Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.
Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯНА́РЫУМ,
басейн з марской вадой для ўтрымання марскіх жывёл: беспазваночных, рыб, паўзуноў, млекакормячых. Звычайна мае некалькі басейнаў рознага аб’ёму, адна бакавая яго сценка празрыстая для назірання. У невял. акіянарыумах трымаюць дробных рыб і беспазваночных, у буйных — вял. рыб, чарапах, ластаногіх, сірэн, кітападобных. Разнавіднасць акіянарыума — дэльфінарыі, дзе трымаюць дэльфінаў для вывучэння, дрэсіроўкі і паказу. Найб. колькасць акіянарыумаў у ЗША і Японіі. У Стэйнхарцкім акіянарыуме (г. Сан-Францыска, ЗША) 178 дэманстрацыйных, 192 запасныя акварыумы і басейны аб’ёмам ад 0,07 да 300 м³; у акіянарыуме «Сі Уорлд» (г. Сан-Дыега, ЗША) выдатная калекцыя рыб. Акіянарыум ёсць паблізу Ганалулу на Гавайскіх а-вах, а таксама ў Батумі (Аджарыя) і Клайпедзе (Літва). Маюць вял. значэння як культ.-асв., турыстычныя і н.-д. цэнтры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,
ціск крыві ўнутры аорты і буйных артэрый. Узнікае ад нагнятальнай дзейнасці сэрца, супраціўлення сасудаў і абумоўлены гідрастатычнымі сіламі. Найб. супраціўленне цёку крыві ў аорце і артэрыях. Артэрыяльны ціск у перыяд скарачэння (сісталы) жалудачкаў сэрца наз. сісталічным, у час расслаблення (дыясталы) — дыясталічным. Вымяраецца ў мм рт. сл.Макс. ўзроўню (верхні) дасягае ў перыяд скарачэння (сісталы), мінім. (ніжні) — у час расслаблення (дыясталы). Велічыня артэрыяльнага ціску залежыць ад віду жывёл, стану сэрца і сасудаў, колькасці крыві, узросту, індывід. асаблівасцяў арганізма і інш. У буйных артэрыях чалавека сісталічны ціск у норме складае 110—130, а дыясталічны — 60—80 мм рт. сл. З узростам артэрыяльны ціск крыху павышаецца. Існуюць 2 метады вымярэння артэрыяльнага ціску: прамы (крывавы) і ўскосны (бяскроўны) з дапамогай спец. прыладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),
гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЦ (Уладзімір Аляксеевіч) (26.4.1834, в. Татараўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.10.1894),
украінскі анатам і гістолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860), дзе і працаваў да 1889. У 1861—68 працаваў у Вене ў К.Людвіга, у Гейдэльбергу ў Г.Гельмгольца. Навук. працы па анатоміі, клінічнай медыцыне. Заснавальнік вучэння пра архітэктоніку кары галаўнога мозга. Апісаў рухальную зону кары галаўнога мозга (1873) і вызначыў (1874) у ёй гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца). Распрацаваў арыгінальную методыку рыхтавання зрэзаў праз цэлае паўшар’е галаўнога мозга. Правёў сістэматычныя даследаванні развіцця і росту касцей (1887). Зрабіў і сабраў унікальную калекцыю прэпаратаў мозга чалавека і жывёл, якую падараваў Кіеўскаму ун-ту.
Тв.:
Морфология остеогенеза. Киев, 1887;
Атлас человеческого мозга. Киев, 1910;
Анатомические и гистологические исследования: (Избр. тр.). М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНА́РНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА (ад лац. binarius двайны),
бінамінальная наменклатура, у сістэматыцы жывых арганізмаў назва відаў двайным імем паводле роду і віду. Упершыню ўведзена К.Лінеем (1758). Садзейнічала уніфікацыі назваў жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Ліней прапанаваў абазначаць віды лац. назвамі: 1-е слова (назва роду — назоўнік) пішацца з вял. літары, 2-е, што абазначае сам від, — з малой. Да двайной назвы віду дадаецца поўнае або скарочанае імя вучонага, які ўпершыню апісаў дадзены від. Напр., вінаград скальны — Vitis rupestris Scheele, пчала меданосная — Apis mellifera L., воўк — Canis lupus L., дзе L. — імя Лінея. Бінарная наменклатура замацавана міжнар. кодэксамі наменклатуры і прынята Міжнар. саюзам біял.навук.
Літ.:
Международный кодекс зоологической номенклатуры: Пер. с англ. и фр. 3 изд. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл.Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),
спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГРЭ́СІЯ (ад лац. digressio адхіленне) рэкрэацыйная, пагаршэнне стану прыродных комплексаў (пераважна ў лесапарках, зонах адпачынку, прыгарадных лясах) пад уплывам інтэнсіўнага іх выкарыстання. З’явы Д. ўзнікаюць пры перавышэнні гранічна-дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, як вынік вытоптвання расліннага покрыва, ушчыльнення глебы, абломлівання дрэў і кустоў, апёкаў глебы ад вогнішчаў, распуджвання жывёл, неўпарадкаванага збору грыбоў, кветак, ягад, засмечвання асяроддзя арган. і мінер. рэчывамі антрапагеннага паходжання. Мех. ўздзеянні, асабліва вытоптванне, найб. адчувальныя і пастаянныя фактары Д. З мэтай рэгламентацыі рэкрэацыйных нагрузак вылучаюць 5 стадый Д. 1—3-й стадыям уласцівы адмоўныя, але абарачальныя змены, пераважна ў раслінным і жывёльным свеце; на 4-й і 5-й стадыях закранаюцца глебава-грунтавыя і гідралагічныя ўмовы з фарміраваннем і нарастаннем неабарачальных працэсаў разбурэння біягеацэнозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫ (Hydrida),
атрад беспазваночных жывёлкл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).
Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.