гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс.ж. (1995).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс.чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл.Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́Я,
гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйка ў Зах. Дзвіну. За 36 км ад г. Браслаў, 205 км ад Віцебска. Канцавая ст. на чыг. лініі Варапаева—Друя. Аўтадарогай злучаны з Браславам. 1,4 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага пад 1386 у складзе ВКЛ. У 14—18 ст. тут існаваў Друйскі замак. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Д. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. 8.8.1618 атрымала прывілей на магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на хвалях, вада сярэбраная. З Д. паходзіць адзін з шэдэўраў бел. рукапіснай кнігі — Друйскае евангелле 16 ст. За час існавання ў Д. пабудавана каля 20 храмаў. У 1790 у Д. 3,4 тыс.ж. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, заштатны горад Дзісенскага пав. Віленскай губ. У 1897 у Д. 4787 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У 1931 у Д. 3375 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак у Браслаўскім, з 1.5.1940 да 1963 у Міёрскім р-нах. 2,5 тыс.ж. (1971).
Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. лініі. Сярэдняя і муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі меліярац. работ, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік на месцы бою 1812. Помнік архітэктуры — Друйскі кляштар бернардзінцаў (1643—46) і Друйскі парк (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІДО́ВІЧ (Генрых Вацлававіч) (н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам.гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.Ф.Купера «Апошні з магікан».
Тв.:
Цяпло на першацвет. Мн., 1976;
Маладыя гады. Мн., 1979;
Міланькі. Мн., 1980;
На новы парог. Мн., 1983;
Станаўленне. Мн., 1985;
Міг маладосці. Мн., 1987;
Жывы покліч. Мн., 1995;
Жар кахання. Мн., 1996;
Кліч роднага звона. Мн., 1997.
Літ.:
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,
форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л.рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш.навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУСК,
гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс.ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс.чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс.ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.
4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.Ф.Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́ЛЬНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць прадпрыемстваў і службаў, спецыялізаваных на абслугоўванні насельніцтва. Уключае: сан.-тэхн. прадпрыемствы (водаправод, каналізацыю, прадпрыемствы па ўпарадкаванні тэр. населеных месцаў, пральні, лазні); гарадскі транспарт; энергетычныя прадпрыемствы (электрычныя, газавыя, цеплафікацыйныя размеркавальныя сеткі, кацельні і інш.); службы па эксплуатацыі жыллёвага фонду; збудаванні знешняга добраўпарадкавання (дарогі, тратуары, масты, пуцеправоды, падземныя і наземныя пешаходныя пераходы, трансп. эстакады, зялёныя насаджэнні агульнага карыстання, вулічнае асвятленне і інш.), гасцініцы, рамонтна-буд. арг-цыі і інш. Да 1920-х г. на Беларусі не было адзінай сістэмы прадпрыемстваў К.г. Водаправод дзейнічаў у Мінску з 1874, Гродне з 1876, Магілёве з 1878, Слоніме з 1890, Віцебску з 1895, Мазыры з 1902, Гомелі з 1908. У гарадах толькі цэнтр. вуліцы былі брукаваныя, асвятляліся газавымі ліхтарамі. Электрычнае асвятленне ў Мінску з 1895. Асн. відам гар. транспарту быў гужавы. У Мінску (з 1892) і Магілёве (з 1910) працавала конная чыгунка (конка). Да 1932 у БССР электрыфікаваны ўсе гарады і 30 мястэчак. У 1940 у рэспубліцы былі 92 камунальныя гасцініцы на 3574 месцы. На канец 1996 цэнтралізаванае водазабеспячэнне на Беларусі мелі 102 гарады, 106 гар. пасёлкаў і 4904 сельскія нас. пункты, каналізацыю — 101 горад, 101 гар. пасёлак, 2065 сельскіх населеных пунктаў; тралейбусны парк налічваў 1778 машын, аўтобусны — 3821 аўтобус на ўнутрыгар. перавозках; у Мінску — метрапалітэн (132 вагоны). Дзейнічалі 258 гасцініц, матэляў і інтэрнатаў для прыезджых на 28 297 месцаў і інш.
Л.А.Бірукоев.
Да арт.Камунальная гаспадарка. Дом быту ў в. Чурылавічы Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),
сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.
Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым.ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.
На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІЯ СЯДЗІ́БЫ,
тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.).
Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.Матусовіч, Я.Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.
У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.
Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА,
горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. За 15 км на ПнЗ ад Івацэвічаў, 151 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Косава-Палескае на лініі Баранавічы—Брэст. 2,7 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1494, калі вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў двор К. маршалку Я.Л.Храптовічу. З 1510 мястэчка, цэнтр павета, з 1560-х г. у складзе Слонімскага пав. З 1517 да 19 ст. належала Осцікам, Сангушкам-Кашырскім, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім. У 1597 у К. 79 двароў, царква, касцёл, 2 млыны, 34 корчмы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—4143 ж., 431 дом, нар. вучылішча, косаўскія суконныя прадпрыемствы, гарбарня, 2 царквы, касцёл, капліца, 4 яўр. малітоўныя дамы, пошта, 58 крам, 8 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад, цэнтр Косаўскага павета Палескага ваяв. У лют. 1927 у К. паліцыя расстраляла дэманстрацыю працоўных (гл.Косаўскі расстрэл 1927). З 1939 у БССР, у 1940—47 цэнтр Косаўскага раёна. З 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3112 чал.; дзейнічала Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя, паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыўся Косаўскі бой 1942. У 1959—2,5 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Косаўскі палац (1838), Антоньеўская царква (1868), Косаўскі Троіцкі касцёл (1878), Георгіеўская царква (18 ст.). Радзіма кіраўніка паўстання 1794 А.Т.Касцюшкі. Каля горада — гарадзішча.