ДАНІ́ЛАВА (Аляксандра Юр’еўна) (н. 27.3.1927, г. Гадзяч, Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1970). Скончыла Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1951). З 1951 працавала ў Ін-це «Віцебскграмадзянпраект». Асн. работы ў Віцебску: будынкі прафтэхвучылішча быт. абслугоўвання (1956) і электратэхнікума сувязі (1957, у сааўт.), забудова вуліцы Кірава, пл. Перамогі, цэнтр. і паўд. раёнаў (1973), пл. 1000-годдзя горада (1975), мікрараёнаў Юбілейны (1976), Поўдзень-6 (1980) і інш. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка і Наваполацка (1964), Віцебска (1966), Оршы (1968).

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Паўлавіч) (16.8.1852, в. Бяжоў, Жытомірская вобл., Украіна — 2.2.1908),

украінскі і расійскі гісторык і літаратуразнавец; прадстаўнік культ.-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Акад. Пецярб. АН (з 1907). Скончыў Кіеўскі ун-т (1873), потым прафесар у ім. Даследаваў гісторыю Паўд. Расіі і ВКЛ, у т. л. Беларусі. Удакладніў храналогію некат. падзей, асветленых у Галіцка-Валынскім летапісе, выказаў здагадку, што летапісная Літва знаходзілася ў вярхоўі Нёмана. Аўтар прац пра рус. былінны эпас, творчасць рус. і ўкр. пісьменнікаў.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАШЭ́НКА (Віктар Іванавіч) (9.3.1921, г. Еўпаторыя, Рэспубліка Крым, Украіна, — 6.12.1980),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Качынскую ваен. авіяц. школу (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1952). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Волхаўскім і 1-м Укр. франтах. Нам. камандзіра палка, інспектар-лётчык па тэхніцы пілатавання і тэорыі палётаў маёр Е. зрабіў 216 баявых вылетаў, з іх 87 на разведку тылоў праціўніка. Да 1961 у Сав. Арміі, да 1977 у грамадз. авіяцыі.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛЁЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (24.10.1900, с. Аляксееўка Першамайскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 1991),

расійскі акцёр, артыст эстрады. Нар. арг. СССР (1979). У 1927 скончыў вучылішча пры Т-ры імя Я.​Б.​Вахтангава; да 1939 акцёр гэтага т-ра. На эстрадзе з 1931. Майстар мастацкага слова. У рэпертуары творы А.​Пушкіна, А.​Чэхава, А.​Блока, М.​Горкага, Л.​Талстога, У.​Маякоўскага, П.​Мерымэ і інш. У тэмпераментным выкананні Ж. спалучалася лірычная і гераічная накіраванасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,

катэгорыя запаведных тэрыторый, у межах якіх актыўна праводзіцца работа па акліматызацыі, зберажэнні і аднаўленні запасаў дзічыны. У іх строга рэгулюецца паляванне (з навук. і спарт. мэтамі), абмежавана лясная гаспадарка, практыкуюцца біятэхн. мерапрыемствы (напр., клетачнае расплоджванне, прыручэнне жывёл). З.-п.г. — форма ахоўных тэр., характэрная толькі для б. СССР, дзе існавалі З.-п.г.: Завідаўская, Каўказская (Расія), Крымская, Азова-Сівашская (Украіна), Кургальджынская (Казахстан), Энгурэс (Латвія), Белавежская пушча з 1983 з філіялам Целяханская (Беларусь).

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТЫРКЕ́ВІЧ-КАРПІ́НСКАЯ (Ганна Пятроўна) (20.2.1855, г.п. Срэбнае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.9.1921),

украінская актрыса. З 1883 у трупе М.Крапіўніцкага, з 1892 у трупах М.​Садоўскага, А.​Суслава, Т.​Калеснічэнка. У 1918—20 у Нар. т-ры ў Кіеве, у 1920—21 у Нар. т-ры ў Ромнах. Сцэн. вобразы З.-К. вызначаліся натуральнасцю, жанравай адпаведнасцю, абаяльнасцю: Аграфена Сцяпанаўна («Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Ганна («Бесталанная» І.​Карпенкі-Карага), Лымарыўна (аднайм. п’еса П.​Мірнага), Стэха («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі) і інш.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКІ Уладзімір Антонавіч 21.10.1912, в. Варонеж Карукаўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.12.1937), паэт, драматург. Пісаў на польск. мове. У 1929—30 вучыўся ў польскай тэатр. студыі ў Кіеве. З 1930 заг. польскага сектара Камітэта радыёвяшчання пры СНК БССР. У 1937 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1979. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы», «Дзве паэмы» (абодва 1934), «Дарога на Поўнач» (1935), п’есы «Сям’я Варанцоў» (паст. 1935, выд. 1936). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Звонак, В.​Казлоўскі, С.​Шушкевіч.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІКАЎ (Пімен Рыгоравіч) (25.7.1906, г. Мікалаеў, Украіна — 26.11.1996),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваенна-тэарэтычную (1933) і Арэнбургскую ваен. авіяц. школы лётчыкаў (1934). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Паўд., Зах., 1-м і 2-м Бел. франтах. Старшы штурман штурмавой авіяцыі маёр К. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Рагачова, Бабруйска, Мінска, Слоніма, ліквідацыі груповак праціўніка ў бабруйскім «катле». Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́СІК (Юлій Юр’евіч) (н. 24.8.1923, г. Херсон, Украіна),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. РСФСР (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на кінастудыях Свярдлоўскай, «Ленфільм» і «Масфільм». Фільмы вызначаюцца псіхал. манерай апавядальнасці, яркімі акцёрскімі работамі: «Дзікі сабака Дзінга» (паводле Р.​Фраермана, 1962, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Шостае ліпеня» (паводле М.​Шатрова, 1968, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Чайка» (1972), «Самы гарачы месяц» (1974) і інш. У 1979 паставіў тэлефільм «Шклянка вады» (паводле Э.​Скрыба).

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)