Музей выяўл. мастацтваў. Штогадовыя міжнар. фестывалі цыркавога мастацтва, тэлевізійных фільмаў і інш. Штогадовыя сусв. «Ралі Монтэ-Карла» (з 1911). Штаб-кватэра Міжнар. акадэміі па турызме.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РАЧ вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе г. Клецк — в. Колкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдУ ад горада і 37 км ад чыг. ст. Клецк, 162 км ад Мінска. 2079 ж., 674 двары (1999). Цэхі па разліву мінер. вады і па вытв-сці плеценых вырабаў з лазы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Свята-Вазнясенская царква.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)