КО́МАНС ((Commons) Джон Роджэрс) (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),

амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАЎ (Акцябр Паўлавіч) (14.11.1923, г. Клімавічы Магілёўскай вобл. — 23.9.1993),

бел. вучоны ў галіне дэрматалогіі і венералогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1977). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1948). У 1963—87 дырэктар Бел. н.-д. скурна-венералагічнага ін-та. Навук. працы па этыялогіі і патагенезе псарыязу, вывучэнні імуналагічных механізмаў патагенезу скурных захворванняў, венералогіі.

Тв.:

Красная волчанка. Мн., 1967 (у сааўт.);

Венерические заболевания. Мн., 1981 (у сааўт.);

Справочник по профессиональным болезням кожи. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНДЗО́Ў (Уладзімір Паўлавіч) (н. 25.7.1951, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на),

бел: археолаг. Д-р гіст. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1973). З 1978 супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе помнікі палеаліту і мезаліту на тэр. Бел. Падняпроўя і бас. Зах. Дзвіны. Вылучыў 2 этапы засялення тэр. Беларусі ў каменным веку. Выявіў у мезаліце Падняпроўя і Падзвіння помнікі грэнскай, яніславіцкай, днепра-дзяснінскай і Кунда археал. культур.

Тв.:

Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦ (Ісай Майсеевіч) (24.8.1897, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.4.1964),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1939), праф. (1940). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1923). У 1939—41 і 1953—56 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па паталогіі органаў стрававання.

Тв.:

Роль желудка в регуляции физиологических и патологических процессов в печени (эксперимент., физиол. и морфол. обоснование желудочно-печеночного синдрома). Мн., 1939;

Исследование и лечение желудочно-кишечных больных. Мн., 1961.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯ́КА (Васіль Мікітавіч) (26.4.1891, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 16.6.1950),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1931). Д-р с.-г. н. (1931), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1925). У 1928—38 заг. кафедры ў гэтай акадэміі. У 1940—46 дырэктар Ін-та эканомікі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях арг-цыі і планавання с.-г. вытв-сці, пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі, развіцця сыравіннай і энергет. базы Беларусі.

В.М.Лубяка.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),

амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл. Нац. АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.​Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя Н.​К.​Крупскай.

Засн. ў 1952 у г. Мазыр на базе Мазырскага настаўніцкага інстытута. Імя Крупскай прысвоена ў 1964. У 1998/99 навуч. г. 5,5 тыс. студэнтаў; ф-ты: фізіка-матэм., філал., педагогікі і методыкі пач. навучання, агульнатэхн. дысцыплін і фізікі, абслуговай працы, інжынерна-пед., даінстытуцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1992; з 1993 працуе н.-д. Сектар. Мае музеі гісторыі ін-та і гісторыі тэхн. творчасці.

В.​С.​Болбас.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Антонавіч; 30.8.1918, в. Шалягі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1967),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1954). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Настаўнічаў. У 1949—67 выкладчык Магілёўскага пед. ін-та. Друкаваўся з 1951. Аўтар прац «Сатыра Кандрата Крапівы» (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» (1963), «Ад песень і думак народных» (1965), «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Сааўтар дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» і «Беларуская дзіцячая літаратура» (абодва 1966).

А.Макарэвіч.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАВІЦ ((Markowitz) Гары) (н. 1927),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Чыкагскі ун-т. Працаваў у камерцыйных структурах, займаўся прыватным кансультаваннем. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па пытаннях эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў. Адзін з заснавальнікаў тэорыі аптымізацыі спалучэння рознага віду багацця ў індывіда і фірмы (т.зв. «партфельнага падыходу»). Сааўтар мовы праграмавання SIMSCRIPT. Аўтар кніг: «Выбар партфеля: эфектыўная дыверсіфікацыя інвестыцый» (1959), «Аналіз сярэдняга і дысперсіі пры выбары партфеля і рынкі капіталу» (1987). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з М.Х.Мілерам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Яўген Вячаслававіч) (н. 1.9.1949, в. Ратамка Мінскага р-на),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Скончыў БДУ (1973), працаваў у Бел. тэхнал. ін-це. З 1990 у Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (у 1990—94 заг. кафедры). З 1997 дырэктар Ін-та сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах сац.-паліт. развіцця грамадства, функцыянавання паліт. ін-таў, ажыццяўлення паліт. улады і інш. Адзін з аўтараў падручніка для ВНУ па паліталогіі.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)