энерге́тыка

(гр. energetikos = які датычыць энергіі)

1) навука, якая вывучае працэсы вытворчасці, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання розных відаў энергіі (напр. ядзерная э.);

2) галіна эканомікі, якая займаецца практычным выкарыстаннем гэтых працэсаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

касмахі́мія

(ад космас + хімія)

навука, якая вывучае хімічны састаў касмічных цел і акаляючай іх прасторы, а таксама хімічныя працэсы, што працякаюць у космасе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нейрагумара́льны

(ад нейра- + гумаральны)

звязаны з сумесным уздзеяннем нервовай сістэмы і гумаральных фактараў на органы, тканкі і фізіялагічныя працэсы (напр. н-ая рэгуляцыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДХА́РКВАЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

прыродныя або штучна сінтэзаваныя лекавыя сродкі, якія разрэджваюць макроту, паляпшаючы яе выдаленне, павышаюць актыўнасць слізістай бронхаў, паляпшаюць газаабмен, аслабляюць запаленчыя працэсы. Ужываюць пры вострых рэспіраторных захворваннях, хранічных бранхітах, запаленні лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробе і інш. Найб. моцныя з іх: адвары і настоі каранёў алтэю, дзівасілу, падбелу, трыпутніку, травы тэрмопсісу, браміды натрыю і калію. Да адхарквальных сродкаў, якія разрэджваюць макроту, адносяцца ферментныя (трыпсіл, рыбануклеаза) і атрыманыя шляхам хім. сінтэзу (ацэтылцыстэіл, бромгексін).

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́Ў,

схіл рачной даліны, берагоў мора, ракі, возера, вадасховішча, яра стромкасцю больш за 55°, вышынёй (глыб.) ад некалькіх да дзесяткаў метраў. На фарміраванне абрыву ўплываюць тэктанічныя рухі, працэсы абразіі (кліф), эрозіі (рачныя тэрасы) і інш. Пры замаруджванні ці спыненні гэтых працэсаў абрыў траціць стромкасць і паступова ператвараецца ў пакаты схіл. На Беларусі абрывы часцей бываюць на сугліністых і лёсападобных грунтах, радзей на месцах знаходжання былых вял. прыледавіковых азёраў.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ў біялогіі,

працэс разбурэння мёртвага арган. рэчыва (рэшткаў адмерлых арганізмаў) да больш-менш простых неарган. злучэнняў. Ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці рэдуцэнтаў (дэструктараў), у першую чаргу бактэрый і грыбоў, а часткова і як вынік стрававання і экскрэцыі жывёл (кансументаў). У найб. буйным маштабе працэсы Д. ў наземных экасістэмах адбываюцца ў глебе (разбураецца да 90% першаснай прадукцыі арган. рэчыва). Прадукты Д. — неарган. рэчывы — потым зноў выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі.

В.​В.​Грычык.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРНЕФРО́МА (ад гіпер... + нефр... + ...ома),

гіпернефроідны рак, пухліна Гравіца, злаякасная пухліна ныркі, што развіваецца з клетак кары наднырачнікаў ці з эпітэлію нырачных канальцаў. Апісана ням. патолагам П.​А.​Гравіцам у 1883. Найчасцей бывае ў мужчын. Прычына хваробы невядомая (магчыма, запаленчыя працэсы, траўмы, радыеактыўныя рэчывы). Прыкметы гіпернефромы на ранняй стадыі (т. наз. «малыя» сімптомы): умераныя болі ў паясніцы і ў падрабрынні, павышаны артэрыяльны ціск, мікрагематурыя, пратэінурыя, поліцытэмія. Лячэнне хірургічнае.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ МАРСКА́Я,

навука аб складзе, будове і геал. гісторыі часткі Зямлі, пакрытай водамі Сусв. акіяна. Даследуе працэсы і паслядоўнасць утварэння асадкаў і парод, якія складаюць паверхню і нетры марскога і акіянскага дна, а таксама прымеркаваныя да іх карысныя выкапні. Выкарыстоўвае даследаванні і інструментальныя вымярэнні з дапамогай геафіз. апаратуры, падводнага свідравання і вадалазных работ са спец. абсталяваных суднаў, буравых платформаў і інш., таксама метады даследаванняў і вымярэнняў, якія прымяняюцца на сушы.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАБАЛІ́ТЫ,

рэчывы, якія ўтвараюцца ў клетках, тканках і органах раслін, жывёл і чалавека ў выніку біяхім. рэакцый у працэсах абмену рэчываў. Утвараюцца пры ўдзеле спецыфічных ферментаў. Удзельнічаюць у працэсах анабалізму і катабалізму. У фізіялогіі і медыцыне да М. звычайна адносяць прадукты ўнутрыклетачнага абмену, падлеглыя канчатковаму разбурэнню і выдаленню з арганізма. Большасць М., якія паступаюць у кроў, удзельнічаюць у гумаральнай рэгуляцыі функцый, ажыццяўляюць уплыў на біяхім. і фізіял. працэсы.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАБА́ЗА,

комплекс збудаванняў, абсталявання і прыстасаванняў для прыёму, захоўвання і размеркавання нафты і нафтапрадуктаў. Бываюць перавалачныя (для перагрузкі нафты з аднаго віду транспарту на другі), прызаводскія (для захоўвання і падрыхтоўкі сыравіны да перапрацоўкі, для прыёму, захоўвання і водпуску гатовых нафтапрадуктаў), размеркавальныя (забяспечваюць прадпрыемствы нафтапрадуктамі, адпускаюць іх спажыўцам). Размеркавальныя Н. падзяляюцца на абласныя і раённыя, чыгуначныя, водна-чыгуначныя, водныя, трубаправодныя і глыбінныя. Многія Н. выконваюць змешаныя функцыі. Асн. тэхнал. працэсы аўтаматызаваныя.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)