ПАТРО́Н (франц. patron, ням. Patrone),

1) у металаапрацоўцы — прыстасаванне для замацавання загатовак або інструментаў на металарэзных станках. Бываюць мех., эл.-магн., гідраўлічныя, пнеўматычныя, гідрапластавыя; 2-, 3-, 4-кулачковыя, цангавыя.

2) У электра- і святлатэхніцы — прыстасаванне для мацавання крыніцы выпрамянення (напр., лямпы напальвання) і забеспячэння яе эл. сілкаваннем.

3) У ваеннай справе — від боепрыпасаў стралковай зброі і малакаліберных (да 75 мм) пушак (гармат), у якіх куля (снарад), парахавы зарад і сродак запальвання (капсуль, капсульная ўтулка) аб’яднаны з дапамогай гільзы. Па прызначэнні падзяляюцца на баявыя і дапаможныя (напр., халастыя, для выпрабавання зброі). У залежнасці ад віду зброі бываюць пісталетныя, рэвальверныя, вінтовачныя, артыл., для паляўнічых ружжаў і інш. Распрацаваны т.зв. бязгільзавы П.

Патроны электрычныя: а — разьбовы (1 і 2 — часткі, якія скручваюцца; 3 — спружынны ўкладыш з кантактамі; 4 — цокаль лямпы з цэнтральным кантактам); б — баянетныя з адным і двума рухомымі кантактамі.
Шротавы патрон 12-га калібру: 1 — пластыкавы корпус гільзы; 2 — стальны шрот; 3 — кантэйнер; 4 — парахавы зарад; 5 — капсуль; 6 — пластыкавы пыж; 7 — латунная аснова гільзы.
Да арт. Патрон: а — 9-мм ПМ (ПММ) для пісталета Макарава; б — 5,45-мм для аўтаматычнай зброі Калашнікава; в — 7,62-мм для штатнага боепрыпаса НАТО (1 — куля; 2 — гільза; 3 — парахавы зарад; 4 — капсуль-запальнік).

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),

1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст. значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.​Ахрэмчык, А.​Бархаткоў, В.​Бялыніцкі-Біруля, С.​Жукоўскі, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, П.​Масленікаў, В.​Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.

2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л. міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.​Драздовіча, К.​Малевіча, Масленікава, М.​Неўрава, Ф.​Рушчыца, М.​Шагала і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,

кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.

Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш. запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.

Літ.:

Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;

Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.

М.​А.​Ярмаш, М.​Л.​Савік.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНАЕ АСЕМЯНЕ́ННЕ,

прыёмы штучнага збліжэння палавых клетак (у рыб) або штучнае ўвядзенне атрыманай ад вытворніка спермы ў палавыя шляхі самкі з мэтай яе апладнення (у птушак і млекакормячых). У рыб пры Ш.а. ікру змешваюць з малокамі, потым інкубіруюць у натуральных ці штучных умовах. У птушак і млекакормячых сперму ўводзяць пры дапамозе спец. інструментаў у палавыя шляхі самкі. Тэарэт. асновы і прынцыпы практ. прыёмаў Ш.а. с.-г. жывёл распрацаваў у пач. 20 ст. рас. біёлаг І.​І.​Іваноў; яны засн. на магчымасці атрымання пры дапамозе штучнай похвы спермы самцоў, якая па-за арганізмам не траціць сваіх якасцей, і на магчымасці авуляцыі ў самак с.-г. жывёл без палавога акта.

Складаецца Ш.а. з 5 асн. тэхн. прыёмаў: атрыманне спермы ад самца, ацэнка якасці спермы, яе разбаўленне, захаванне і ўвядзенне ў палавыя органы самкі. У с.-г. жывёл (пераважна коні, буйн раг. жывёла, авечкі) Ш.а. праводзяць з мэтай інтэнсіўнага выкарыстання высокакаштоўных племянных вытворнікаў, правераных па якасці патомства, дзеля масавага паляпшэння пародных і прадукц. якасцей жывёл, хуткага атрымання вял. колькасці высакаякаснага патомства. Выкарыстанне Ш.а. папярэджвае распаўсюджанне шэрагу заразных хвароб (бруцэлёз, вібрыёз, трыхаманоз і інш.), якія могуць перадавацца ў выпадку натуральнага асемянення, і некат. формы бясплоддзя. Распрацаваны метады доўгатэрміновага (да некалькіх гадоў) захавання спермы. Ажыццяўляецца Ш.а. праз племпрадпрыемствы (станцыі).

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НГА ПЛАН,

другі рэпарацыйны план для Германіі па выніках 1-й сусв. вайны, распрацаваны міжнар. к-там экспертаў на чале з О.​Юнгам (ЗША), зацверджаны 20.1.1930 на 2-й Гаагскай канферэнцыі 14 краінамі.

У адрозненне ад Даўэса плана Ю.п. вызначаў дакладную суму рэпарацый для Германіі ў 113,9 млрд. марак, штогадовыя плацяжы зніжаны на 20% і складалі па 2 млрд. марак на наступныя 37 гадоў. Паводле Ю.п. змяняўся парадак спагнання рэпарацый. адмянялася сістэма аблігацый, ад плацяжоў вызвалялася герм. прам-сць, рэпарацыі павінны былі выплачвацца з даходаў чыг. транспарту і дзярж. бюджэту. ліквідаваўся кантроль над эканомікай і фінансамі Германіі, не прадугледжваліся санкцыі на выпадак невыканання абавязацельстваў. Адначасова прынята рашэнне датэрмінова вывесці саюзныя войскі з Рэйнскай вобл. ЗША, зацікаўленыя ў рэгулярных плацяжах амер. трымальнікам аблігацый за пазыкі Германіі, прымусілі Вялікабрытанію. Францыю і Італію згадзіцца з адтэрміноўкай рэпарацыйных выплат на год (т.зв. «мараторый Гувера», ад імя прэзідэнта ЗША), які набыў сілу 15.7.1931. Калі тэрмін мараторыя скончыўся. Германія, спасылаючыся на эканам. крызіс, спыніла выплату рэпарацый, і Ю.п. перастаў існаваць (афіцыйна адменены на Лазанскай канферэнцыі 1932). Выкліканы Ю.п. цяжар спрыяў распальванню ў Германіі шавіністычных настрояў напярэдадні прыходу да ўлады фашыстаў (студз. 1933). Крах Ю.п. адкрыў магчымасці для аднаўлення герм. ваен.-прамысл. патэнцыялу.

т. 18, кн. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА ЯДЗЕРНЫХ РЭАКТАРАЎ

Даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў пачаліся ў 1960, калі ў Ін-це энергетыкі АН Беларусі было створана Аддзяленне атамнай энергетыкі (узначаліў А.​К.​Красін). Тэарэт. работы выконваліся ў лабараторыях атамнай энергетыкі (Красін) і фіз. разлікаў (В.​А.​Навумаў), эксперым. — на доследным рэактары ІРТ-1000 (здадзены ў эксплуатацыю ў 1962). У 1965 створаны Ін-т ядз. энергетыкі АН Беларусі (ІЯЭ), дзе былі сканцэнтраваны работы па фізіцы ядз. рэактараў. У ім вяліся доследныя работы па стварэнні новых тыпаў ядз. рэактараў: уран-гідрыдцырконіевага для перасоўнай АЭС «Памір-630 Д», хуткіх газаахаладжальных (N2O4) тыпу БРІГ і БРГ, спецыялізаваных ядз.-хім. рэактараў.

Першы рэактар фіз. магутнасці (крытычны стэнд) «Ружа» створаны ў 1965. На ім праведзены даследаванні аднародных уран-водных сістэм з палівам 10%, 36% і 75% абагачэння па ​235U у шырокім дыяпазоне змяненняў адносін канцэнтрацыі ядзер вадароду і урану-235 (В.​А.​Лявадны, Ю.​І.​Чуркін, А.​І.​Ярашэвіч). Для эксперым. абгрунтавання фізікі рэактара «Памір» на ўсіх стадыях яго праектавання былі створаны рэактары фіз. магутнасці «Эдэльвейс», «Крышталь», на якіх выкананы комплекс даследаванняў «халодных» і «гарачых» UO2—ZrHn — крытычных сістэм з палівам 21%, 36% і 45% абагачэння па ​235U (І.​А.​Едчык, А.​П.​Малыхін, У.​У.​Сапожнікаў, С.​М.​Сікорын, А.​І.​Ярашэвіч). Распрацаваны ці ўдасканалены розныя метады вымярэнняў асн. нейтронна-фіз. параметраў рэактарных сістэм: метад цвёрдых трэкавых дэтэктараў ядзер (І.​У.​Жук, Малыхін), метады аналізу шумоў рэактара (Лявадны, Сапожнікаў), метады неразбуральнага кантролю наяўнасці нейтронна-паглынальных і падзельных матэрыялаў у асн. элементах актыўных зон (Сапожнікаў, Сікорын). Створаны вымяральныя ўстаноўкі для спектраметрыі гама-выпрамянення, размеркавання шчыльнасці дзяленняў у актыўных зонах рэактараў і параметраў кінетыкі рэактараў.

У 1970—80-я г. ў ІЯЭ створаны розныя мадыфікацыі рэактараў фіз. магутнасці БТС-1 — БТС-5 з хуткацеплавымі крытычнымі зборкамі для даследаванняў па фізіцы энергет. хуткіх рэактараў, што ахалоджваюцца дысацыіруючым газам і паравадзяной сумессю (М.​М.​Груша, І.​Р.​Серафімовіч, Чуркін, Ярашэвіч) і крытычны стэнд «Астра» для даследаванняў віхравых рэактараў з мікрацвэламі (Лявадны, С.​У.​Макін). Распрацаваны метады рашэння кінетычнага ўраўнення пераносу нейтронаў і ўліку тэрмалізацыі нейтронаў у Pn-набліжэнні канечна-рознасным метадам (А.​П.​Сямашка, Ю.​К.​Шчокін), удасканалены метады альбеда (В.​П.​Слізоў), імавернасці першых сутыкненняў (А.​І.​Додзь), Монтэ-Карла (С.​Р.​Розін). Праведзены тэарэт. даследаванні па ацэнцы сячэнняў узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі падзельных, сыравінных і канстр. матэрыялаў ва ўсім дыяпазоне энергій нейтронаў рэактарнага спектра (В.​А.​Коньшын, У.​М.​Маслаў, Ю.​У.​Парадзінскі, Я.​Ш.​Сухавіцкі), створаны новыя матэм. мадэлі і праграмы разліку ядз.-фіз. канстантаў. Для дыфузійнага разліку цеплавых ядз. рэактараў з улікам выгарання паліва і ўтварэння прадуктаў дзялення распрацаваны інжынерны разліковы комплекс «Гера» (В.​А.​Навумаў), які пераўтвораны ў комплекс «Кратэр» (Я.​М.​Дунец, Б.​А.​Літвіненка, В.​А.​Навумаў, І.​Я.​Рубін). Для апісання гетэрагенных эфектаў у ячэйках ядз. рэактараў ва ўсёй вобласці энергіі нейтронаў створана 95-групавая дыфузійная праграма «Рытм» (Навумаў, Рубін). Праведзены разліковыя даследаванні фізікі ядз.-хім. рэактараў і шматмэтавых рэактараў для адначасовай выпрацоўкі электраэнергіі, цяпла і радыяцыйна-хім. прадукцыі (Красін, Літвіненка, І.​А.​Савушкін).

У ІЯЭ была створана база для разліковых і эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў розных тыпаў, ін-т стаў адным з буйнейшых цэнтраў па гэтай галіне ў СССР. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і наступнага распаду СССР даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў на Беларусі былі істотна згорнуты. Спынены ўсе эксперым. даследаванні на рэактарах фіз. магутнасці, з якіх выгружаны падзельныя матэрыялы; менш інтэнсіўна вяліся работы па стварэнні новых метадаў фіз. разліку ядз. рэактараў. У наш час, дзякуючы міжнар. грантам, у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» паводле праграмы эксперым. даследаванняў па трансмутацыі доўгажывучых прадуктаў дзялення і малодшых актынідаў вядуцца тэарэт. работы па ўдасканаленні ядз.-фіз. канстантаў у пашыраным дыяпазоне энергій нейтронаў (да 200 МэВ) і разлікова-эксперым. работы па фізіцы падкрытычных сістэм, што кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій. Створана і даследуецца з 1999 цеплавая падкрытычная зборка «Яліна»; ствараецца бустэрная (каскадная), якія кіруюцца генератарам нейтронаў (В.​В.​Бурнос, А.​І.​Кіявіцкая, І.​Р.​Серафімовіч, Ю.​Г.​Фокаў, С.​Я.​Чыгрынаў), што дазволіць праводзіць эксперым. даследаванні ў шырокім дыяпазоне спектра нейтронаў. З 1998 пачаты работы па рэканструкцыі аднаго з рэактараў фіз. магутнасці (С.​І.​Гульнік, С.​Г.​Мандзік, Сікорын), па завяршэнні якіх значна пашырыцца аб’ём эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў.

Літ.:

Определение критических загрузок однородных систем UO2 — ZrH1,89 и UO2 — H2O с топливом 21 % и 36% обогащения по ​235U // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Физика ядерных реакторов. 1991. Вып. 1;

Экспериментальные исследования по физике передвижной АЭС «Памир» // Проблемы использования атомной энергии: Сб. докл. науч. семинара, посвящ. 85-летию акад. А.​К.​Красина. Мн., 1996;

Расчетные возможности программного комплекса КРАТЕР для определения нейтронно-физических характеристик тепловых ядерных реакций // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1996. №1.

А.​І.​Ярашэвіч.

Рэактар фізічнай магутнасці «Крышталь» — поўнамаштабная мадэль рэактара перасоўнай АЭС «Памір-630Д».

т. 18, кн. 2, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛОГІЯ

Асобныя экалагічныя даследаванні на Беларусі вяліся з 1920-х г. Вывучаліся лясная, лугавая і балотная расліннасць у сувязі з якасцямі глеб (У.​У.​Адамаў, І.​Г.​Васількоў, В.​С.​Палянская, Н.​М.​Савіч і інш.), дынаміка і геаграфічнае пашырэнне паляўнічай фауны (У.​У.​Стачынскі, І.​М.​Сяржанін, А.​У.​Фядзюшын). У 1930-я г. экалогія сфарміравалася ў самастойную навук. дысцыпліну.

У НДІ эксперыментальнай батанікі АН Беларусі даследавана і праведзена прыродна-гістарычнае раянаванне тэр. Беларусі (І.​С.​Лупіновіч); дадзена дэталёвая характарыстыка глеб краіны як асноўнага экалагічнага фактара (М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, У.​М.​Пілько, П.​П.​Рагавой), тыпалагічная характарыстыка лясоў (У.​С.​Адзярыха, В.​С.​Гельтман, Дз.​С.​Голад, М.​Ф.​Лоўчы, А.​З.​Цюцюноў, І.​Д.​Юркевіч). Распрацаваны экалагічныя падыходы да інтрадукцыі дрэвавых парод і вылучаны інтрадукцыйныя рэгіёны Беларусі (А.​Ф.​Іваноў, Л.​У.​Краўчанка, Г.​І.​Маргайлік, М.​Дз.​Несцяровіч, А.​У.​Панамарова, Л.​І.​Рахцеенка і інш.). Вывучана экалогія лугавой і балотнай расліннасці (Н.​А.​Буртыс, Е.​А.​Круганава, І.​М.​Сцепановіч). Даследаваны заканамернасці ўзаемаадносін раслін у згуртаваннях (Г.​І.​Калашнікава, І.​А.​Каураў, Л.​А.​Крот, Б.​С.​Мартыновіч, І.​Ф.​Мінько, І.​Н.​Рахцеенка, Б.​І.​Якушаў і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на дынаміку флоры і расліннасці (Н.​Ф.​Казлоўская, Г.​А.​Кім, А.​М.​Маслоўскі, В.​І.​Парфёнаў, Г.​Ф.​Рыкоўскі і інш.), асаблівасці росту і развіцця дрэвавых парод на балотах, шляхі павышэння прадукцыйнасці балотных лясоў (В.​А.​Іпацьеў, Л.​П.​Смаляк). Даследуюцца пытанні індустрыяльнай экалогіі (В.​Р.​Анціпаў, Н.​У.​Гетко, Я.​А.​Сідаровіч, М.​У.​Смольскі, С.​А.​Сяргейчык, К.​Дз.​Чубанаў і інш.).

У Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі даследаваны асобныя пытанні экалогіі жывёл: пашырэнне найб. важных груп жывёл у сувязі з умовамі асяроддзя, акліматызацыя каштоўных прамысловых жывёл, складаныя фауністычныя комплексы, пытанні аховы, аднаўлення і рэканструкцыі жывёльнага свету Беларусі (І.​Ц.​Арзамасаў, М.​С.​Долбік, П.​Р.​Козла, М.​Я.​Нікіфараў, М.​М.​Пікулік, А.​Я.​Пленін, Л.​М.​Сушчэня, І.​М.​Сяржанін і інш.).

Асаблівая ўвага звяртаецца на вывучэнне праблем, звязаных з радыеактыўным забруджваннем раслін і глеб прыродных фітацэнозаў у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Вывучаны маштабы радыеактыўнага забруджвання, заканамернасці акумуляцыі і міграцыі радыенуклідаў; распрацаваны прагноз уздзеяння радыеактыўных выкідаў на расліннасць. Рэкамендацыі па выкарыстанні расл. рэсурсаў зон радыеактыўнага забруджвання даны ў працах А.​І.​Забалотнага, С.​А.​Дзмітрыевай, Б.​С.​Мартыновіча, В.​І.​Парфёнава, Б.​І.​Якушава і інш. (Ін-т эксперыментальнай батанікі Нац. АН Беларусі), У.​Ф.​Багінскага, І.​М.​Булавіна, В.​А.​Іпацьева (Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і інш. Праводзяцца даследаванні па экалогіі прыродных радыеактыўных ізатопаў калію-40 і урану-238 (Ж.​М.​Анісава, М.​М.​Карсека, Б.​І.​Якушаў).

Створаны ў 1990 Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вырашае комплекс задач па выпрацоўцы біясферна сумяшчальнай тактыкі прыродакарыстання ў сучасных умовах. Вывучана класіфікацыя біясферных функцый балотных экасістэм (М.​М.​Бамбалаў, В.​А.​Раковіч). Праведзена ацэнка эмісіі і сцёку вуглякіслага газу ў атмасферу рознымі экасістэмамі (В.​В.​Каляда, У.​Ф.​Логінаў, Р.​І.​Сачок), уздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (С.​В.​Какарэка, Т.​І.​Кухарчык). Вывучаны ўдзельныя выкіды розных вытворчасцей і трансгранічны перанос забруджвальнікаў (С.​В.​Какарэка, Т.​І.​Кухарчык, В.​С.​Хоміч), заканамернасці змянення кліматычных умоў краіны пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў (Г.​П.​Кузняцоў, І.​Р.​Логінаў, У.​С.​Мікуцкі). Праведзена ацэнка адаптацыі шэрагу галін эканомікі да змен параметраў клімату. Вывучаны заканамернасці размеркавання цяжкіх металаў у розных відах элементарных ландшафтных адзінак (Л.​І.​Васільева, В.​Б.​Кадацкі, І.​П.​Самсоненка). Распрацоўваюцца пытанні экалогіі гарадоў і экалагічнай сістэмы «горад—прыгарад» (М.​І.​Струк, В.​С.​Хоміч), ствараецца праектная база для развіцця новых гарадскіх комплексаў. Сумесна з ін-тамі Нац. АН Беларусі, мін-вамі прыродных рэсурсаў і эканомікі распрацаваны прагноз змен навакольнага асяроддзя ў Беларусі на 2010—2020 (У.​Ф.​Логінаў, М.​І.​Струк).

Праблемы экалогіі даследуюцца таксама ў БДУ, Бел. тэхналагічным універсітэце, запаведніках і інш.

Літ.:

Сущеня Л.М., Пикулик М.М. Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990;

Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси в связи с аварией на Чернобыльской АЭС. Мн., 1995;

Ипатьев В.А., Багинский В.Ф. и др. Лес. Человек. Чернобыль. Гомель, 1999;

Логинов В.Ф., Калинин М.Ю., Иконников В.Ф. Современное антропогенное воздействие на водные ресурсы. Мн., 2000;

Природная среда Беларуси. Мн., 2002;

Какарека С.В., Кухарчик Т.И., Хомич В.С. Стойкие органические загрязнители: источники и оценка выбросов. Мн., 2003;

Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.

Б.​І.​Якушаў, Л.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 2, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБЛЕМЫ ЭНЕРГЕТЫКІ

Даследаванні па энергетыцы на Беларусі пачаліся ў пасляваенны час, калі інтэнсіўны працэс індустрыялізацыі краіны запатрабаваў шматразовага павелічэння спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў. У створаным (1950) Энергет. сектары і Ін-це торфу АН Беларусі праводзіліся работы па тэхналогіях здабычы і спальвання фрэзернага торфу ў энергаўстаноўках, у Ін-це геал. даследаванняў — па выяўленні на тэр. Беларусі радовішчаў нафты і газу, гідрарэсурсаў. У АН Беларусі былі ўтвораны ін-ты энергетыкі (1952, з 1963 — цепла- і масаабмену), ядз. энергетыкі (1965), праблем энергетыкі (1991).

У наш час даследаванні ў гэтай галіне праводзяцца ў Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» (АІЭЯД), Ін-це цепла- і масаабмену (ІЦМА), Ін-це энергетыкі аграпрамысл. комплексу Нац. АН Беларусі, галіновых ін-тах — Бел. цеплаэнергетычным ін-це (БелЦЭІ), Бел. н.-д. і праектным ін-це энергетыкі прам-сці, Белэнергасеткапраект; БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел. тэхнал. ун-це і інш. ВНУ краіны.

У галіне энергапланавання распрацаваны (АІЭЯД, ІЦМА, БелЦЭІ) і ўхвалены СМ Рэспублікі Беларусь: Энергет. праграма (1992), Асн. кірункі энергет. палітыкі Беларусі (1995, удакладнены ў 2000 і 2004), Рэсп. праграмы «Энергазберажэнне» 1995—2000, 2001—05 (Ф.​І.​Малочка, А.​Р.​Мартыненка, А.​А.​Міхалевіч, А.​П.​Якушаў і інш.). У галіне стварэння новых энергатэхналогій распрацаваны і ўкаранёны (больш за 200 адзінак) высокаэфектыўныя аўтаматызаваныя катлы магутнасцю ад 0,25 да 3 МВт для лакальнага энергазабеспячэння (В.​А.​Барадуля, С.​М.​Добкін); аэрадынамічны завіхральнік градзірань электрастанцый, што ўстаноўлены на Мінскай ТЭЦ-4 (А.​Д.​Саладухін); інфрачырвоныя гарэлкі для катлоў і электранагравальных прылад (С.​А.​Жданок). Распрацавана метадалогія кіравання патокамі актыўнай магутнасці ў замкнёных эл. сетках Бел. энергасістэмы (Я.​В.​Мышкавец, У.​Р.​Пякеліс). У галіне энергазберажэння ў АІЭЯД створаны ўстаноўкі для утылізацыі цяпла і ачысткі ад шкодных прымесей скідных высокатэмпературных газаў прадпрыемстваў хім., шкляной, хлебапякарнай прам-сці, што ўкаранёны на ВА «Палімір» (г. Наваполацк), Лідскім з-дзе «Лакафарба», Барысаўскім хрусталёвым з-дзе, Гомельскім хлебакамбінаце і інш. (Л.​І.​Калыхан, Ю.​У.​Клімянкоў, В.​Л.​Малевіч); аўтаматызаваныя сістэмы праменнага лакальнага абагравання для бальніц і прамысл. прадпрыемстваў (В.​П.​Колас і інш.). У БелЦЭІ распрацавана і ўкаранёна на шэрагу аб’ектаў сістэма комплекснай аўтаматызацыі энергаўліку на кацельных і прамысл. прадпрыемствах (А.​Л.​Гуртоўцаў). Створана першая ў свеце ветраўстаноўка ротарнага тыпу магутнасцю 250 кВт (П.​А.​Віцязь, У.​А.​Пашкоў і інш.), даследаваны магчымасці выкарыстання сонечнай энергіі для награвання вады (Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў, В.​В.​Кузьміч, Л.​У.​Новаш), зроблена ацэнка геатэрмальнага патэнцыялу краіны (Я.​Г.​Грыбік, У.​І.​Зуй). У галіне метралогіі ўпершыню на Беларусі створаны (АІЭЯД) Нац. эталон вымярэння колькасці цеплаты і расходу вады (Л.​І.​Калыхан, Ю.​У.​Клімянкоў, В.​А.​Некрашэвіч). У галіне ядз. энергетыкі выкананы комплекс работ па абгрунтаванні развіцця гэтага кірунку на Беларусі.

Літ.:

Наука — энергетике: Сб. науч. трудов. [Вып. 1—2]. Мн., 1999—2001;

Аграрная энергетика в ХХІ-м в. Мн., 2001;

Михалевич А.А. Энергетика и энергосбережение // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002.

А.​А.​Міхалевіч.

Ветраэнергетычная ўстаноўка ротарнага тыпу магутнасцю 250 кВт.

т. 18, кн. 2, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЛЕСАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад агра... + лес + меліярацыя),

тэорыя і практыка правядзення лесаводчых (у спалучэнні з агранамічнымі і інж.) мерапрыемстваў па прадухіленні неспрыяльнага для с.-г. вытв-сці дзеяння прыродных фактараў. Асн. мэта агралесамеліярацыі — стварэнне ахоўных лесанасаджэнняў, якія прадухіляюць або памяншаюць эрозію глебы, замацоўваюць яры, схілы, пяскі, выконваюць ветраахоўную і снегазатрымальную функцыі, паляпшаюць мікраклімат, павышаюць вільготнасць глебы. У значных маштабах ахоўным лесаразвядзеннем займаюцца ў многіх краінах б. СССР і свету (ЗША, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Канада, Балгарыя, Венгрыя і інш.). На Беларусі яно ажыццяўляецца ў складзе мерапрыемстваў па меліярацыі зямель.

Навук. асновы агралесамеліярацыі ў Расіі закладзены працамі В.​В.​Дакучаева, А.​І.​Ваейкава, Г.​М.​Высоцкага ў канцы 19 ст. У распрацоўку агралесамеліярац. мерапрыемстваў вял. ўклад зрабілі рус. і бел. вучоныя-лесаводы Г.​Ф.​Марозаў, М.​С.​Несцераў, М.​І.​Сус, А.​С.​Казменка, А.​Р.​Мядзведзеў, І.​К.​Якушэнка, А.​І.​Саўчанка, В.​К.​Паджараў і інш.

Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1950-я г., вядуцца ў Ін-це лесу АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства. Распрацаваны спосабы аблясення пяскоў, стварэння полеахоўных лясных палос на асушаных тарфяніках, лясных палос на схілах, разараных пясках і супесках, аблясення яроў, агратэхн. прыёмаў барацьбы з эрозіяй.

Літ.:

Агролесомелиорация. 3 изд. М., 1966;

Орловский В.Б., Поджаров В.К., Воробьёв В.Н. Защитное лесоразведение в Белоруссии: (Справ. пособие). Мн., 1980.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)