род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́САЎ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 6.12.1913, с. Альховае Валагодскай вобл., Расія),
украінскі хірург.Акад.АН Украіны (1969), чл.-кар.АМНСССР (1961), засл. дз. нав. Украіны (1959), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Архангельскі мед.ін-т (1939). З 1952 узначальваў клініку грудной хірургіі, з 1983 дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Кіеве. Навук. працы па пытаннях хірургіі сэрца і лёгкіх, біял. і мед. кібернетыцы. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана дыягностыка парокаў сэрца з дапамогай ЭВМ, створана дзеючая фізіял. мадэль «унутранага асяроддзя арганізма» чалавека і інш. Аўтар літ.тв. «Думкі і сэрца» (1965), «Запіскі з будучыні» (1967) і інш. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія Украіны 1978.
Тв.:
Операции на сердце с искусственным кровообращением. Киев, 1962 (разам з І.Л.Лісавым, Л.М.Сідарэнка);
Хирургия пороков сердца. Киев, 1969 (разам з Я.А.Бендэтам);
Физическая активность и сердце. 2 изд. Киев, 1984 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛЬЯ́НЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 10.2.1940, в. Заточча Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне агульнай гігіены. Д-рмед.н. (1993), праф. (1995). Скончыў Гродзенскі мед.ін-т (1969). У 1969—77 і з 1980 у гэтым ін-це (з 1994 заг. кафедры). У 1977—80 у Аддзеле рэгуляцыі абмену рэчываў АНБССР. Навук. працы па гігіене працы ў розных галінах вытв-сці, па пытаннях забруджвання навакольнага асяроддзя, аховы здароўя і захоўвання генафонду бел. нацыі.
Тв.:
Экспериментальное изучение ингаляционного воздействия этанола на крыс при беременности на некоторые показатели у потомства // Алкоголизм и наследственность: (Материалы Междунар. симпозиума). М., 1987;
Peril of ethanol consumption by offsprings of rat intoxicated by low doses of alcohol (разам з А.В.Ліопам, В.У.Чумаковай) // Alcoholism: Clinical and Experimantal Research. Seventh Congress of the International Society for Biomedical Research on Alcoholism. Gold Coast, Queensland, Australia, 1994. Vol. 18. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭ́МБСКАЯ-ЯБЛО́НСКАЯ ((Obrębska-Jabłońska) Антаніна) (12.1.1901, в. Пчэльня, Украіна — 19.11.1994),
даследчыца польскай, усх.-слав., у т. л.бел., моў. Д-рфілал.н., праф. Адзін з арганізатараў і кіраўнік (1956—72) кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. У 1953—57 кіравала секцыяй укр. і бел. філалогіі ў Польска-сав. ін-це, у 1958—68 аддзелам бел. мовы ў Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Асн. кірункі навук. прац — дыялекталогія, гісторыя і культура польск. мовы, русістыка, беларусістыка (польска-бел.-літоўскае моўнае памежжа, гісторыя мовы, анамастыка). Рэдактар (з М.В.Бірылам) «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (1962). Кіравала падрыхтоўкай да выдання «Люду беларускага» М.Федароўскага (т. 5—7, 1958—69). Па яе ініцыятыве распачата вывучэнне гаворак Беласточчыны і выданне дыялектнага атласа рэгіёна (т. 1—3, 1980—89).
Літ.:
Czurak M. Bibliografia prac Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej // Acta Bałtico-Slavica. 1984. № 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ.
Змяшчаюць матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, абсталяванні будынкаў, добраўпарадкаванні населенай тэрыторыі. На Беларусі з 1970 выдаецца час.«Архитектура и строительство Беларуси» (4 нумары ў год). Матэрыялы па архітэктуры публікуюцца ў час. «Весці АН Беларусі» (серыя гуманітарных навук), «Мастацтва» і інш. У Расіі першы архітэктурны часопіс «Архитектурный вестник» выдаваўся ў 1859—61 у Пецярбургу, у 1872—1917 — час. «Зодчий» Пецярб.т-ва архітэктараў з дадаткам «Неделя строителя». У СССР выдавалася больш як 20 архітэктурных часопісаў, у т. л. «Современная архитектура» (1926—30), «Архитектура СССР» (1933—91), «Архитектура и строительство Москвы» і інш.
Найб. вядомыя замежныя архітэктурныя часопісы, якія шырока асвятляюць пытанні сучаснай архітэктуры, «Joournal of the Royal institute of British architects» («Часопіс Каралеўскага ін-та Брыт. архітэктараў», Лондан, з 1893); «Baumeister» («Будаўнік», Мюнхен, з 1902); «Werk» («Праца», Цюрых, Швейцарыя, з 1914); «L’architecture d’aujourd’hui» («Сучасная архітэктура», Парыж, з 1930), «L’architecture francaise» («Французская архітэктура», Парыж, з 1940) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,
біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах пад рэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіцця бел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд. друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.
В.К.Шчэрбін.
Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМБССР і Ін-там гісторыі АНБССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.
1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕРНАРДО́НІ АЛЬБО́М»,
архіўная калекцыя графічных матэрыялаў 16 ст. з Нясвіжа. Створаны Дж.М.Бернардоні. Уключае 71 графічны аркуш на паперы з вадзянымі знакамі, якая выкарыстоўвалася ў справаводстве і кнігадрукаванні ў ВКЛ у 1560—90-я г. На абодвух баках аркушаў кітайскай тушшу выкананы арх. чарцяжы ў артаганальнай праекцыі і пэўным маштабе. Паводле зместу падзяляецца на 2 групы: праектныя і абмерныя чарцяжы культавых і свецкіх збудаванняў Нясвіжа, Клецка і Гродна і чарцяжы-копіі з выявамі класічных арх. ордэраў з трактатаў тэарэтыкаў архітэктуры Адраджэння Дж.Віньёлы, А.Паладыо, С.Серліо і І.Блюма. У 1989 бел. даследчыкі Т.Габрусь і Г.Галенчанка зрабілі навук. атрыбутацыю рукапіснага помніка, вызначылі яго аўтарства. «Бернардоні альбом» — каштоўная крыніца па гісторыі бел. архітэктуры і буд-ва. Захоўваецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр.навук. б-кі АН Украіны (Кіеў) пад назвай «Кніга, якая змяшчае планы, фасады і дэталёвыя чарцяжы розных будынкаў канца XVI ст.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЫЧ (Таццяна Васілеўна) (10.1.1905, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1993),
бел. афтальмолаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1972), д-рмед.н., праф. (1948). Герой Сац. Працы (1974). Засл. ўрач Беларусі (1948), засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыла БДУ (1928). З 1932 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 заг. кафедры. У 1941—45 у Саратаўскім мед. ін-це. Адначасова ў 1945—85 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па выкарыстанні аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, глаўкомы, трахомы. Прапанавала кератапластыку, меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых зменаў органа зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку.
Тв.:
Оксигенотерапия в офтальмологии. Мн., 1972;
Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах. Мн., 1975 (разам з В.М.Ператыцкай);
Ожоги глаз. Мн., 1979;
Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЧУ́РЫН (Мікіта Якаўлевіч) (у манастве Іакінф; 9.9.1777, с. Акулёва Цывільскага пав. Казанскай губ. ? — 23.5.1853),
расійскі гісторык, кітаязнавец, перакладчык. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1799). У 1800 прыняў манаства. Займаў шэраг царк. пасад, у т. л. кіраўніка духоўнай місіі ў Пекіне (1808—20). З 1828 чл.-кар. Пецярбургскай АН, з 1831 чл. Азіяцкага т-ва ў Парыжы. Працы па пытаннях мовы, гісторыі, культуры, этнаграфіі і філасофіі Кітая, па гісторыі і культуры народаў Сярэдняй Азіі, Манголіі. Аўтар «Запісак аб Манголіі» (т. 1—2, 1828), «Апісання Тыбета ў цяперашнім яго стане» (пер. з кіт., ч. 1—2, 1828), «Гістарычнага агляду айратаў ці калмыкаў з XV стагоддзя да гэтага часу» (1834), «Статыстычнага апісання Кітайскай імперыі» (ч. 1—2, 1842), «Збору звестак аб народах, якія жылі ў Сярэдняй Азіі ў старажытныя часы» (ч. 1—3, 1851; перавыд. т. 1—3, 1950—53) і інш. твораў.