ПАПО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),
расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленне арган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).
Літ.:
Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.
т. 12, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РСАНС (Parsons),
лорд Рос (Rosse) Уільям (17.6.1800, г.Йорк, Вялікабрытанія — 31.10.1867), ірландскі астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1831) і яго прэзідэнт (1849—54). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1852). Вучыўся ў Дублінскім і Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па стварэнні тэлескопаў і даследаванні зорных сістэм. Сканструяваў 182-сантыметровы тэлескоп-рэфлектар, які доўгі час заставаўся буйнейшым у свеце, пры дапамозе яго выявіў зоркавую прыроду пазагалактычных туманнасцей (галактык) і ўстанавіў, што многія з іх маюць спіральную будову.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
А.І.Болсун.
т. 12, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
раздзел механікі, які вывучае паўзучасць матэрыялаў. Блізкая да пластычнасці тэорыі і рэалогіі.
У сувязі з разнастайнасцю мех. уласцівасцей цвёрдых цел паўзучасць розных матэрыялаў трактуецца з розных пазіцый. Для металаў пераважна карыстаюцца тэорыяй цячэння (апісвае паўзучасць пры напружаннях, якія зменьваюцца павольна і манатонна), і тэорыяй умацавання (прыдатныя для прыблізнага аналізу кароткачасовай паўзучасці пры высокім узроўні напружанняў); для палімераў — тэорыяй спадчыннасці (вызначае поўную дэфармацыю і апісвае некаторыя складаныя з’явы, напр., эфект зваротнай паўзучасці).
Літ.:
Ржаницын АР. Теория ползучести. М., 1968;
Арутюнян Н.Х., Колмановский В.Б. Теория ползучести неоднородных тел. М., 1983.
т. 12, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАЎНЕ́РАЎ 1794 ГО́ДА»,
бел. ананімны вершаваны твор. Напісаны ў адукаваным асяроддзі шляхты з мэтай уздзейнічаць на сялянства. Стылізаваны пад нар. песню. Першы ў бел. л-ры непасрэдны заклік да нар. мас узяць у рукі зброю, далучыцца да нац.-вызв. паўстання 1794 на чале з Т.Касцюшкам. У «Песні...» выразныя водгукі польск. паўстанцкай паэзіі «касцюшкаўскіх марсельез» і патрыят. «Спеўкі кракаўскіх сялян» (1794). Паводле сваёй эстэт. сістэмы твор належыць да новай бел. л-ры.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАВЫ́Х (Марыя Сяргееўна) (26.3.1908, пас. Норскі Пасад Яраслаўскай вобл., Расія — 1.6.1979),
руская паэтэса, перакладчыца. Скончыла Маскоўскі ун-т (1930). Друкавалася з 1930. У паэт. зб-ках «Далёкае дрэва» (1968), «Рыса гарызонту» (апубл. 1986) і інш. лірыка кахання, тэмы творчасці, прыроды, смерці. Паэзіі П. уласцівы спавядальнасць, шчырасць пачуцця, прага высокага духоўнага ідэалу. З 1935 выступала як перакладчык з арм., груз., літ., польск. і інш. моў.
Тв.:
Избранное. М., 1991;
Костер в ночи: Стихи и переводы. Ярославль, 1991;
Назначь мне свиданье! М., 2000;
Прикосновение ветра: Стихи, письма, переводы. М., 2000.
А.В.Спрынчан.
т. 12, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУКО́Ў (Міхалка) (сапр. Лотыш Міхаіл Пятровіч; 1880 ?, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1947),
бел. пісьменнік. Ваяваў у 1-ю сусв. і грамадз. войны. Працаваў пісарам у Івянцы, Стоўбцах, Валожыне, рабочым у Ракаве, Радашковічах, настаўнічаў у ваколіцах Івянца. З 1910 друкаваўся ў «Нашай ніве». Пісаў апавяданні, карэспандэнцыі, нататкі, у якіх адлюстроўваў жыццё местачкоўцаў, сялян, норавы мясц. улад. Часта звяртаўся да фальклору.
Тв.:
У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.
Літ.:
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 171—173.
Г.А.Каханоўскі.
т. 12, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКА́Р ((Piccard) Агюст) (28.1.1884, г. Базель, Швейцарыя — 25.3.1962),
швейцарскі фізік і канструктар. Скончыў Федэральную політэхн. школу ў Цюрыху, дзе і працаваў (з 1917 праф.). У 1922—39 і 1946—47 праф. Політэхн. ін-та ў Бруселі. На стратастаце ўласнай канструкцыі дасягнуў выш. 16370 м (1932) з мэтай даследавання касм. прамянёў. Сканструяваў і выпрабаваў батыскаф (1948), апусціўся ў ім на глыб. 3160 м (1953).
Тв.:
Рус. пер. — На глубину морей в батискафе. Л., 1961.
Літ.:
Лятиль П. де, Ривуар Ж. С небес в пучины моря: Пер. с фр. Л., 1967.
т. 12, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КАРНІ, Покарны (Pokorny) Карал (18.1.1891, Паўліцы, каля г. Знойма, Чэхія — 14.2.1962), чэшскі скульптар. Нар. мастак Чэхаславакіі (1956). Ганаровы чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе (1911—14), АМ (1914—17) у І.Мысльбека ў Празе. Аўтар рэалістычна абагульненых па формах твораў: помнікі загінуўшым шахцёрам у Лазах (1925), у Осеку (1936—38), А.Ірасеку (1952), Б.Немцавай (1954) у Празе, рэльефы для Нац. помніка ў Празе (1936—38), манумент «Братанне» ў г. Чэска-Тршэбава (1947—50). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1949, 1952, 1955.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Карел Покорны. М., 1961.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЎЦЫ,
руская назва зах. адгалінавання сярэдневяковага цюркамоўнага народа, вядомага ў Азіі як кіпчакі (кыпчакі), у Еўропе — як куманы (каманы). У 11 ст. прыйшлі з тэр. Паўн.-Зах. Казахстана ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Падзяляліся на плем. саюзы на чале з ханамі. Займаліся качавой жывёлагадоўляй, жылі ў юртах. З 1055 рабілі спусташальныя набегі на Русь, Венгрыю, Візантыю. У 1223 пераможаны мангола-татарамі. Пры нашэсці Батыя (1237—43) адышлі ў Венгрыю, потым часткова ў Балгарыю. Апошнія групы П. канчаткова асіміляваны венграмі ў канцы 19 ст.
Літ.:
Плетнева С.А. Половцы. М., 1990.
т. 12, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНЦЫПА́Т (ад лац. principatus кіруючая роля, імператарская ўлада),
форма ўлады ў Стараж. Рыме, асобы від манархіі, усталяваны Аўгустам у 27 да н.э. Сістэма П. фармальна захоўвала асновы рэсп. форм кіравання, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках імператара, які быў галоўнакамандуючым усімі рым. арміямі, кіраваў б.ч. правінцый, быў вышэйшым апеляцыйным суддзёй імперыі і практычна галоўным заканадаўцам. Перыяд П., т.зв. Ранняй Імперыі, ахоплівае праўленне дынастый Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192].
Літ.:
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)