РАЗ’ЯДНА́ЛЬНІК,

электратэхнічнае прыстасаванне для раз’яднання і пераключэння асобных участкаў эл. ланцугоў пры адсутнасці ў іх току. Робіцца ў выглядзе рухомага і нерухомага кантактаў, замацаваных на ізалятарах. Стварае бачны разрыў эл. ланцуга і выкарыстоўваецца ў размеркавальных устройствах і на ЛЭП для стварэння бяспекі прафілактычных і рамонтных работ на адключаных участках.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дро́сель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне ў выглядзе клапана, засланкі для рэгулявання ціску і расходу вадкасці, пары або газу.

2. Шпуля з меднага дроту, якая мае вялікае індуктыўнае супраціўленне і служыць для рэгулявання сілы току ў электрычным ланцугу.

[Ням. Drossel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАДО́ ((Baudot) Жан Марыс Эміль) (11.9.1845, Маньё, Францыя — 23.3.1903),

французскі вынаходнік у галіне тэлеграфіі. Стварыў першую практычна прыдатную да эксплуатацыі сістэму шматразовага тэлеграфавання перадачай раўнамерных кодавых пасылак эл. току (1874—76). Першыя Бадо апараты пачалі дзейнічаць у 1877 на тэлеграфнай лініі Парыж—Бардо. Імем Бадо названа (1927) адзінка скорасці тэлеграфавання — бод.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТА́НЦЫЯ электрычная,

электраўстаноўка або сукупнасць эл. устройстваў для пераўтварэння напружання (трансфарматарная падстанцыя) ці роду эл. току (пераўтваральная падстанцыя), а таксама для размеркавання эл. энергіі паміж спажыўцамі. З’яўляецца прамежкавым звяном у сістэме перадачы эл. энергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. На электрыфікаваных чыгунках, у метрапалітэнах, на трамвайных і тралейбусных лініях выкарыстоўваюцца цягавыя падстанцыі.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

электрычны апарат у выглядзе індуктыўнасці шпулі. Прызначаны для кампенсацыі ёмістаснай праводнасці працяглых ЛЭП (т. зв. папярочная кампенсацыя), абмежавання токаў кароткага замыкання, кампенсацыі ёмістасных токаў замыкання на зямлю, згладжвання пульсацый току ў ланцугах выпрамнікоў, абмежавання контурных токаў у ланцугах рэверсіўных выпрамнікоў. Высакавольтныя Рэ. прызначаны для ЛЭП, нізкавольтныя — для пераўтваральнай тэхнікі.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРАВЫ́Я ТО́КІ, токі Фуко,

замкнутыя эл. токі ў масіўных правадніках, выкліканыя пераменным магн. полем. Напрамак віхравых токаў вызначаецца паводле Ленца правіла. Замыкаюцца віхравыя токі непасрэдна ў праводнай масе з утварэннем віхрападобных контураў і награваюць яе ў адпаведнасці з Джоўля—Ленца законам, што выкарыстоўваецца, напр., для індукцыйнага нагрэву металаў. Узаемадзеянне віхравых токаў з асн. магн. полем прыводзіць у мех. рух (або затарможвае) праводнае цела, што выкарыстоўваецца ў вымяральнай тэхніцы, эл. машынах пераменнага току і інш.

Віхравыя токі выклікаюць скін-эфект (магн. ў магнітаправодах, эл. ў любым правадніку, па якім цячэ пераменны ток), што павялічвае страты энергіі. Для змяншэння страт магнітаправоды вырабляюць з тонкіх лістоў, ізаляваных адзін ад аднаго; выкарыстоўваюць сталь з павышанай колькасцю крэмнію, замяняюць ферамагн. матэрыялы магнітадыэлектрыкамі; высокачастотныя правады вырабляюць пустацелыя або з асобных жыл, ізаляваных адна ад адной.

Віхравыя токі (пункцір) у асяродку шпулі пры павелічэнні току (I): а — суцэльны асяродак; б — пласціністы асяродак.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,

нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.

Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец. індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл. Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт. Дыэлектрычны нагрэў.

Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ампера́ж

(ад ампер)

сіла электрычнага току, выражаная ў амперах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

турбадына́ма

[ад турба- + дынама(машына)]

генератар пастаяннага току (дынамамашына) з прыводам ад турбіны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электрамагістра́ль

(ад электра- + магістраль)

магістраль для перадачы электрычнага току.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)