РАБО́ЧЫ САЮ́З ЛІТВЫ́,
РСЛ (Związek Robotniczy na Litwie), інтэрнацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Вільні, Мінску і Смаргоні ў 1896—1900. Створаны па ініцыятыве С.С.Трусевіча як альтэрнатыва Літ. с.-д. партыі (ЛСДП), якая адмовілася ад узаемадзеяння з рас. рабочым рухам. Арганізатары і кіраўнікі: Трусевіч, В.Вайткевіч, В.Васілеўскі, С.Рулькоўскі, М.Казлоўскі. Іх погляды склаліся пад уплывам рас. групы «Вызваленне працы» і польскай сацыяліст. партыі «Пралетарыят». РСЛ лічыў неабходным уступленне ў будучую Рас. с.-д. партыю на правах аўтаномнай групы. Ставіў за мэту звяржэнне царызму і ўстанаўленне рэсп. ладу, вызваленне рабочых ад прыгнёту бачыў у сацыялізме. Нац. пытанне ў праграме замоўчвалася. Гарантыю поўнай свабоды нац.-культ. развіцця насельніцтва «Літвы» звязваў са стварэннем рас. дэмакр. -канстытуцыі. У паняцце «Літва» дзеячы РСЛ уключалі і б. ч. Беларусі ў межах Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ., але прытрымліваліся пашыранага на той час памылковага меркавання пра адсутнасць бел. нацыі і, адпаведна, бел. рабочых, якіх па канфесіянальных прыкметах падзялялі на «рускіх» і «палякаў». У 1896—97 РСЛ кіраваў шэрагам стачак у Вільні і Смаргоні, якія суправаджаліся арыштамі. Да канца 1896 арганізаваў прафесійны саюз гарбароў Літвы з аддзяленнямі ў Вільні, Мінску і Смаргоні. Паслаў Г.В.Пляханаву, П.Б.Аксельроду, В.І.Засуліч мандат на Лонданскі міжнар. сац. кангрэс 2-га Інтэрнацыянала. Арышты 1897 большасці кіраўнікоў не спынілі дзейнасці саюза. Ён выпускаў пракламацыі, вёў вусную агітацыю, у сак. 1899 быў адным з арганізатараў 3 антыўрадавых дэманстрацый віленскіх рабочых, праведзеных з нагоды адпраўкі ў ссылку членаў РСЛ, ЛСДП і Бунда. У 1897—99 выдаў 6 нумароў газ. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд»). У студз. 1900 аб’яднаўся з сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, некат. члены РСЛ пасля ссылкі ўдзельнічалі ў стварэнні Віленскай арг-цыі і Паўн.-Зах. к-та РСДРП.
М.В.Біч.
т. 13, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
па́ртыя, -і, мн. -і, -тый, ж.
1. Палітычная арганізацыя грамадскага класа, якая выражае і абараняе яго інтарэсы.
Палітычныя партыі.
Сацыял-дэмакратычная п.
2. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, а таксама тых, што сабраліся з якой-н. мэтай.
П. геолагаў.
3. Асобная частка ў шматгалосым музычным творы, якая выконваецца адным інструментам, адным спеваком.
П. фартэпіяна.
П. Сяргея ў оперы Я.Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся».
4. Адна гульня (у шахматы, шашкі, карты і пад.).
Шахматная п.
5. Пэўная колькасць тавару.
П. летняга адзення.
6. Пра жаніцьбу або замужжа (уст.).
Выгадная п.
|| прым. парты́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
эканамі́зм
(ад эканомія)
плынь у рускім сацыял-дэмакратычным руху ў канцы 19 — пач. 20 ст., прыхільнікі якой абмяжоўвалі рабочы рух эканамічнай барацьбой, лічачы палітычную барацьбу справай ліберальнай буржуазіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Тыры́гаць ‘трэсці (пра электрычнасць)’ (ТС). Шматкратны дзеяслоў ад то́ргаць (гл.), фанетычна суадносны з таргаць (гл.), мажліва, з дадатковым экспрэсіўным адценнем. Параўн. экспрэсіўнае чэш. мар. terygaťse ‘цягнуцца куды-небудзь, з цяжкасцю ісці’ ў Махэка (Sebr. sp., 2, 1587), славац. terigať ‘цягнуць; калаціць, трасці’, гл. турыгаць. Сюды ж магчыма аднесці і вядомае ў арго янаўскіх лабараў тры́га, тыры́га ‘зямля, поле’ (Бел. дыял. 1), метафарычнае ўтварэнне на базе значэння ‘тое, што патрабуе клопату, тузаніны’, аднак яго варыянты цыра, цырыга ў беларускіх сацыялектах схіляюць да запазычання з грэч. ξηρα ‘суша, зямля’ (Лукашанец, Сацыял., 72). Параўн. сыра, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́ДЛЕР ((Adler) Фрыдрых) (9.7.1879, Вена — 2.1.1960),
адзін з лідэраў аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў і тэарэтыкаў аўстрамарксізму. Па адукацыі фізік. У 1911—16 сакратар аўстр. с.-д. партыі. 21.10.1916 застрэліў аўстр. прэм’ера К.Шцюргка; прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення). У час рэвалюцыі ў Аўстрыі амнісціраваны (1918), кіраваў рабочымі саветамі (да 1919). Дэпутат аўстр. парламента (1919—23). Ген. сакратар 2 ½ Інтэрнацыянала (1921—23) і Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). У 1940 эмігрыраваў у ЗША, з 1946 жыў у Цюрыху.
т. 1, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁРНЕР ((Körner) Тэадор) (24.4.1873, г. Комарна, Славакія — 4.1.1957),
аўстрыйскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал. Скончыў ваен.-тэхн. акадэмію ў Вене (1894). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1923—33 дэп. аўстр. парламента. Удзельнік стварэння «Шуцбунда». Пасля паражэння лютаўскага паўстання сацыял-дэмакратаў супраць аўтарытарнага ўрада Э.Дольфуса (1934) арыштаваны; у 1944 арыштаваны гестапа. Пасля аднаўлення Аўстр. рэспублікі бургамістр Вены, кіраваў яе аднаўленнем (1945—51). У 1951—57 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, выступаў за выкананне краінай пастаяннага нейтралітэту і развіццё дружалюбных адносін з СССР.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬФЕРДЫ́НГ ((Hilferding) Рудольф) (10.8.1877, Вена — 10.2.1941),
адзін з лідэраў аўстр. і герм. сацыял-дэмакратыі, тэарэтык аўстр. марксізму. У 1907—15 15 рэдактар герм. с.-д. газеты «Vorwärts» («Наперад»). У працы «Фінансавы капітал» (1910) даў тэарэт. аналіз імперыялізму. У 1918—22 адзін з лідэраў Незалежнай с.-д. партыі, потым Аб’яднанай с.-д. партыі, прапаведаваў тэорыю арганізаванага капіталізму. У 1923, 1928—29 міністр фінансаў ва ўрадзе Веймарскай рэспублікі. Пасля прыходу да ўлады фашыстаў эмігрыраваў у Швейцарыю, Францыю. У 1941 урад «Вішы» выдаў яго гестапа. Памёр у турме.
т. 5, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС НАРО́ДА»,
сацыял-дэмакр. рабочая газета; выконвала таксама функцыі органа Бабруйскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа з 28.5(10.6) да 16(29).8.1917 у Бабруйску на рус. мове. Праводзіла агульнадэмакр., надпарт. курс на арганізацыю рабочага руху горада ў адзіны сацыяліст. блок. Друкавала матэрыялы ў падтрымку палітыкі Часовага ўрада, перадвыбарчую праграму сацыяліст. блока ў Гар. думу. Шмат месца адводзіла яўр. рабочаму руху. З 18 ліп. наз. «Бобруйская вечерняя газета «Голос народа». Перадрукоўвала ў асноўным артыкулы з цэнтр. выданняў. Вядома 69 нумароў.
М.Я.Сяменчык.
т. 5, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і сацыял-дэмакр. партый рэфармісцкага кірунку (гл. Рэфармізм). Штаб-кватэра ў Лондане. Засн. ў 1951 на базе правасацыяліст. К-та міжнар. сацыяліст. канферэнцый (1947—51) як пераемнік Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). С.і. прызнае толькі мірныя сродкі сац. дзеяння, выступае за паступовую трансфармацыю капіталізму ў сацыялізм, адмоўна ставіцца да міжнароднага камуністычнага руху. Аб’ядноўвае (2001) больш за 90 партый і арг-цый. Вышэйшы орган — кангрэс, які склікаецца 1 раз у 2—3 гады. Паміж кангрэсамі кіруе Бюро С.і., бягучую работу вядзе Сакратарыят. Старшыня С.і. — А.Гутэрыш (Партугалія).
т. 14, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)