ГО́МЕЛЬСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ,

часовы орган улады ў Гомелі ў снеж. 1918 — студз. 1919. Утворана 17.12.1918 на пасяджэнні гар. думы на ўзор Укр. дырэкторыі. Бальшавіцкая арг-цыя адмовілася падтрымаць Гомельскую дырэкторыю і стварыла Ваенна-рэв. к-т (ВРК). У склад Гомельскай дырэкторыі ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў, Гомельскага с.-д. к-та Бунда, сацыялістаў-сіяністаў, гар. думы, Цэнтр. бюро прафсаюзаў і інш. Яе падтрымлівалі герм. акупац. ўлады. Пасля перагавораў сав. боку з герм. камандаваннем улада ў Гомелі 6.1.1919 перададзена ВРК. Гомельская дырэкторыя самаліквідавалася.

В.​М.​Лебедзева.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЭСК»,

жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

Метэарыт «Грэск».

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (9.10.1874, г. Палтава, Украіна — 27.7.1954),

савецкі біёлаг. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1897). Да 1906 працаваў у г. Страсбург (Францыя) і г. Берн (Швейцарыя). З 1907 у Пецярбургу, з 1918 праф. Крымскага (Сімферопаль), з 1925 — Маскоўскага ун-таў. У 1930—45 ва Усесаюзным ін-це экстрым. медыцыны, да 1948 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. Навук. працы па цыталогіі, эмбрыялогіі, біяфізіцы, тэарэт. біялогіі. Сфармуляваў тэорыю біял. поля з мэтай тлумачэння накіраванасці і ўпарадкаванасці развіцця арганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБЕ́РЦІ ((Gioberti) Вінчэнца) (5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Міхаіл Апанасавіч) (н. 23.9.1921, в. Барсукі Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (з 1995). Засл. настаўнік БССР (1964). Скончыў БДУ (1950). Працаваў настаўнікам. З 1974 рэктар Мазырскага пед. ін-та. З 1985 у Гомельскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі педагогікі і асветы, тэарэтычна-метадычных праблемах адукацыі і навучання, працоўнага выхавання («Тэксты лекцый па дыдактыцы». 1981; «Тэорыя адукацыі і навучання», 1989, і інш.).

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮВАЛЬЕ́ ((Duvalier) Франсуа) (14.4.1907, г. Порт-о-Прэнс, Гаіці — 21.4.1971),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Гаіці. Скончыў мед. ф-т ун-та Гаіці (1932). У 1947—49 нам. міністра працы, у 1949—50 міністр працы і аховы здароўя. З 1957 лідэр Партыі нац. адзінства (з 1963 Адзіная партыя рэв. і ўрадавага дзеяння). З 1957 прэзідэнт Гаіці. У 1964 правёў праз Нац. сход канстытуцыю, паводле якой абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў крывавы рэжым дыктатуры, праводзіў палітыку рэпрэсій, праследаваў апазіцыю. Пост прэзідэнта перадаў сыну Ж.К.Дзювалье.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГЕЛЬ (Іван Міхайлавіч) (19.3.1830, маёнтак Залессе, Віцебская вобл. — 29.8.1916),

расійскі фармаколаг. Ганаровы чл. Ваен.-мед. акадэміі, Казанскага і Тартускага ун-таў, замежных акадэмій і таварыстваў. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1854). З 1869 праф. Казанскага ун-та. Навук. працы па праблемах уздзеяння лек. сродкаў на сардэчна-сасудзістую і нерв. сістэмы. Упершыню вызначыў магчымасць рэфлекторнага спынення дзейнасці сэрца шляхам раздражнення слізістай абалонкі носа парай хлараформу.

Тв.:

Сравнительная анатомия, физиология и фармакология сердца. Казань, 1895;

Основы фармакологии и рецептуры. СПб., 1900.

І.М.Догель.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАБЯ́ЗКА (Сцяпан Рыгоравіч) (н. 7.8.1922, в. Уюнішча Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1970), праф. (1971). Засл. юрыст Рэспублікі Беларусь (1996). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1949), з 1950 выкладчык гэтага ін-та. З 1955 у БДУ, з 1973 заг. кафедры тэорыі дзяржавы і права. Даследуе праблемы заканадаўства і фарміравання прававой дзяржавы.

Тв.:

Комиссии Верховного Совета союзной республики. М., 1961;

Формирование социалистического правового государства. Мн., 1990;

Суверенитет права в социальном правовом государстве // Право и демократия. Мн., 1994. Вып. 6.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НІН (Мікалай Пятровіч) (н. 4.1.1907, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія),

савецкі генетык. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1946). Чл. шэрагу замежных АН. Скончыў Маскоўскі ун-т (1928). З 1932 працаваў у шэрагу н.-д. устаноў АН СССР, у 1966—81 дырэктар Ін-та агульнай генетыкі АН СССР. Адкрыў (разам з А.С.Сераброўскім) падзельнасць гена. Даследаваў эфект становішча гена, пытанні генетыкі папуляцый. Навук. працы па эвалюцыйнай, радыяцыйнай і касм. генетыцы, тэарэт. асновах селекцыі. Ленінская прэмія 1966.

Тв.:

Общая генетика. М., 1970.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБКО́ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 14.1.1938, в. Ілава Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Герой Сац. Працы (1982). З 1960 працаваў аграномам-насенняводам, кіраўніком аддзялення, дырэктарам вучэбнай гаспадаркі «Станіславова» Гродзенскага с.-г. ін-та. У 1966—70 нач. упраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага райвыканкома, у 1970—72 дырэктар трэста малочна-гароднінных саўгасаў Гродзенскай вобл., у 1972—94 старшыня калгаса, старшыня савета с.-г. калект. прадпрыемства «Прагрэс» Гродзенскага р-на. Са снеж. 1994 старшыня Гродзенскага аблвыканкома. З 1990 старшыня Саюза аграрнікаў Беларусі.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)