БА́КСТЭР ((Baxter) Рычард) (12.11.1615, Роўтан, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 8.12.1691),

англійскі пурытанскі прапаведнік і багаслоў. У час. Англ. рэвалюцыі 17 ст. выступаў на баку парламента, служыў капеланам аднаго з палкоў індэпендэнтаў. Пазней спрыяў вяртанню на трон Сцюартаў. Развіваў вучэнне кальвінізму, заснаваў яго разнавіднасць — бакстэрызм, які вызначаўся менш строгай трактоўкай догмату аб прадвызначэнні. Аўтар каля 200 багаслоўскіх твораў.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН (Мікалай Іванавіч) (24.9.1845, Эстляндская губ. — 1907),

вучоны-мовазнавец, гісторык навукі. Чл.-супрацоўнік Рас. геагр. т-ва (з 1889). Скончыў Тартускі ун-т (1870). У 1872—94 выкладаў стараж. мовы ў Мінскай гімназіі, у 1894—97 праф. Казанскага ун-та. Навук. працы па гісторыі фін. мовы. Аўтар кн. «Аб найстаражытнейшых школах чалавечага роду» (Мн., 1886).

В.​А.​Гапоненка.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́ЛА,

народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусія ці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕЛЬ ((Appell) Карл Юльянавіч) (16.12.1857, Парыж — 1930),

польскі і рускі мовазнавец. Выкладаў у гімназіях Варшавы. Працы па вывучэнні слав. моў: «Да славянскага народнага словаўтварэння» (1880), «Нататкі пра старажытнапольскую мову» (1880) і інш. У нарысе «Аб беларускай мове» (1880) разглядаў асн. фанетыка-граматычныя рысы бел. мовы. Паводле агульнамовазнаўчых поглядаў належаў да псіхал. кірунку ў лінгвістыцы.

М.​Г.​Булахаў.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЭГРА́ДСКАЯ ГРУ́ПА»,

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Еўропы. Утворана ў 1990 па ініцыятыве прэзідэнта Чэхаславакіі В.Гавела. Аформілася ў выніку падпісання 15.2.1991 у г. Вішэград (Венгрыя) кіраўнікамі Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі «Дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў імкненні да еўрапейскай інтэграцыі». Уваходзяць 4 дзяржавы: Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія (да 1993 адзіная Чэхаславакія). Мэта: каардынацыя паліт. і эканам. дзейнасці краін-удзельніц.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Пётр) (Петрэ) Варламавіч (16.11.1907, с. Нігаіты Ланчхуцкага р-на, Грузія — 26.12.1976),

грузінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1950). Бацька М.П.Аміранашвілі. Пасля сканчэння Тбіліскай кансерваторыі (1930) саліст Грузінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кіазо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Аўтандзіл («Сказанне аб Тарыэлі» Ш.​Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Яга («Атэла» Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАСМІ́ЗМ (ад a... + грэч. kosmos Сусвет),

філасофскае і рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе погляды аб нікчэмнасці свету. У найб. чыстым выглядзе сустракаецца ў класічнай інд. філасофіі (гл. Веданта), пашырана і ў хрысціянстве. Гегель называў акасмізмам пантэізм Спінозы, паколькі бог у ім ёсць адзіная вечная і бясконцая субстанцыя, усё астатняе — часовае, неістотнае. Акасмізмам наз. таксама спірытуалізм, які адмаўляе рэальнасць навакольнага свету.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА АЙЧЫ́НЫ,

абарона краіны ад знешняга нападу, пагрозы яе незалежнасці і тэр. цэласнасці. Абарона Рэспублікі Беларусь — найважнейшая функцыя дзяржавы, канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага яе грамадзяніна. Актыўная форма рэалізацыі гэтага абавязку — ваенная служба. Закон «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 рэгламентуе парадак падрыхтоўкі насельніцтва да абароны краіны і забеспячэння камплектавання яе Узброеных Сіл.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),

правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Марсель) (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),

французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)