абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.К.Яфрэмаў (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕААКУ́СТЫКА (ад геа... + акустыка),
раздзел прыкладной геафізікі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання акустычных палёў у горных пародах, вадкасцях і газах, што запаўняюць сітавіны і расколіны ці знаходзяцца ў ствалах буравых свідравін. Метады геаакустыкі — акустычная разведка, сейсмічная разведка, глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне, ультрагукавая эхалакацыя, гукавы каратаж і інш. Займаецца даследаваннем будовы і ўласцівасцей зямной кары, пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў, рашэннем тэхналагічных задач пры правядзенні горных і буравых работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАБІЯСФЕ́РА (ад літа... + біясфера),
частка біясферы, якая займае верхнія слаі зямной кары (кару выветрывання).
Звычайна да 8—10 м (максімальна да 6 км у вадзе нафтаносных слаёў). Асн. маса арганізмаў у Л. сканцэнтравана ў слоі глебы да глыбіні каля 1 м. Паняцце «Л.» можа разглядацца таксама як вобласць пашырэння жывых арганізмаў па трэшчынах, падземных вадаёмах або як вобласць біягенных асадкавых парод («былых біясфер» паводле У.І.Вярнадскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),
пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТАНІ́ЗМ (ад грэч. Pluton Плутон, бог падземнага царства),
геалагічная канцэпцыя канца 18 — пач. 19 ст. пра вядучую ролю ўнутраных сіл у геал. гісторыі Зямлі. Надаваў гал. значэнне дзеянню эндагенных працэсаў (асабліва глыбіннаму магматызму і вулканізму) у фарміраванні і пераўтварэнні парод зямной кары. Канцэпцыя распрацавана шатл. геолагам Дж.Гетанам («Тэорыя Зямлі», 1795). Развіццё П. адбывалася ў супрацьпастаўленні нептунізму. Уяўленне пра ўтварэнне асадкавых горных парод было памылковым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл.Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДУСНАЯ СЕ́ТКА ЗЯМЛІ́,
сістэма геагр. мерыдыянаў і паралелей, нанесеных на адлюстраванне зямной паверхні ў выглядзе картаў і глобусаў. Выкарыстоўваецца для вызначэння геагр. каардынат зямной паверхні, а таксама вуглоў арыентавання (азімутаў і румбаў) і адлегласцей. Кожнаму мерыдыяну адпавядае свая даўгата (L), а паралелі — шырата (B). Азімут напрамку па мерыдыяне роўны нулю, па паралелі адпаведна — 90° і 270°. Градусная сетка наносіцца праз інтэрвалы: некалькі градусаў 1°; 30′; 10′; 1′. Для Беларусі геагр. сетка абмежавана даўготамі Lз = 23°11′03″; Ly, = 32°45′36″ і шыротамі Bпд = 51°15′35″; Bпн = 56°10′22″. У межах Беларусі адной мінуце адпавядае на плоскасці ў праекцыі Гаўса—Кругера: па шыраце на Пн 1034,4 м, на Пд 1164,3 м; па даўгаце на Пн 1855,6 м, на Пд 1855,2 м. Гарызантальная праекцыя ліній на фіз. паверхні Зямлі будзе карацей за прыведзеныя на велічыню
, дзе ym — сярэдняя ардыната лініі (сярэдняя адлегласць ад асявога мерыдыяна 6-градуснай каардынатнай зоны), Rm — сярэдні радыус Зямлі (6371,11 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,
фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл.Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́КЦЫЯ (ад лац. convectio прынясенне, дастаўка),
1) у атмасферы — падыманне больш нагрэтых ад зямной паверхні і менш шчыльных мас паветра з адначасовым апусканнем халаднейшых і больш шчыльных мас. Скорасць пад’ёму паветра звычайна некалькі метраў у секунду, зрэдку да 20—30 м/с і больш. Узнікае пры значным праграванні паветра ад падысподняй паверхні, пры адвекцыі халоднага паветра, хуткім яго ахалоджванні ноччу над цёплай паверхняй мора. Выклікае ўтварэнне канвекцыйных воблакаў і ападкаў.
2) У акіяне — вертыкальныя рухі валы, выкліканыя зменамі іх шчыльнасці, якая залежыць ад змены т-ры або салёнасці. Прыводзіць да перамешвання вады, абагачэння кіслародам ніжніх слаёў і пажыўнымі солямі вышэйляжачых. У перыяд асенне-зімовага ахаладжэння вод К. распаўсюджваецца на вял. глыбіні, а ў некат. субтрапічных і трапічных морах з вял. салёнасцю вады — да дна (Міжземнае м., Чырвонае м., Персідскі заліў).
3) У геалогіі — павольная цыркуляцыя неаднародных паводле тэмпературы, складу і вязкасці мас у мантыі Зямлі. Скорасць цыркуляцыі перыядычна мяняецца праз геалагічна значныя прамежкі часу. Канвектыўныя патокі мантыі ўплываюць на тэктанічныя рухі, разломаўтварэнне і размеркаванне рудаўтваральных раствораў у зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́РКІэлементаў,
лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш.геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.М.Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.Я.Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.І.Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.Л.Фогт і В.М.Гольдшміт, амер. Г.С.Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.П.Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.