ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),
егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг.рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.
Літ.:
Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ.М., 1959;
Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992.
Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-я пал. 14 ст. да н.э.
персідскі і таджыкскі паэт і вучоны. Жыў у Самаркандзе, Ісфахане, Бухары і інш. Найвялікшы астраном свайго часу: за 500 гадоў да рэформы папы Грыгорыя XIII ажыццявіў рэформу календара ў выніку шматгадовых назіранняў за зорным небам. Паслядоўнік філасофіі Арыстоцеля і Ібн Сіны. Сусв. вядомасць як паэту прынеслі яму рубаі (чатырохрадкоўі), у якіх свет чалавечых перажыванняў, думы пра жыццё, чалавека і яго веды, глыбокі філас. роздум, пропаведзь дабра і чалавечнасці. Многія рубаі сталі афарызмамі. Аўтар трактатаў на араб. і перс. мовах: матэм. («Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы»), фіз. («Вагі мудрасцей»), філас. («Адказ на тры пытанні», «Трактат пра існаванне»), гіст. («Науруз-намэ»). Збярогся ўрывак «Мелікшахскіх астранамічных табліц» У.Х., напісаных па-арабску. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, С.Грахоўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Рубаі. Мн., 1989;
Рус.пер. — Трактаты. М., 1961;
Рубаи. 2 изд. Ташкент, 1983.
Літ.:
Розенфельд Б.А., Юшкевич А.П. Омар Хайям. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСОВААБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
катэгорыя былых прыватнаўласніцкіх (панскіх) сялян Рас. імперыі, вызваленых ад прыгоннай залежнасці паводле «Палажэнняў» 19 лютага 1861, але не пераведзеных на выкуп (гл.Выкупная аперацыя). Тэрмін часоваабавязаных адносін дакладна не вызначаўся, іх спыненне цалкам залежала ад волі памешчыка. За карыстанне зямлёй Ч.с. выконвалі аброк або паншчыну. Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян супраць грабежніцкіх умоў сялянскай рэформы 1861 царскі ўрад законам ад 13.3.1863 увёў абавязковы выкуп сял. надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., у латгальскіх і Дрысенскім пав. Віцебскай губ. Тут Ч.с. з 13.5.1863 пераводзіліся ў разрад т. зв. сялян-уласнікаў. 14.11.1863 дзеянне гэтага ўказа пашырана на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губ., дзе абавязаныя адносіны спынены 13.1.1864. Выкупныя плацяжы ва ўсіх 6 названых зах. губернях павінны былі знізіцца на 20%, рэальна гэтае зніжэнне было больш значным. Катэгорыя Ч.с. у Рас. імперыі скасавана законам ад 9.1.1882, згодна з якім усе б. панскія сяляне з пач. 1883 пераводзіліся на абавязковы выкуп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫХО́ДНІЦТВА,
часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр.прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял.рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс.чал.Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл.Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс.рэформы (гл.Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДА,
1) у Стараж. Русі і іншых слав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром I на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.
3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра I у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПАВЕТ,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі, Літ.-Бел. ССР, Польшчы ў 15—20 ст. Утвораны ў складзе ВКЛ пасля Крэўскай уніі 1385, уваходзіў у Віленскае ваяводства. Павятовы цэнтр — г. Вільня. Тэр. павета ўдакладнена ў ходзе адм.-тэр.рэформы 1565—66 і замацавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет адышоў да Рас. імперыі, з 14.12.1795 у Віленскай, з 12.7.1797 у Літоўскай, з 9.9.1801 зноў у Віленскай губ.Пл. павета 5434 кв. вярсты, нас. (без гарадоў) 355 855 чал. (1897). Жылі беларусы, літоўцы, яўрэі, палякі, рускія. У складзе павета было 19 валасцей, г. Нова-Вілейск, 32 мястэчкі, 3059 паселішчаў сельскага тыпу. У 1-ю сусв. вайну павет у жн. 1915 акупіраваны герм. войскамі. Са студз. 1919 у Літ. ССР, з лют. 1919 у Літ.-Бел. ССР, з крас. 1919 у Польшчы. У ліп. 1920 заняты Чырв. Арміяй. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 разам з інш. землямі перададзены Літве. 9.10.1920 акупіраваны польскімі войскамі ген. Л.Жалігоўскага. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 Віленскі павет уключаны ў склад Віленскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 15 — 1-й пал. 20 ст. Цэнтр — г.Гродна. Утвораны пасля Гарадзельскай уніі 1413 на тэр. Гродзенскага княства ў складзе Трокскага ваяв.ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр.рэформы 1565—66. У 2-й пал. 16 ст. ў павеце 27 валасцей. У 17 ст. плошча павета 11 505 км². З 1793 у складзе Гродзенскага ваяв., у 1795 зах. частка павета адышла да Прусіі, усх. (з г. Гродна) — да Рас. імперыі ў складзе Слонімскай (з 1795), Літоўскай (з 1797), Гродзенскай (з 1801) губ. У 1897 пл. павета 3770 кв. вёрст, нас. 206 770 чал. У 1886—1912 у павеце 21 воласць, 1 горад (Гродна), 11 мястэчак, 955 сельскіх нас. пунктаў. З 1921 у Польшчы, у Беластоцкім ваяв. У 1927 пл. павета 4743 км², 22 гміны, 4 гарады (Гродна, Друскенікі, Індура, Скідзель). З 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны Гродзенскі раён; асобныя яго часткі далучаны да інш. раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,
назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст.Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл.Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.
Літ.:
Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г.рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.