«ВЕ́СТНИК КОМИТЕ́ТА ЗАПАДНОГО ФРО́НТА ВСЕРОССИ́ЙСКОГО ЗЕ́МСКОГО СОЮ́ЗА»,

штодзённая газета. Выдавалася з 1916 да 10(23).1.1918 у Мінску на рус. мове. Узнімала праблемы забеспячэння франтавікоў харчаваннем, прадметамі штодзённага карыстання, мед. дапамогай. Выступала за беспартыйнасць у працы па абслугоўванні фронту, процістаяла намаганням ператварыць газету ў інструмент паліт. барацьбы. У сувязі з рэарганізацыяй к-та Земсаюза з 17(30).11.1917 называлася «Известия комитета объединенных работников Земсоюза и Западного фронта», з 19.12.1917 (1.1.1918) — «Известия комитета объединенных работников и временного управления Земсоюза Западного фронта».

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (2.9.1795, г. Магілёў — 16.4.1867),

вучоны-фізік. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (з 1803), скончыў Магілёўскую гімназію (1812), філас. (1816) і мед. (1823) ф-ты Маскоўскага ун-та. З 1825 ад’юнкт-праф. Маскоўскага аддзялення мед.-хірург. акадэміі, чытаў курс лекцый па фізіцы і матэматыцы. У 1833—38 ардынарны праф. фізікі акадэміі, з 1836 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па даследаванні электрычнасці, гал. чынам удакладненні прыроды т.зв. жыццёвай і атм. электрычнасці, правёў шэраг эксперыментаў па тоеснасці абодвух відаў электрычнасці.

В.А.Гапоненка.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́РУ ((Vieru) Грыгорэ Паўлавіч) (н. 14.2.1935, с. Перэрыта Брычанскага р-на, Малдова),

малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1958). Друкуецца з 1954. Асн. матывы творчасці — любоў да жыцця, бацькоўскай зямлі, працы (зб-кі «Вершы», 1965; «Імя тваё», 1968; «Блізкае», 1974; «Пра каханне», 1975; «Ліст зялёны», 1982, і інш.). Лірыка Віеру адметная непасрэднасцю пачуццяў, высокім майстэрствам. Піша для дзяцей. На бел. мову творы Віеру перакладалі Т.Бондар, Г.Бураўкін, А.Грачанікаў, В.Зуёнак, Е.Лось, Ю.Свірка, К.Цвірка, Я.Янішчыц і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Імя тваё: Лірыка. Мн., 1986.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́НЧЫЦ (Баляслаў Баляслававіч) (н. 3.4.1943, в. Залоззе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў БДУ (1972). З 1970 у Ін-це цёпла- і масаабмену АН Беларусі, з 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па аптычнай дыягностыцы газавага і аэразольнага асяроддзя, аналітычным прыладабудаванні, інж. экалогіі, лазернай фізіцы. Распрацаваў метады вымярэння фіз. характарыстык газавых патокаў, фарміравання і дыягностыкі параметраў лазерных пучкоў. Прэмія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991. Залаты медаль ВДНГ СССР (1986).

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РТАНЕН ((Virtanen) Артуры Ілмары) (15.1.1895, Хельсінкі — 11.11.1973),

фінскі біяхімік; заснавальнік фінскай навук. школы тэхн. біяхіміі. Чл. Фінскай акадэміі навук і л-ры (1927). Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1916). У 1924—48 у Хельсінскім ун-це, адначасова з 1931 дырэктар Біяхім. ін-та. Навук. працы па біяхіміі кармоў. Распрацаваў метад кансервацыі зялёных кармоў падкісленнем сумессю кіслот (салянай і сернай) да pH 4, што спыняе бактэрыяльныя і ферментатыўныя працэсы («АІВ-метад» наз. па яго ініцыялах), метады кансервавання малака і малочных прадуктаў. Нобелеўская прэмія 1945.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІГ ((Wittig) Георг) (16.6.1897, Берлін — 26.8.1987),

нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1920—26), дзе і працаваў. З 1932 выкладаў у розных ун-тах Германіі (з 1944 праф.). Навук. працы па хіміі фосфарарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю пераўтварэння эфіраў у спірты пад уздзеяннем феніллітыю (перагрупоўка В., 1942), рэакцыю атрымання алефінаў узаемадзеяннем карбанільных злучэнняў (альдэгідаў, кетонаў і інш.) з алкілідэнфасфаранамі (рэакцыя В., 1954), рэакцыю далучэння фасфінметылідэнаў да альдэгідаў і кетонаў па падвоенай вугляродкіслароднай сувязі (1954). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Браўнам).

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРНАЎ (Валянцін Іванавіч) (н. 21.4.1926, г. Уладзімір, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1963), праф. (1978). Скончыў Маскоўскі эканам. ін-т (1951). У 1963—95 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па эканам. эфектыўнасці капітальных укладанняў у прам-сць і ў рэканструкцыю прадпрыемстваў. Аўтар падручнікаў па эканоміцы для ВНУ.

Тв.:

Экономическая эффективность капитальных вложений в промышленности. Мн., 1977;

Экономика, организация и планирование промышленного производства. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.);

Экономика предприятия в условиях рынка. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Браніслаў Фартунатавіч) (14.2.1860, Віцебская вобл. — 13.6.1925),

расійскі фізіёлаг. Вучань І.М.Сечанава і І.П.Паўлава. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881) і Ваенна-мед. акадэмію (1886). У 1897—1914 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе, з 1917 у Пермскім ун-це. Адкрыты ім уплыў кіслароду на здольнасць крыві звязваць вуглякіслы газ атрымаў назву эфекту Вярыгі. Навук. працы па электрафізіялогіі. Эксперыментальна даказаў скачкападобнае пашырэнне нервовага імпульсу. Даследаванні па фізіялогіі імунітэту і анафілаксіі. Аўтар падручніка «Асновы фізіялогіі чалавека і вышэйшых жывёл» (т. 1—2, 1905—10).

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАЛІ́Н ((Gadolin) Юхан) (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),

фінскі хімік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюн с. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНАЎСКІ МУЗЕ́Й ПО́МНІКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1984 у г. Гайнаўка (Польшча) па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Буд-ва пачата ў 1986 на ахвяраванні мясц. насельніцтва, бел. эміграцыі, датацый дзярж. і грамадскіх устаноў Беларусі і Польшчы. Першая экспазіцыя адкрыта 27.10.1990 (300 экспанатаў). Музейны комплекс (агульная пл. 2700 м², 3 будынкі) мае 6 экспазіцыйных залаў. Аснову экспанатаў музея складаюць с.-г. прылады працы, творы нар. мастацтва і культ. здабыткі беларусаў у Польшчы. Мае кіназалу, б-ку, кафэ-бар, атэль.

В.Луба.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)