НЁТЭР (Noether) Амалі Эмі (23.3.1882, г. Эрланген, Германія — 14.4.1935),

нямецкі матэматык, адна з заснавальнікаў абстрактнай алгебры. Скончыла Эрлангенскі ун-т (1902), дзе першай з жанчын Германіі атрымала ступень д-ра навук (1907). У 1922—33 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1928—29 выкладала ў Маскоўскім ун-це. З 1933 праф. жаночага каледжа ў г. Брын-Мор (ЗША). Навук. працы па алгебры (тэорыі ідэалаў, гіперкамплексных сістэм, дыферэнцыяльных інварыянтаў і інш.). Увяла паняцце групы з аператарамі, даказала тэарэму аб гомеамарфізмах і ізамарфізмах, развіла агульную тэорыю выключэння і тэорыю алгебраічных мнагастайнасцей. Сфармулявала адну з фундаментальных тэарэм тэарэт. фізікі (гл. Нётэр тэарэма).

Літ.:

Вейль Г. Математическое мышление: Сб.: Пер. с англ. и нем. М., 1989. С. 274—292.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Нётэр.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,

парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.

Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.

Нью-гэмпшыры.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О.ГЕ́НРЫ [O.Henry; сапр. Портэр (Porter) Уільям Сідні; 11.9.1862, г. Грынсбара, штат Паўн. Караліна, ЗША — 5.6.1910],

амерыканскі пісьменнік. Па адукацыі фармацэўт. Літ. дзейнасць пачаў у 1894. Аўтар зб-каў апавяд. «Чатыры мільёны» (1906), «Свяцільня, якая гарыць» і «Сэрца Захаду» (абодва 1907), «Мілы жулік» (1908), сатыр. рамана ў навелах «Каралі і капуста» (1904), гумарэсак, скетчаў і інш. Яго творы адметныя займальнасцю сюжэта, жывапіснасцю характараў, дакладнасцю дэталі, багатай палітрай камічнага — ад мяккага гумару да пародыі, гратэску, сатыры. Адыграў значную ролю ў развіцці жанру навелы.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Внуков Н.А. Тот, кто называл себя О.​Генри. Л., 1969;

Левидова И.М. О.​Генри и его новелла. М., 1973;

О.​Генри: Биобиблиогр. указ. М., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

О.Генры.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАН-ЕЎРО́ПА»,

праект стварэння паліт. і эканам. аб’яднання дзяржаў кантынент. Еўропы, які прапагандаваўся паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі. З 1923 гэту ідэю развіваў пан’еўрапейскі рух, які з 1924 выдаваў у Вене час. «Рапеигора» («Пан-Еўропа»). Праект прапанаваны ў вер. 1929 франц. міністрам замежных спраў А.Брыянам, развіты ў мемарандуме франц. ўрада ад 1.5.1930 урадам еўрап. дзяржаў. Прадугледжваў стварэнне «Еўрап. федэральнага саюза», па-за межамі якога заставаліся Вялікабрытанія і СССР. Фактычна мэтай праекта было ўсталяванне франц. гегемоніі ў Еўропе. Процідзеянне ўрадаў СССР, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін прывяло да правалу франц. праекта (1931). Пасля 2-й сусв. вайны тэндэнцыя еўрап. дзяржаў да аб’яднання ўвасобілася ў стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага саюза і інш. міжнар. ваен.-паліт. і эканам. арг-цый.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНЕЛ (Parnell) Чарлз Сцюарт (27.6.1846, Эйвандэйл, Ірландыя — 6.10.1891),

ірландскі паліт. дзеяч, кіраўнік руху за самакіраванне Ірландыі (гл. Гомруль). Землеўладальнік. З 1875 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, з 1877 лідэр ірл. фракцыі ў палаце абшчын і старшыня Лігі гомруля. Адзін з заснавальнікаў (1879) і прэзідэнт Зямельнай лігі. На мітынгах у розных месцах краіны заклікаў да аб’яднання ірл. католікаў і пратэстантаў, да процідзеяння ірл. сялян высяленнем і росту арэнднай платы, да байкоту лендлордаў і іх агентаў. Быў звязаны з вярхамі ірл. эміграцыі ў ЗША, што забяспечвала абедзвюм лігам пастаянную фін. падтрымку. У 1881—82 зняволены брыт. ўладамі. Памёр ад нервовага перанапружання ў выніку цкавання яго ў друку англічанамі і адхілення ад лідэрства большасцю ірл. парламенцкай фракцыі пад націскам У.Ю.Гладстана.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС (Parsons) Талкат (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),

«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛІ (Pauli) Вольфганг (25.4.1900, Вена — 15.12.1958),

швейцарскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і рэлятывісцкай квантавай тэорыі поля. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1921). З 1923 у Гамбургскім ун-це, з 1928 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Цюрыху. У 1940—46 у Ін-це фундаментальных даследаванняў (г. Прынстан, ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, мезоннай тэорыі ядз. сіл, тэорыі адноснасці, па гісторыі і філасофіі навукі. Сфармуляваў Паўлі прынцып. Прадказаў існаванне нейтрына (1930). Нобелеўская прэмія 1945.

Тв.:

Рус. пер. — Труды по квантовой теории. Квантовая теория. Общие принципы волновой механики: Статьи, 1920—1928. М., 1975;

Труды по квантовой теории: Статьи, 1928—1958. М., 1977;

Теория относительности. 3 изд. М., 1991.

Літ.:

Теоретическая физика XX в. М., 1962.

В.Паўлі.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ШУЧАЯ МАШЫ́НКА, друкавальная машынка,

прылада для друкавання тэкставых, таблічных і лічбавых матэрыялаў паслядоўным нанясеннем на паперу адбіткаў літар, лічбаў і інш. знакаў.

Сканструявана К.​Шолсам (ЗША) у 1867. У Расіі арыгінальную мадэль П.м. прапанаваў М.​І.​Алісаў у 1870. Падзяляюцца на канцылярскія (стандартныя), спецыяльныя (для друкавання нот, рэльефных знакаў азбукі Брайля для сляпых, стэнаграфічныя і інш.). Бываюць з ручным і эл. прыводам. Друкаванне праводзіцца пры дапамозе клавіятуры з 42—46 клавішаў, якія маюць 2 друкарскія знакі (вялікая і малая літары) на кожным рычагу. Эл. П.м. выкарыстоўваюцца таксама для ўводу і вываду алфавітна-лічбавай інфармацыі ў ЭВМ (гл. Друкавальная прылада).

Пішучая машынка. Схема рычажнага друкавальнага механізма: 1 — клавішны рычаг; 2 — рычажная перадача; 3 — літарны рычаг; 4 — папераапорны валік; 5 — папера; 6 — фарбавальная стужка.

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАШЧЫ́НСКІ Ізідар Паўлавіч (1908, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 25.2.1986),

бел. літ.-знавец, крытык, мемуарыст. Брат Я.Пушчы. У 1920-я г. скончыў БДУ. Настаўнічаў у Мінску, працаваў у БелТА. У гады Вял. Айч. вайны быў акцёрам т-ра. З 1940-х г. за мяжою. Жыў у Германіі, ЗША (пад прозвішчам Язэп Гуткоўскі). Быў сябрам Бел. ін-та навукі і мастацтва. Друкаваўся з 1927. З’яўляўся чл. літ. аб’яднання «Узвышша». Даследаваў творы С.​Баранавых, П.​Броўкі, П.​Галавача, П.​Глебкі, Т.​Кляшторнага, М.​Лужаніна, П.​Панчанкі, Ю.​Таўбіна, У.​Хадыкі і інш. У 1930-я г. падвяргаўся нападкам вульгарных сацыёлагаў. У эміграцыі пад псеўданімам Язэп Менскі і інш. пісаў пра У.​Жылку, Я.​Купалу, Я.​Лёсіка і інш.

С.​Б.​Сачанка.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,

мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш. т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд. Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак. найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд. ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)