КІ́ЕЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. і ў Польскім каралеўстве ў 16—18 ст. Утворана ў 1471 замест Кіеўскага княства. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 К.в. далучана да Польшчы, за выключэннем Мазырскага павета, які ўвайшоў у склад Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле Збораўскага дагавора 1649 некат. тэрыторыі К.в. аддадзены ў кіраванне гетмана Б.​Хмяльніцкага, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 у К.в. засталіся толькі правабярэжныя паветы (без Кіева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомір. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кіеўскага і Валынскага намесніцтваў Рас. імперыі.

т. 8, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ ((Collins) Сэмюэл) (? — да 1671),

англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКО́ЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў в. Лікоўка Гродзенскага р-на ў 1953. Ухаваны ў канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. Адзін з буйнейшых скарбаў медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захавалася 190 сярэбраных, 2 нізкапробнага серабра, 6636 медных (з іх 544 фальшывыя) манет. Гал. частку скарбу складаюць медныя соліды Рэчы Паспалітай: манеты ВКЛ 1660 (26 экз.), 1661 (299), 1663 (141), 1664 (314), 1665 (718), 1666 (1325), 166X (767), Каралеўства Польскага 1660 (137), 1661 (169), 1663 (382), 1664 (706), 1665 (432), 166X (651), з зацёртымі гербамі 166X (24). Захоўваецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ ((Łukaszewicz) Юзаф Анджэй) (30.11.1799, в. Крамплева каля Познані, Польшча — 13.2.1873),

польскі гісторык, публіцыст, бібліёграф. Чл. Кракаўскага (1857) і Пазнанскага (1873) навук. т-ваў. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1829 у Познані; супрацоўнік, потым дырэктар б-кі Э.​Рачынскага, у 1832—42 настаўнік польскай мовы ў пратэстанцкай гімназіі імя Фрыдрыха Вільгельма, у гар. архіве. Рэдагаваў час. «Przyjaciel Ludu» («Сябра народу», 1839—45) і «Orędownik Nauk» («Прыхільнік навук», 1840—46). Аўтар прац па гісторыі арыянства, кальвінізму, лютэранства і інш. пратэстанцкіх кірункаў у Польшчы (па рэгіёнах) і ВКЛ. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),

рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТА́ЛЕР,

буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

дэмакратычная арг-цыя польскай эміграцыі, створаная ў 1832 у Парыжы. Кіруючы орган — Цэнтралізацыя. Мэта т-ва — увядзенне замест старога парадку новага ладу для паляпшэння дабрабыту ўсяго грамадства і лёсу нар. мас. Для дасягнення гэтай мэты ідэолагі партыі бачылі 2 шляхі: паступовыя змены і звяржэнне ўрада. З 1840 П.д.т. праз эмісараў рыхтавала паўстанне на тэр. былой Рэчы Паспалітай. У 1845 эмісары т-ва дзейнічалі на Гродзеншчыне (Я.​Рэр), Брэстчыне (А.​Хафмаер), Віленшчыне (А.​Рэніер). Пасля 1848 Цэнтралізацыя перамясцілася ў Лондан. У 1862 П.д.т. далучылася да Варшаўскага цэнтр. нац. к-та.

М.​А.​Сакалова.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ардына́цыя

(польск. ordynacja, ад лац. ordinatio = упарадкаванне)

1) збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арганізацыі, суды ў сярэдневяковай Польшчы;

2) збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчынныя правы на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама родавы маёнтак, што пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіў як непадзельны і неадчужальны да аднаго нашчадка, звычайна старэйшага сына (напр. Нясвіжская а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

СА́ВІЧ (Аляксандр Антонавіч) (13.3.1890, в. Лапеніца Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.10.1957),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1937), праф. (1928). Скончыў Пецярбургскую правасл. духоўную акадэмію (1914) і Маскоўскі ун-т (1917). З 1921 у Мінску, чл. Архіўнай камісіі Акадэмцэнтра пры Наркамасвеце БССР (гл. Мінскае таварыства гісторыі і старажытнасці). Выкладаў у БДУ (1921—23, 1944—47), Пермскім ун-це, пед. ін-тах Яраслаўля і Масквы. З 1930-х г. у Дзярж. гіст. музеі Ін-та гісторыі АН СССР. Доктарская дысертацыя па дачыненнях Рас. дзяржавы з Рэччу Паспалітай у час смуты 1600—19. Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нац.-дзярж. канцэпцыі. 17.6.1922 разам з патрыятычна настроенымі правасл. святарамі і прадстаўнікамі бел. інтэлігенцыі падпісаў адозву да правасл. беларусаў з заклікам стварэння нац. (аўтакефальнай) правасл. царквы Беларусі. У 1923 абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, арыштаваны і сасланы ў г. Перм. У 1944 вярнуўся ў Мінск. Даследаваў пытанні сац.-эканам. развіцця Рас. дзяржавы ў сярэдневякоўі, гісторыю яе адносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у 15—17 ст., гісторыю асветы і грамадска-паліт. думкі ў краінах Усх. Еўропы 16—19 ст. і інш.

Тв.:

Униатские школы для западнорусского юношества до Брестской церковной унии // Тр. БГУ. 1922. № 1;

Западнорусские униатские школы XVII—XVIII вв. // Там жа. № 2—3;

Борьба за Белоруссию и Украину в 1654—1667 гг. // Уч. зап. Моск. гор. пед. ин-та. 1947. Т. 2, вып. 2.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,

сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыі бел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Л.​М.​Лыч.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)