КАП ((Kapp) Эўген) (26.5.1908, г. Астрахань, Расія — 29.11.1996),
эстонскі кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Талінскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1931, клас А.Капа), з 1945 выкладаў у ёй (з 1947 праф., у 1952—64 рэктар). Аўтар першых эст.сав. оперы «Агні помсты» (паст. 1945) і балета «Калевіпоэг» (паст. 1948). З інш. твораў: оперы «Пясняр свабоды» (паст. 1950), «Рэмбрант» (паст. 1975), «Зімовая казка» (дзіцячая, паст. 1958), балет «Золатапапрадухі» (дзіцячы, паст. 1956); араторыя «Эрнст Тэльман» (1977); кантаты; 3 сімфоніі (1942—64), 6 сюіт і 4 уверцюры для сімф. аркестра; канцэрты для фп, (1970), флейты (1976), канцэрціна для скрыпкі (1973), флейты (1965) з аркестрам; камерна-інструментальныя творы; хар. і сольныя песні; музыка да кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Тамберг. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1952. Дзярж. прэміі Эстоніі 1948, 1950, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАВУ́ХАЎ (Яўген Аляксандравіч) (23.2.1917, в. Масеева Наваржэўскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.2.1984),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1939). Працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі (1939—41, 1945—64). З 1964 у Маск. т-ры імя Маякоўскага. Выканаўца героіка-рамант. і характарных роляў. У творчасці спалучаў востры сцэн. малюнак з эмацыянальнасцю выканання. Сярод роляў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Эдмунд («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Тузенбах («Тры сястры» А.Чэхава), Барыс Гадуноў («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Камандзір карабля («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Эдлай Гамільтан («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані). Зняўся ў бел. кінафільмах «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы».
Літ.:
Атрошчанка А. На шляху творчай сталасці // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Людміла Якаўлеўна) (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),
бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАЎСКІ ЗАКА́ЗНІК.
Засн. 22.9 1972 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. з мэтай захавання прыроднага комплексу мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Агульная пл. 269 га. Уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні (113 га, каля в. Мікалаеўшчына, сюды паэт неаднаразова прыязджаў, у 1912 тут адбылася першая яго сустрэча з Я.Купалам), Альбуці (89 га, дзе Я.Колас жыў у 1890—1902 і якую ён апаэтызаваў у паэме «Новая зямля»), Ластку (47 га, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта — 1885—90; гл. ў арт.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), урочышча Бервянец (Дубы; 20 га, маляўнічая мясціна на беразе Нёмана, апісаная Я.Коласам у шматлікіх творах). У 1990 на тэр. заказніка адкрыты маст.-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які пачынаецца каля мемарыяльнай сядзібы Акінчыцы, налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў Я.Коласа.
З.М.Хамароўская.
Коласаўскі заказнік. Мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа». Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎСКАЯ (Яніна Казіміраўна) (24.10.1901, Мінск — 16.12.1978),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926), працавала ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Найб. самабытныя, жыццёва праўдзівыя, каларытныя вобразы жанчын з народа стварыла ў нац. рэпертуары: Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Даміцэля («Прымакі» Я.Купалы), Югася («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях»), Гарпіна («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры адметныя і яе ролі класічнага рэпертуару: Матруна («Улада цемры» Л.Талстога), Малання, Васа («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Уліта («Лес» А.Астроўскага), Дандальская («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Орта («Ветрык, вей!» Я.Райніса) і інш. З інш. роляў: Пастарша («Юстына» Х.Вуаліёкі), лэдзі Патэрсан («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Шарлота («Гарачае лета ў Берліне» паводле Э.Д.К’юзек).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА (Уладзімір Міхайлавіч) (21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл.драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Л.Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.Гоцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,
прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт.Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,
свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв.проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́РНІК-ЗМЯША́ЛЬНІК КАРМО́Ў,
машына для прыгатавання кармавых сумесей здробненых с.-г. прадуктаў у сырым і запараным выглядзе, а таксама для змешвання сакавітых і грубых кармоў з канцэнтратамі, травяной мукой і інш. кармавымі дабаўкамі перад скормліваннем іх жывёле. Выкарыстоўваюцца З.-з.к. прадукцыйнасцю ад 2 да 5 т/гадз (з запарваннем) і да 10 т/гадз (без запарвання). Могуць працаваць як самастойныя машыны, так і ў тэхнал. лініях кармацэхаў. Запарнікі кармоў (бульбазапарачныя агрэгаты) прызначаныя для мыцця, запарвання, здрабнення і выгрузкі бульбы. Працуюць у цыклічным або бесперапынным рэжыме. Маюць запарачны чан умяшчальнасцю 3 м³, мыйку, загрузачныя і выгрузачныя шнэкі, транспарцёр і інш. Прадукцыйнасць да 3 т/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЦКІ (Пётр Іванавіч) (1899, Саратаўская вобл., Расія — 1941),
рускі і бел. спявак (тэнар). Нар.арт. Беларусі (1940). Вучыўся ў Саратаўскай і Данской (Растоў-на-Доне) кансерваторыях. Дэбютаваў у опернай трупе Растова ў 1920. У 1923—24 працаваў у Вял. т-ры ў Маскве і ў опернай студыі пры ім (пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага), у 1924—37 у оперных т-рах Ленінграда. У 1938—41 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці былі ўласцівы ўменне надзяляць персанажаў дакладнай псіхал. характарыстыкай, старанная распрацоўка сцэн. малюнка, што найб. яскрава выявілася ў партыях бел. рэпертуару — Саўкі («У пушчах Палесся» А.Багатырова) і Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова). З інш. партый — Мішук («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча).