Пе́чыва ’печаныя вырабы з мукі’ (ТСБМ), пе́чыво ’тс’, ’адна выпечка хлеба’ (слонім., саліг., Нар. словатв.; рагач., кіраў., Нар. сл.; Шат.), укр. пе́чиво ’тс’, ’смажанае мяса’, рус. пе́чиво ’печанае; смажанае’, польск. pieczywo ’пячэнне’, в.-луж. pječwo ’хлебабулачныя вырабы’, н.-луж. pjacywo ’пячэнне, булачкі’, чэш., славац. pečivo ’тс’, ’хлебабулачныя вырабы’, славен. pecívo ’праца хлебапёка’, серб.-харв. пе̏циво ’булачныя вырабы’, ’што-небудзь спечанае’, ’смажаніна’, макед. печиво ’смажанае мяса’, балг. печи́во ’смажанае ў духоўцы альбо на пліце’. Прасл. *pečivo ’якое пячэцца’ (Бязлай, 3, 18). Да пячы́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыму́рак, прымо́рак, прумо́рак, прімо́рок, пры́морок, пры́морочэк ’тое, што прымуравала, прыбудавала; выступ (радзей выемка), карніз печы, на якім можна сядзець або ставіць, класці што-небудзь; выступ на бакавой сценцы печы, па якім залазяць на печ; ляжанка, тапчан пры печы як яе частка’ (ТСБМ, Інстр. 1, Шушк., Янк. 2, Лексика Пол., З нар. сл., Шатал., Нар. словатв., Жд., Сл. ПЗБ; маладз., дзятл., стаўб., слуц., ЛА, 4; ПСл). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад мур (гл.). Параўн. аналагічнае ўкр. при́мурок ’карніз печы; каменная прыбудова; бакавая сцяна ганчарнай печы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысло́н, прысло́нь, пры́слань, прысло́нік, прысло́ны ’месца, якое добра асвятляецца сонцам’; ’схіл гары, звернуты да сонца; сонечны бок’ (полац., Нар. лекс.; в.-дзв., даўг., брасл., маст., Сл. ПЗБ), прысло́ньне ’чырвоны слуп над сонцам на захадзе’ (кобр., Нар. лекс.), пры́сонне ’круг вакол сонца’ (Клім.). Спалучэнні прыназоўніка пры (гл.) і назоўніка *слонь, *сонь, што перадаюць старую форму прасл. *sъlnь ’сонца’, якая была заменена ў славянскіх мовах вытворным з памяншальным суфіксам *sъlnьce — літаральна ’сонейка’. Параўн. форму з поўнагалоссем рус. по́солонь ’па сонцу’, гл. Фасмер, 3, 340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́сціць ’дабіць, даканаць; пакараць’ (слон., Нар. лекс.), дарэ́сьціць ’дакончыць’ (Нар. сл.), ’разбурыць, разбіць’ (зэльв., Жыв. сл.). Рус. рестить ’лаяцца’, изрестити ’выкалаць’. Прасл. *restiti ’калоць, біць; лаяцца, караць’, магчыма, уяўляе сабой дэнамінатыў ад *restъ(ь?), верагодна ў значэнні ’калючка, вастрыё’, як, напрыклад *čьstiti ’шанаваць’ < *čьstь ’гонар’; gostiti ’гасцяваць’ < gostь ’госць’ (Гарачава, Этимология–1980, 105–106). Відаць, сюды ж рэ́сткі, мяркуючы па ілюстрацыі: крычэць на ўвесь свет рэсткім крыкам (Глеб Альгердзіч. Нашчадкі і спадкаемцы // Шыпшына, № 2, 1946. С. 36), са значэннем ’востры, пранізлівы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салані́на ’свіное пасоленае сала’ (ТСБМ, ТС), ’свіное сала; салёная гавядзіна’ (Нас.), ’сала’ (ПЗБ, Бяльк., Сцяшк. МГ), ’тоўстае добра пасоленае свіное сала’ (Нар. сл.), ’сала, праслойкі мяса сярод сала’ (Нар. словатв.). Рус. солони́на ’пасоленае сала або салёная гавядзіна’, укр. солони́на ’свіное сала’, польск. słonina ’свіное сала’, чэш. slanina ’шпік, вэнджанае сала’, славац. slanina ’свіное сала’, серб.-харв. сла̀нина ’вэнджанае сала, шпік’, славен. slanína ’тс’, балг. слани́на ’тс’. Прасл. *solnina. Ад *soln‑ (гл. салоны) з суф. ‑ina, гл. SP, 1, 121; Махэк₂, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́калка ‘гульня ў пераганкі’ (гродз., Нар. словатв.). Да стукаць ‘стукаць’, тут ‘адзначаць сваё першынства стуканнем’: хто жывей прыбяжыць, прыстукаецца (Нар. словатв.). Параўн. засту́каць ‘застаць на месцы’, сінонім закава́ць ‘дакрануцца да гульца ці да “кону” рукой пры гульні ў жмуркі, хованкі і інш.’ (там жа). Відаць, не звязана непасрэдна з сту́каўка ‘адзін з відаў азартнай гульні ў карты’ (ТСБМ), а таксама з рус. сту́калка, польск. stukałka ‘тс’, што, паводле Трубачова (Труды, 1, 797), з’яўляецца калькай ням. Pochspiel ‘тс’, ад pochen ‘стукаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тухля́к1 ‘нешта смярдзючае, гніючае’ (Нас.; мёрск., Нар. лекс.), сюды ж, магчыма, і ‘лямпачка без шкла, капцілка’ (Бяльк.). Да тухлы (гл.), апошняе можа быць звязана і з тухнуць1 ‘пераставаць гарэць, кепска свяціць’.

Тухля́к2 ‘кухталь, штуршок’ (мёрск., Нар. лекс., Вушац. сл.), рус. смал. тухля́к ‘удар кулаком, тумак’. Відаць, з кухталь пад уплывам ту́хаць ‘біць, стукаць’, гл. тух.

Тухля́к3 ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Да тухнуць2 у значэнні ‘спаць’, сюды ж тухля́ць ‘марнець, гібець, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́лі-ву́лі-ву́лі выкл. ’падзыўное слова для качак, гусей’ (свісл., Шатал.); ’падзыўное слова для авечак’ (в.-дзвін., Шатал.); ’падзыўное слова для галубоў’ (мсцісл., З нар. сл.). Гл. вуль-вуль-вуль ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выбіра́нкі ’каноплі, якія раней паспелі (іх выбіраюць, каб даць магчымасць астатнім расці)’ (Сцяц.), выбіра́нцы ’тс’ (Жд., 1), выбірніцы ’тс’ (ДАБМ, камент., 869, З нар. сл.), вы́біранкі (Шат.). Ад выбіра́ць; параўн. вы́беркі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́скрабак ’булачка з цеста, якое выскрабаецца з дзежкі’; ’апошняе дзіця ў сям’і’ (З нар. сл.), выскраба́чка ’маленькая булачка хлеба, спечаная з рэштак цеста’. Ад выскрабаць (гл. скрэбці) з суф. ‑ак, ‑ачка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)