ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,

млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗ Паўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.

Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.

т. 7, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́КШЫ (Hylidae),

сям. бясхвостых земнаводных. 35 родаў, каля 580 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках Амерыкі і Аўстраліі. Жывуць у асн. на дрэвах. Актыўныя ўначы. Большасць відаў мае на канцах пальцаў расшыраныя дыскі-прысоскі, якія садзейнічаюць перамяшчэнню па верт. паверхнях. Найб. вял. род — сапраўдныя К. (род Hyla), 450 відаў. На Беларусі 1 від — К. звычайная (H. arborea).

Даўж. цела 2—13,5 см (К. звычайнай — да 5 см). Афарбоўка можа мяняцца ў залежнасці ад навакольнага фону. Кормяцца ў асн. дробнымі насякомымі і іх лічынкамі. Здабычу захопліваюць доўгім языком. Самкі адкладваюць да 1000 ікрынак. Жывуць у няволі.

Квакша звычайная.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТЫ́ (Cetacea),

атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).

Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГА́НКІ, паганкі сапраўдныя,

або ўпрыгожаныя (Podiceps),

род вадаплаўных птушак. 10 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 5 відаў (гл. ў арт. Паганкападобныя). П.-галавасцік (P. gallardoi) і П. калумбійская (P. andinus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП; П. калумбійская з канца 1980-х г. лічыцца вымерлай.

Даўж. да 57 см, маса да 1,5 кг (чомга, або паганка вялікая), у інш. відаў — адпаведна 24—36 см і 125—1200 г. Крылы вузкія, доўгія. Хвост амаль рэдукаваны. Маюць складаны рытуал шлюбных дэманстрацый і спароўвання. Біял. індыкатары забруджвання ўнутр. вадаёмаў хім. рэчывамі, солямі цяжкіх металаў і інш.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛЫ,

арганізмы, якія складаюць адно з царстваў арган. свету. Існуюць 2 узроўні арганізацыі Ж.: аднаклетачныя (прасцейшыя) і шматклетачныя. У сусв. фауне налічваецца 1,5—2 млн. відаў Ж.; у фауне Беларусі больш за 430 відаў пазваночных і да 20 тыс. відаў беспазваночных. Насяляюць сушу, паветра, воднае і глебавае асяроддзе, многія — паразіты. Адрозніваюцца ад інш. эўкарыётаў адсутнасцю (за невял. выключэннем) цэлюлозных клетачных абалонак. Ж. — гетэратрофы (жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, неарган. злучэнні непасрэдна не асімілююць), размнажаюцца дзяленнем, пачкаваннем, яйцамі, жыванараджэннем і інш., здольныя да актыўнага перамяшчэння.

Некалькі дзесяткаў відаў Ж прыручаны чалавекам або разводзяцца ў няволі; шэраг Ж. належаць да паляўніча-прамысловых (собаль, пясец, ліс і інш.). Многія Ж выкарыстоўваюцца як лабараторныя (марскія свінкі, трусы і інш.). Пастаўшчыком бялку жывёльнага паходжання служаць с.-r. Ж У выніку ўздзеяння чалавека на жывую прыроду, пагаршэння экалагічных умоў, знішчэння дзікіх Ж. узнікла пагроза для існавання многіх відаў (у сярэднім у свеце штодзённа знікае 1 від або падвід). На Беларусі ахова Ж. рэгулюецца адпаведнымі законамі (гл. Ахова жывёл) і палажэннямі зямельнага. воднага і ляснога заканадаўстваў, міжнар. пагадненнямі і інш.; рэдкія і знікаючыя віды занесены ў Чырв. кнігу.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАДЗВЫЧА́ЙНАЙ АХО́ВЫ СТАНО́ВІШЧА»,

адзін з відаў выключнага становішча.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІ́ЛЫ,

1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.

2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГ,

хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля ​2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЕВЫЯ ІМХІ́, брыіды,

зялёныя імхі (Bryidae),

падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.

Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;

Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

энерге́тыка, ‑і, ДМ ‑тыпы, ж.

1. Галіна народнай гаспадаркі, якая ўключае энергетычныя рэсурсы, выпрацоўку, пераўтварэнне, перадачу і выкарыстанне розных відаў энергіі. Развіццё энергетыкі. □ Разам з моладдзю іншых нацыянальнасцей юнакі і дзяўчаты нашай рэспублікі актыўна працуюць на будоўлях важнейшых прадпрыемстваў прамысловасці і энергетыкі краіны. «Маладосць». // Галіна тэхнікі, якая занята выпрацоўкай, пераўтварэннем, перадачай, размеркаваннем і выкарыстаннем энергіі ў розных яе формах. Энергетыка сельскай гаспадаркі. Энергетыка прамысловасці. // Вучэнне аб выкарыстанні ў народнай гаспадарцы розных відаў энергіі. Курс энергетыкі. // Тэхнічнае аснашчэнне, якое выкарыстоўваецца для выпрацоўкі, пераўтварэння, перадачы, размеркавання і выкарыстання энергіі ў розных яе формах. Перасоўная энергетыка.

2. Спец. Прынцып дзеяння, механізм чаго‑н. Энергетыка клеткі.

•••

Ядзерная энергетыка — а) галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для электрыфікацыі і цеплафікацыі; б) галіна навукі і тэхнікі, якая распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядзернай энергіі ў электрычную і цеплавую.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)